Гурневіч: «Іншародным целам пакуль застаецца мозг у галаве расейскага прафесара з пагонамі генерала»

Журналіст абвяргае чарговыя тэзісы прапаганды.

— БЕЛТА працягвае прасоўваць антысіянісцкую і антысеміцкую лінію. Дапамагае ім у гэтым нейкі расейскі генерал-маёр, які адначасова працуе ў Расейскай Акадэміі навук і МГУ, — піша Дзмітрый Гурневіч.

Ніякіх ягоных навуковых працаў у гугле я не знайшоў, акрамя нечага кшталту «Гуманитарная операция российской армии в Сирии». Рэшта – гэта публіцыстыка: «Мир на грани большого хаоса», «Обедненный уран стал тихим убийцей».

Тэзісы знаёмыя, з шэрагу прымітыўных клішэ: «На саммите НАТО главы государств-участниц готовы прикрыться Украиной как фиговым листком, чтобы уйти от решения вопросов безопасности и социально-экономического развития».

А вось яго цытата пра Ізраіль з сайту Белты, якая зрабіла вялікае інтэрвію з генералам:

«С момента создания государства Израиль в этом регионе оно так и осталось инородным телом. Вписаться в ближневосточный регион Израиль так и не смог».

Не трэба быць прафесарам МГУ, каб ведаць факты. У 1979 годзе першай арабскай краінай, якая прызнала Ізраіль, стаў Егіпет.

У 1994 годзе гэта зрабіла Іярданія.

У 2020 годзе Ізраіль прызналі Аб’яднаныя арабскія эміраты, Бахрэйн, Марока і Аман.

Тое самае цяпер робіць Саудаўская Аравія. Дагавор аб нармалізацыі адносін прадугледжвае, што саудаўцы прызнаюць Ізраіль і пачнуць з ім дыпламатычныя і гандлёвыя адносіны. Пасля атакі Хамас ананімныя дыпкрыніцы сцвярджалі, што дыялог прыпынены (але не спынены), хаця афіцыйна СА гэтага не пацьвярджае.

Негалосныя сувязі развіваюцца з Катарам і Кувейтам.

Трохі больш як тыдзень таму адбыўся арабскі саміт у Эр-Рыядзе (53 краіны). Радыкальныя прапановы Ірану і Алжыру, якія патрабавалі ўвесці эмбарга супраць Ізраілю, разарваць з ім адносіны і адмовіцца ад амерыканскіх базаў на Блізкім Усходзе… УВАГА… не знайшлі падтрымкі. Выніковая дэкларацыя была па сваёй сутнасці антыізраільскай, але як кажуць знаўцы — «бяззубай». Па простай прычыне – арабскія краіны бачаць сваю будучыню ў супрацы з Ізраілем.

З Эміратамі ў Ізраіля гандлёвы абарот ужо летась перакрочыў мільярд даляраў, а ўвесну гэтага году яны падпісалі дамову аб вольным гандлі. Па прагнозам, гэта павялічыць абарот у 4 разы.

У Марока ізраільскі экспарт ужо складае 250 мільёнаў, штогод адпачываць у Марока ездзіць паўсотні тысяч ізраільскіх турыстаў.

Днямі катарскі прэм'ер сказаў: «У нас няма вайны з Ізраілем, у ізраільцянаў ёсць акупацыя палестынцаў». А як жа яшчэ, ізральскі экспарт у Катар яшчэ 10 год таму складаў паўмільярда. А два гады таму яны дамовіліся аб гандлі алмазамі. Катарцы абавязаліся цягам 5 дзён вырашаць усе запыты ізраільцян, у тым ліку уезд бізнэсоўцаў. Пры гэтым, паміж краінамі няма дыпадносін. Але эліты арабскіх краін, маладыя багацеі, хочуць жыць як на Захадзе.

Падсумоўваючы, іншародным целам пакуль застаецца мозг у галаве расейскага прафесара з пагонамі генерала, і прымкнуўшая да яго Белта.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(33)