Гурневіч: «Беларусы, у якіх ёсць галава і сумленне, разумеюць, што без свабоднай Украіны не будзе і нас»

Журналіст тлумачыць украінцам, чаму беларусы не спынілі рускія танкі.

— Шмат украінцаў пішуць пытанні, чаму Беларусь дазволіла рускім атакаваць Украіну са сваёй тэрыторыі і чаму беларусы не спынілі рускія танкі, — піша Дзмітрый Гурневіч. — У сітуацыі вайны гэтыя нюансы малазначныя, бо вам цяпер не да іх, але яны павінны прагучаць.

1. У Беларусі няма легітымнай улады, як мінімум з лістапада 2020 году (фактычна ад антыканстытуцыйнага перавароту ў 1996). У Беларусі кіруе прамаскоўскі марыянетачны рэжым, які ўжо нічога не вырашае.

2. Абсалютная большасць беларусаў супраць марыянетачнага рэжыму. Гэта паказалі і пратэсты ў 2020 годзе, найбуйнейшыя ў Еўропе за апошнія дзесяткі гадоў. Беларусаў забівалі, білі, катавалі. Больш тысячы людзей у турмах, каля 50 тысяч прайшлі праз рэпрэсіі.

Пратэст пацярпеў паразу, бо Пуцін падтрымаў Лукашэнку і стаў яго адзінай гарантыяй. Пасля гэтага ў краіне пачаўся тэрор, па падобны на 1930-я гады. Гэта не літаратурны прыём, гэта аб'ектыўная рэальнасць.

3. У Беларусі сёння пануе татальная атмасфера фашызму. У турму можна трапіць за лайк, каментар, за неасцярожнае слова. Гляджу відэа, як украінец у Мелітопалі ганіць рускіх салдат і спакойна сыходзіць. І іншы ўкраінец запісвае гэта на відэа. У Беларусі такое немагчыма ўжо паўтара года.

Сілавыя структуры хапаюць за любое іншадумства, забароненыя нават арганізацыі арнітолагаў і абароны жывёл, бо нехта з гэтых арганізацый супраць рэжыму. Кожны дзень у Беларусі арыштоўваюць людзей, здзекуюцца з іх. У такой атмасферы арганізацыя супраціву займае шмат часу. Але гэтая праца ідзе.

4. Гэты пункт у прынцыпе мае быць першым. Беларусь знаходзіцца пад акупацыяй. Калі ўлада нелігітымная, то ніхто не меў права дазваляць рускім праход праз Беларусь. Пуцін захапіў Беларусь. Але ён дазваляе Лукашэнку называць сябе прэзідэнтам незалежнай Беларусі.

5. Беларусы не толькі перажываюць за Ўкраіну і моляцца за яе. Беларусы збіраюць грошы для ўцекачоў, украінскай арміі, беларусы ёсць ва ўкраінскай арміі. Беларус загінуў адным з першых на Майдане, беларусы гінулі за Ўкраіну на вайне.

6. Ці ёсць у Беларусі тыя, хто за Расію? Так, ёсць. Гэтаксама як і ва ўкраінскім Данбасе ёсць украінцы, хто за ворага. Ці ёсць тыя, хто за Лукашэнку? Ёсць, як і ва Ўкраіне, дзе ён доўгі час быў самым папулярным палітыкам.

7. Беларусы, у якіх ёсць галава і сумленне, разумеюць, што без свабоднай Украіны не будзе і нас.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(66)