Комментарии
Валер Карбалевіч, Радыё Свабода

«Гэта была спантанная рэакцыя помсты за расейскае “кідалава”»

Калійная вайна паміж Беларусьсю і Расеяй, хутка перакрочыўшы інфармацыйную стадыю, паступова пераходзіць у гандлёвую. Першы рэальны залп з боку Масквы — прыпыненьне паставак беларускай сьвініны.

Ня менш небясьпечныя для Беларусі пагрозы расейскага віцэ-прэм’ера А. Дварковіча скараціць экспарт нафты ў Беларусь і зьменшыць імпарт беларускай малочнай прадукцыі. Калі сапраўды Масква скароціць нафтавыя пастаўкі з 23 млн. тон за год да 18 млн., то гэта будзе моцны ўдар па бюджэце. Бо, як вядома, продаж нафтапрадуктаў дае Беларусі каля трэці даходаў ад экспарту.

Ня меншыя маштабы стратаў могуць быць у выпадку, калі спраўдзяцца пагрозы сп. Анішчанкі. Бо за першае паўгодзьдзе Беларусь экспартавала ў Расею малочных вырабаў больш як на 1 мільярд даляраў.

Вось жа, калі канфлікт вакол «справы Баўмгертнэра» зацягнецца, то Беларусь панясе рэальныя эканамічныя страты. І тут цікава, як розныя экспэрты адказваюць на пытаньне, якіх мэтаў імкнуўся дасягнуць афіцыйны Менск, якія дывідэнды атрымаць ад арышту гендырэктара «Ўралкалію». Дыяпазон варыянтаў вельмі вялікі. Ці то беларускія ўлады сапраўды спадзяваліся на 100 млн. даляраў выкупу за вызваленьне Баўмгертнэра. Ці то хацелі перахапіць кліентаў ва «Ўралкалію». Ці то — атрымаць выгадны крэдыт.

Баюся, што рэальнасьць больш простая, нават прымітыўная, і ад таго сапраўды жахлівая. У мяне ёсьць вялікае падазрэньне, што нейкіх сур’ёзных разьлікаў ніхто і ня вёў. З той простай прычыны, што ў беларускай палітыцы гэта даўно ўжо ня робіцца. Бо Лукашэнка ніякіх складаных схемаў, аналітычных разьлікаў ці канцэпцыяў проста не прымае. Палітыка праводзіцца, як ён любіць казаць, «ад зямлі». То бок — на ўзроўні паўсядзённай сьвядомасьці. Дый няма там каму займацца аналітыкай. Усе, хто мог гэта рабіць, даўно сышлі. Зьніклі генэратары, засталіся выканаўцы-рэтрансьлятары, адзіная функцыя якіх — загадзя ўгадаць, чаго хоча «бацька», і навыперадкі бегчы выконваць.

Таму, хутчэй за ўсё, гэта была спантанная рэакцыя помсты за расейскае «кідалава» паводле прынцыпу: уцягнемся ў бойку, а там пабачым. А ў пэрыяд эскаляцыі канфлікту, калі бакі адказваюць ударам на ўдар, ніхто ня ведае, на якой мяжы спыніцца. Падаецца, цяпер галоўная праблема для афіцыйнага Менску палягае ў тым, як выйсьці з гэтай сытуацыі, якую самі й стварылі, захаваўшы твар. Магчыма, тут гатовыя задаволіцца нават проста выбачэньнем з боку «Ўралкалію» за развал Беларускай калійнай кампаніі (БКК).

У заяве А Дварковіча ёсьць яшчэ адзін займальны сюжэт. Ён сказаў, што Расея не выключае прыцягненьня да адказнасьці шэрагу асобаў, якія маюць дачыненьне да паставак зь Беларусі нафтапрадуктаў пад выглядам растваральнікаў у трэція краіны. А хто гэтыя асобы? Найперш кіраўнікі беларускага ўраду.

І вось уявіце сытуацыю. На 17 верасьня ў Маскве заплянавана пасяджэньне Саўміну саюзнай дзяржавы. Прыяжджае туды Мясьніковіч. І пасьля перамоваў зь Мядзьведзевым яго затрымліваюць у аэрапорце як падазраванага ў справе аб растваральніках. На 72 гадзіны. Ніякай палітыкі, выключна ў рамках крымінальнай справы. Расея ж, як вядома, прававая дзяржава. Як кажуць, ад нашага стала — вашаму сталу.

Некалькі заўваг пра юрыдычны бок канфлікту. Дзіўна выглядаюць абвінавачаньні ў бок расейскіх грамадзян, якія кіравалі БКК, бо дырэктарат кампаніі фармаваўся на парытэтных асновах. Як такое магло быць, што прадстаўнікі «Ўралкалію» ў дырэктараце кампаніі займаліся махінацыямі, а беларусы ні пры чым?

Больш за тое, пасада гендырэктара БКК увесь час заставалася за беларусамі. Менавіта генэральны дырэктар падпісвае ўсе дакумэнты, адказвае за апэратыўнае кіраваньне. Але старшыня Назіральнай рады БКК (якая зьбіраецца некалькі разоў на год) — за кратамі. А гендырэктар БКК Валер Іваноў нядаўна прызначаны намесьнікам кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта.

Яшчэ адзін момант. Высьветлілася, што пры заключэньні пагадненьня аб стварэньні БКК не была прадугледжана працэдура выхаду ўдзельнікаў з альянсу. Таму цяпер цяжка выставіць «Уралкалію» юрыдычныя прэтэнзіі. Як такое магло здарыцца? Для вялікага бізнэсу гэта нонсэнс. Проста хлопцы з Магілёўшчыны, якія кіруюць краінай «ад зямлі», такімі складанымі пытаньнямі не былі абцяжараныя. У калгасе так не прынята. Дамовіліся з расейскімі «пацанамі» «па паняцьцях». А тыя аказаліся больш нахабныя — і «кінулі». Цяпер лямантуюць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)