Политика
Ілля Горын

Ігара Рынкевіча выклікалі на допыт па справе выбуха ў Мінску

Міліцыя працягвае выклікаць у свае кабінеты прадстаўнікоў апазіцыі па падазрэнні ў датычнасці да “ліпеньскага” выбуху ў Мінску. Напрыканцы мінулага тыдня са следчымі размаўляў старшыня Беларускага прафсоюза працоўнікаў радыёэлектроннай прамысловасці Генадзь Фядыніч. 25 жніўня ў Завадскі РУУС быў выкліканы каардынатар грамадскай камісіі па раследванні гэтага злачынства Ігар Рынкевіч.

Як паведаляе ”Радыё Рацыя”, 25 жніўня раніцай сябра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), каардынатара грамадскай камісіі па расследванні выбуха ў Мінску Ігара Рынкевіча выклікалі па тэлефоне на 14.30 ў Завадскі РУУС сталіцы. Палітыку прапанавалі прыйсці, каб даць тлумачэнні па справе выбуху, які адбыўся ў Мінску ў ноч з 3 на 4 ліпеня. А разам з тым і ўзяць у яго адбіткі пальцаў і ўзор сліны на аналіз ДНК.

Сам Ігар Рынкевіч, кажа, што нічога не можа патлумачыць следчаму, бо ніякага дачынення да гэтага злачынства не мае. Таму падчас размовы Рынкевіч будзе звяртацца да 27-га артыкулу Канстытуцыі, згодна з якім ніхто не можа прымусіць чалавека даваць паказанні супраць самога сабе. Палітык адзначае, што відавочна бачная тэндэнцыя, што па гэтай справе галоўнымі падазраванымі з’яўляюцца прадстаўнікі апазіцыі:

— Можна канстатаваць, што за два месяцы, якія прайшлі пасля выбуху, у органаў крымінальнага вышуку нічога няма, акрамя жадання замазаць чорнымі фарбамі прадстаўнікоў апазіцыі, якія змагаюцца з аўтарытарным рэжымам.

Паводле Ігара Рынкевіча, грамадская камісія па расследванні гэтага злачынства пакуль таксама не валодае нейкімі фактамі, якія маглі б дапамагчы знайсці вінаватых па справе выбуху ў Мінску. Але калі б яны і былі, то распавесці пра гэта сябры камісіі пагадзіліся б толькі следчым пракуратуры, а не міліцыянерам:

— Бо мы можам у такой жа ступені падазраваць ў датычнасці да гэтага выбуху спецслужбы, як яны падазраюць апазіцыю.

Адзначым, што 22 жніўня ў Цэнтральны РУУС Мінску был выкліканы старшыня Беларускага прафсаюза працоўнікаў радыёэлектроннай прамысловасці Генадзь Фядыніч. Там прафсаюзнаму лідэру паведамілі, што ў яго жадаюць узяць адбіткі пальцаў у межах крымінальнай справы аб выбуху ў Мінску. Фядыніч адмовіўся здаваць адбіткі, заявіўшы, што гэта “абсалютна незаконна”.

— Для мяне гэта не проста абсурдна, а абразліва. Калі ж мяне ў нечым падазраюць, тады няхай прад’яўляюць абвінавачванні, — сказал “Салідарнасці” Генадзь Фядыніч.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)