Ірына Мышкавец: «Першае, што пачала чытаць па-за межамі школьнай праграмы, — Святлана Алексіевіч»
«Салідарнасць» пагутарыла з аўтаркай ідэі новай беларускай бібліятэкі ў Вільні пра тое, ці да чытання беларусам у эміграцыі і як мова з літаратурай робяцца часткай грамадзянскай пазіцыі.
Са студзеня 2024 года пры Цэнтры беларускай супольнасці і культуры ш Вільні працуе абноўленая бібліятэка — «Чытальня». Акрамя традыцыйных шафаў з кнігамі ў яе ёсць уласны сайт, электронны каталог з магчымасцю замовы і чытацкі клуб, дзе абмяркоўваюць сучасных аўтараў — беларускіх ці перакладзеных на беларускую мову.
Але галоўная адметнасць у тым, што «Чытальня» створаная ў межах праекту па самакіраванні за грошы, сабраныя беларускай дыяспарай у Літве і беларусамі свету, якія падтрымалі ідэю.
Пра тое, наколькі доўгім быў шлях ад ідэі да рэалізацыі, як мова і літаратура сталі часткай грамадзянскай пазіцыі і што далей, «Салідарнасць» пагутарыла з аўтаркай ідэі Ірынай Мышкавец.
— Спачатку я даведалася аб тым, што можна адлічыць пэўную частку сваіх падаткаў на падтрымку беларускіх ініцыятыў, — распавядае Ірына. — Мне вельмі падабалася, што рабіў Павел Лібер і ўся каманда платформы «Новая Беларусь», каб аб’яднаць беларусаў, нягледзячы на тое, дзе кожны з нас знаходзіцца.
А потым высветлілася, што кожны данатар аўтаматычна ўключаецца ў праграму самакіравання. І мне прыйшло паведамленне, маўляў, вы з’яўляецеся часткай пілотнага праекту. Але ёсць жа такое, што ў беларусаў, якія з’ехалі, ёсць пэўная стомленасць, адаптацыя ў новай краіне, наладжванне жыцця займаюць шмат часу і сіл і многім не да варушняка. То і я не мела столькі энергіі, каб укладацца ў распрацоўку новых ідэй, а потым неяк падумалася пра бібліятэку.
Ірына ў Беларусі была часткай КОТОС (орган тэрытарыяльнага самакіравання), для яе грамадская актыўнасць — нармалёвая, звыклая частка жыцця.
Часам ты больш траціш рэсурсаў, каб распавесці людзям: нейкія маленькія справы, як, напрыклад, пасадка дрэваў, — гэта карысна. Шмат хто лічыць, што ўсе высілкі сёння трэба выдаткоўваць на падтрымку пратэстаў.
Але дэмакратыя — гэта ж не толькі пра пратэст, гэта мноства працэсаў, якія мы павінны навучыцца рабіць. Нават адлічваць адсоткі падатку, калі ты сам вырашаеш, куды пойдуць твае грошы.
Ад Купалы да «Новай Беларусі»
У 2023 годзе, паводле галасавання супольнасці, бібліятэка перамагла сярод іншых ініцыятыў. Бюджэт, праўда, быў лімітаваны — €1800 еўра, але аўтарка палічыла, што лепш невялічкая палічка кніжак, але гэта будзе канкрэтная карысная справа з бачным вынікам. У выніку дыяспарай сабралі ў сем разоў болей, €13 тысяч. І трэба было хутка распрацаваць план, на што пойдуць гэтыя сродкі, каб пілотны праект апраўдаў чаканні.
Калектыўным розумам вырашылі абагуліць бібліятэку ў музеі Луцкевіча, чытацкі клуб, а таксама віртуальны каталог, дзе можна прагледзець і замовіць кнігі загадзя (а некаторыя і набыць).
Павел Лібер далучыўся ў якасці валанцёра — ягоная каманда падказала, якую сістэму лепш выкарыстоўваць для ўліку кніг, набылі ліцэнзію, «дапілавалі» рашэнне для патрэба бібліятэкі, а таксама распрацавала сайт «Чытальні».
Назву таксама абіралі галасаваннем беларусаў — з 60 варыянтаў абралі крыху менш за дзясятак, а з іх менавіта «Чытальня» ўзяла найбольш падабаек. Атрымалася нават сімвалічна: 120 год таму першая беларуская бібліятэка ў Вільні мела назву «бібліятэка-чытальня «Веды». Дарэчы, яе чытачом і нават супрацоўнікам нейкі час быў Янка Купала — а ў сучаснай «Чытальні» нямала ўжо ягоных твораў.
— За тры месяцы атрымалася нямала: больш як 150 чытачоў, больш як 1500 кніг ужо ў каталозе, звыш сотні кніжных навінак, набытых за данаты беларусаў…
— Мы лічылі, што кнігі будуць вельмі хутка дадавацца, але атрымалася не так — бібліятэкар мае вельмі шмат абавязкаў і няшмат часу, каб займацца непасрэдна каталогам. Наша біблітэкарка Таццяна Ігнацьева вядзе сацсеткі, прымае запыты ад чытачоў па набыццю кніжак, а таксама замовы на браніраванне. Апрацоўваць архіў дапамагаюць валанцёры; прапрацоўвае рашэнне, як можна далучыць больш людзей да працэсу.
У апісанні кніг адна з самых вялікіх складанасцяў аказалася — вылічыць, да якой катэгорыі кніга належыць. Калі дзіцячая літаратура, ці вершы, то гэта проста, а калі нейкае старое выданне, то часам трэба нават пачытаць, пагартаць кніжку, каб зразумець, які тэг паставіць.
Магчыма, мы створым катэгорыю « патрэбна_дапамога», а пасля самі карыстальнікі падкажуць, каб была такая калектыўная праца па паляпшэнні праекту.
— «Мы» — гэта вы і Таццяна, ці стала ў камандзе ёсць яшчэ людзі?
— Бібліятэкар і адміністратар чытацкага клуба — гэта працоўныя месцы, якія аплочваюцца. Таццяна выконвае абавязкі і бібліятэкаркі, і адміністратаркі. А ўсе астатнія працуюць як валанцёры.
Калі бачым тэхнічныя дэфекты, якія замінаюць працаваць — звяртаемся да каманды Пашы Лібера, калі варта нешта палепшыць у дызайне — таксама ёсць валанцёр, які дапамагае гэта рабіць.
— Ці супрацоўнічаеце з беларускімі выдавецтвамі, каб замаўляць у іх новыя кнігі?
— Не тое каб шчыльна з імі працуем. Аліна Коўшык, калі прыязджала на адкрыццё «Чытальні», казала, што на ўзроўні Офісу яны могуць паспрабаваць дамовіцца з некаторымі выдавецтвамі, каб асобнікі кніжных навінак пакідаць у бібліятэцы. Але мы не выкарыстоўваем такія стасункі, каб закупляць усю новую літаратуру — глядзім перадусім, на што ёсць запыт чытачоў.
Вось, напрыканцы мінулага года bellit.info апублікаваў спіс лепшых беларускіх кніг, якія выйшлі цягам года, мы прапанавалі чытачам адзначыць самае цікавае для іх.
Таксама добры сігнал для нас — калі нейкая кніга стала пераможцам, скажам, прэміі Ежы Гедройца, значыць, варта і нам яе закупіць. На нядаўняй прэзентацыі кніжных навінак Янушкевіча закупілі тое, што яны прывезлі, бо там акурат сучасная літаратура.
Таксама цікавая супраца, напрыклад, з рэдактарам і перакладчыкам Сяргеем Шупам, бо гэта добрыя магчымасці для інтэграцыі. Мы можам паказаць літоўцам, чытаючы іхных аўтараў у перакладзе, што яны нам цікавыя, і прапанаваць далучыцца да клуба.
А навінка Шупы, «Зэлмэняне» Мойшэ Кульбака — гэта дэманстрацыя, што ў нас ёсць агульнае: літоўцы лічаць Кулбака літоўскім аўтарам, бо ён жыў, выкладаў, пісаў у Літве, а беларусы — беларускім, бо ў ягоных творах ёсць апісанні Мінска.
«Нярэдка чуеш негатыў, што беларусы мала размаўляюць па-беларуску. А ў гэтага ёсць падставы»
— Анлайн- і афлайн-сустрэчы чытацкага клубу — гэта каб лепш зразумець саміх сябе? Абмеркаванне анталогіі беларускай гей-літаратуры «Мальцы выходзяць з-пад кантролю»— крок, так скажам, досыць рызыкоўны.
— Я раней удзельнічала ў некалькіх чытацкіх клубах, але не хапала суполкі, якая б чытала менавіта беларускае і абмяркоўвала гэтыя кнігі. Зараз у існуючых клубах беларускія пісьменнікі зьяўляюцца 1-2 разы на год.
У нашым клубе адбылося ўжо чатыры сустрэчы. З Настай Кудасавай (акурат тады прайшоў паэтычны фэст «Вершы на асфальце», а Наста раней была яго пераможцай, і мы абмяркоўвалі, як ствараюцца вершы і як сёння падтрымліваць літаратуру ўнутры і звонку Беларусі).
Потым з Алінай Нагорнай сустрэча, прымеркаваная да Дня роднай мовы. Гэта зачапіла многіх людзей, была досыць гарачая дыскусія, як зніжаць дыскрымінацыю беларускай мовы, як яе падтрымліваць. На маю думку, варта было б перакласці кнігу «Мова 404» на літоўскую — зноў жа, дзеля разумення імі нашай сітуацыі.
Нярэдка чуеш негатыў, што беларусы мала размаўляюць па-беларуску. А ў гэтага ёсць падставы, і трэба не тое каб паскардзіцца, маўляў, пашкадуйце нас — але распавесці, чаму так сталася. Магчыма, калі распавядзем пра сітуацыю з беларускай мовай, будзе лягчэй прасоўваць такія ініцыятывы, як адкрыццё ў Вільні новых беларускамоўных класаў.
Для мяне стала адкрыццём Зараслава Камінская, чые творы абмяркоўвалі на трэцяй сустрэчы. У аўтаркі цудоўныя кнігі, і дэбютная «Русалкі клічуць», і «Калядны стол», кніга-прызёр прэміі Ежы Гедройца ў 2020-м, і «Па-той-бок. Старыя лялькі, новыя гульні». Тут і фэнтэзі, і містыка, і беларускі культурны код, — надзвычай захапляльна.
І так, чацвёртая, правакацыйная сустрэча — з Уладзіславам Гарбацкім, які сабраў анталогію драматургіі, паэзіі, прозы, дзе згадваецца гей-тэматыка. У нас гэтая тэма дагэтуль дыскрымінаваная, табуяваная, і таму таксама важна і цікава яе ўздымаць.
Плануем неўзабаве чытаць і абмяркоўваць кнігу Вольгі Шпарагі «У рэвалюцыі жаночае аблічча. Выпадак Беларусі» — гэта ўжо зусім іншы жанр, але таксама актуальная і балючая для нас тэма.
Жыўцом на сустрэчы чытацкага клуба ходзіць няшмат людзей, расказвае Ірына, — ад 6 да 9 чалавек. Аднак многія, хто не мае часу на івенты, проста замаўляюць кнігі пачытаць, дзеляцца сваімі асобнікамі, абменьваюцца кнігамі ў праекце «Мне не шкада» — таму нельга сказаць, што беларусам у эміграцыі зусім не да літаратуры.
«Перш чым рухацца далей, ацэньваем, ці ёсць у людзей жаданне ўкладацца ў праект»
— Пакуль справа ідзе не так шпарка і актыўна, як хацелася б, таму трэба думаць, як матываваць людзей, — прызнаецца суразмоўніца. — Бо ёсць жа такі анекдот, як сабраліся тры беларусы і вырашылі адчыніць фірму, а па выніку стварылі чатыры: адну агульную і кожны сваю. Вось па гэтым шляху не хочацца ісці, хочацца згуртавання і супрацы.
Прыкладам, у планах — кааперацыя з рознымі беларускімі суполкамі і месцамі, куды мы можам перадаць пэўную колькасць кніг, на якіх будуць налепкі з QR-кодам і згадкай пра «Чытальню», што гэта бібліятэка, створаная на ахвяраванні беларусаў, калі хочаце даведацца больш — пераходзьце да нас па спасылцы.
Ужо рыхтуем кнігі, якія адправім па чатырох адрэсах: прытулак для беларускіх уцекачоў «Замак», фонд дапамогі «Разам», ініцыятыва АБФ і «Карчма 1863».
Таксама хочам неяк пачаць камунікаваць з літоўскімі бібліятэкамі. Але перш чым рухацца далей, кожны раз ацэньваем, ці ёсць у людзей жаданне, каб укладацца ў праект — грашыма, рэсурсамі, часам. Бо калі беларусы будуць далучацца і падтрымліваць, то супольна мы зможам нашмат больш, а калі ідэя будзе развівацца не так шпарка, то трэба засяродзіцца ўласна на бібліятэцы ў Цэнтры беларускай супольнасці і культуры, каб захоўваць і пашыраць яе для большай колькасці чытачоў.
— Калі беларусы ў іншых краінах, дзе пакуль няма беларускіх бібліятэк, даведаюцца пра «Чытальню» і захочуць стварыць нешта падобнае ў сябе — на якія моманты варта звярнуць увагу, можа, ёсць лайфхакі, як паскорыць і палегчыць гэты працэс?
— Нешта канкрэтнае раіць складана, бо ўсё залежыць ад таго, з чаго пачынаюць. Калі ў вас ёсць ужо існуючая бібліятэка, як у нашым выпадку, будзе крыху лягчэй, калі з нуля — больш складана.
Пра што абавязкова трэба памятаць — пра ўлік. Проста паставіць кнігі на паліцу дастаткова, калі іх мала, скажам, гаворка пра прыватную бібліятэку. Трэба пазначаць, каму і што выдавалася, калі чалавек мусіць вярнуць кнігу, якія ўмовы і г.д.
Па досведзе іншых бібліятэк — неабходны анлайн-каталог. І тут можна дзяліцца досведам, як яго зладзіць. Калі мы набывалі ліцэнзію для сістэмы ўліку, думалі: калі з’явяцца новыя бібліятэкі, можна было б выкарыстоўваць нашы напрацоўкі, дакупляць ліцэнзіі, уносіць кнігі ў базу. А ў будучыні, магчыма, злучыць іх у агульную сістэму, каб беларус, якія прыязджае ў нейкую краіну, мог паглядзець, а што тут ёсць у бібліятэцы, і ўзяць пачытаць. Прынамсі, у мяне гэта мара.
З ахвотнымі можна падзяліцца нейкімі кнігамі, калі маеце шмат асобнікаў — мы абмяркоўвалі, напрыклад, з суполкай беларусаў у Коўна гэтае пытанне.
І, безумоўна, зваротная сувязь. Каб не стварыць бібліятэку дзеля бібліятэкі, а разумець, што мы робім і навошта. Так, бібліятэка Скарыны ў Лондане збірае і захоўвае ўсё беларускае, таму ў іх, падаецца, ёсць дамоўленасць з выдавецтвамі і яны атрымліваюць асобнікі ўсіх новых кніг.
Мы знаходзімся ў музеі Луцкевіча, дзе ёсць беларуская школка, шмат дзяцей, таму адна з патрэб чытачоў — дзіцячыя і падлеткавыя кнігі на беларускай мове, з малюнкамі, з цікавай паліграфіяй.
— Дарэчы, пра зваротную сувязь. Што кажуць наведнікі «Чытальні»?
— Вельмі шмат дзякуюць за прасоўванне беларускіх кніг. Нямала кніг прыносяць — аўтары, выдавецтвы, самі чытачы.
Прыходзяць і з прапановамі, як палепшыць нашу працу. Падчас розных імпрэз нараджаюцца нейкія новыя ідэі супрацы — напрыклад, ладзіць мерапрыемствы разам з украінцамі, чытаць пераклады на беларускую і ўкраінскую.
Словам, ідэй і прапаноў хапае — трэба больш людзей і рэсурсаў, нават не грошай, а менавіта часу і высілкаў людзей.
«Трэба знайсці «сваю» кнігу, з якой было б цікава зайсці ў беларускую літаратуру»
— Ведаю, што свядомае выкарыстанне беларускай мовы ў вашым жыцці пачалося пасля 2020 года.
— За ўсё ранейшае жыццё я сустракалася з беларускай толькі на ўроках беларускай мовы і літаратуры. Ні ва ўніверсітэце, ні на працы беларускай я не чула. І толькі ў 2020-м, калі пачаўся агульны ўздым, пабачыла, як многа людзей свядома размаўляюць па-беларуску. Калі была на «сутках», то блізка стасавалася з беларускамоўнымі беларусамі — разумнымі, адукаванымі, выбітнымі людзьмі. І я зразумела, што размаўляць па-беларуску — не тое што мірная, але адносна бяспечная форма пратэсту супраць рэжыму, выказвання сваёй пазіцыі і трансляцыі, што ты хочаш нешта змяніць у краіне.
Быў нават своеасаблівы чэлендж, ці здолею я прачытаць кнігу Сяргея Пясецкага «Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі» на беларускай мове праз 20 год пасля школы. Здолела, але зразумела, што размаўляць не атрымоўваецца, таму з 2021-га пачала чытаць белліт.
Размаўляць спачатку было цяжкавата, але калі пераехала ў Вільню, атрымалася нават лягчэй — тут вельмі шмат свядомых людзей, суполак і ініцыятыў, якія падтрымліваюць беларускамоўны асяродак.
Падаецца, што ў Мінску я жыла ў пэўнай бурбалцы, бо не бачыла там такой колькасці беларускамоўных тэатральных пастановак, літаратараў, стэндапераў — а тут колькасць і свабода ўжывання беларускай нашмат большая.
— Якую кніжку перачыталі першай і што параілі б прачытаць кожнаму беларусу?
— Калі згадваю свой досвед, — першае, што пачала чытаць па-за межамі школьнай праграмы, гэта была Святлана Алексіевіч. На ўроку нам зачытвалі частку з «Чарнобыльскай малітвы», і я была настолькі ўражаная, што пайшла ў бібліятэку і перачытала ўсе кнігі Алексіевіч, што там былі.
У 2021 годзе для мяне быў адкрыццём Валер Гапееў. У яго вельмі лёгкая мова, ёсць і дзіцячае, і падлеткавае, пра першае каханне, пра школу і стасункі, і дарослае, я ў асноўным чытала фэнтэзі. Шыкоўная ў яго дзіцячая кніжка «Сонечная паляна» — пра сяброўства, але не зусім і не толькі для дзяцей.
Таксама вельмі спадабалася Зараслава Камінская, «Русалкі клічуць», у якой вельмі шмат згадваецца беларускага — ці то гэта наша мастачка Алена Кіш, ці то міфалагічныя героі, ці традыцыі. Гэта той выпадак, калі ты сустракаеш нешта мала для сябе вядомае, але настолькі цікавае, што ідзеш гугліць, каб даведацца больш.
Я, шчыра кажучы, чытач з не вельмі вялікім досведам чытання беларускай літаратуры, таму не згадваю ані Марціновіча ці Бахарэвіча, ані класікаў. Мабыць, кожнаму пачаткоўцу трэба знайсці «сваю» кнігу, з якой было б цікава зайсці ў беларускую літаратуру і каб хацелася чытаць далей.