Гісторык: Чаму бацюшкі і ваенрукі не «навядуць парадак» у школах

Аляксандр Пашкевіч пра тое, чаму палітызацыя адукацыі скончыцца чарговай імітацыяй.

— Па-мойму, адчайныя спробы рэжыму стварыць сабе, апрача сілавога тэрору, яшчэ і нейкія ідэалагічныя падпоркі шляхам палітызацыі адукацыі ды закідання ў школы ды ВНУ дэсантаў з ідэолагаў, ваенрукоў і бацюшак, асуджаныя на паразу апрыёры, — піша гісторык Аляксандр Пашкевіч. — Ідэйная ябацькізацыя грамадства немагчымая хоць бы таму, што ў рэжыму банальна няма ў арсенале жывой ідэалогіі.

Прытым яе па сутнасці не было ўсе гады існавання рэжыму, і сам лідар рэжыму ў парыве шчырасці неаднаразова гэта ў ранейшыя гады прызнаваў.   

І стварыць яе, менавіта жывую, калі не ўдавалася гэтага раней, цяпер тым больш без шанцаў. Можна толькі займацца імітацыяй, якасць кантэнту замяняючы колькасцю. Але індактрынацыя так не працуе — што проста дзяўбі мазгі рознымі анахранізмамі з ранку да вечара, і на выхадзе атрымаеш належны вынік.

Каб некага нечым запаліць, глашатаі ідэі павінны самі ў яе шчыра верыць. Калі не ва ўвесь комплекс, то прынамсі ў асобныя элементы. Чаго ў нас яўна няма і ўжо не будзе.

Колішнія жывыя ідэалогіі, ад якіх у пэўны момант засталася адна абалонка, могуць яшчэ нейкі час даволі плённа працаваць па інерцыі, абапіраючыся на грунтоўную старую базу, закладзеную папярэднімі пакаленнямі.

Так працавала, напрыклад, ужо фактычна выраджаная камуністычная ідэя ў 1980-я гады, калі маё пакаленне, якое акурат тады пайшло ў школу, яшчэ яе прымала больш-менш усур’ёз. Але стварыць жывую і дзейную ідэалогію не на ўздыме сістэмы, а падчас яе відавочнага крызісу немагчыма. Прынамсі, я такіх выпадкаў у гісторыі не ведаю.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(45)