«Галівудская гісторыя кахання». Хто такія Уладзь і Ніна Лабковічы, якіх трымаюць у СІЗА

Пасля трох сутак утрымання на Акрэсціна Уладзь і Ніна Лабковічы былі пераведзеныя ў СІЗА на Валадарскага. Уладзь — вядомы ў Беларусі праваабаронца, ягоная жонка займалася інвестыцыйным праектам. Цяпер трое дзяцей засталіся без бацькоўскай апекі. Расказваем пра іх сям’ю.

Ніна і Уладзь Лабковіч са старэйшай дачкой Адэляй

Уладзю Лабковічу 42 гады, ён мінчук. Вырас на вуліцы Маякоўскага. Кажуць, што свой характар хлопец гартаваў не толькі ў школе, але і на вуліцы. Уладзю даводзілася ў дзяцінстве ўдзельнічаць у дваравых разборках, так што спалохаць яго не так проста.

— Мне здаецца, што з таго часу ён якраз і вынес паняцці гонару, годнасці, а таксама адказнасці за тую супольнасць, якую ён прадстаўляе, — кажа адзін з сяброў Уладзіміра.

Бацька Уладзя родам з Случчыны, працуе індывідуальным прадпрымальніка, мама прыехала ў Беларусь з Красанадарскага края Расіі, па прафесіі яна інжынер. Ёсць малодшы брат, які ў свой час вучыўся ў коласаўскім ліцэі.

Да грамадскага жыцця Уладзь прыйшоў рана. Журналіст Аляксандр Тамковіч апісваў выпадак, калі будучы 12-гадовым падлеткам Лабковіч разам з сябрамі ў час путча ГКЧП запісалі перадачу Радыё «Свабода», дзе асуджаўся путч, перапісалі на паперу і трыццаць асобнікаў расклеілі на слупах. Такі вось быў першы досвед палітычнай актыўнасці.

У Партыю БНФ хлопец прыйшоў на наступны дзень пасля мітынгу ля Опернага тэатра 19 кастрычніка 1996 года, калі апазіцыя пратэставала супраць першага Усебеларускага схода, які арганізоўваў Лукашэнка.

Быў у моладзевай фракцыі БНФ, якая існавала да «Маладога фронта». Узначальваў Свіслацкую раду фракцыі. Паплечнікі кажуць, што гэтая рада сярод іншых адзначалася найбольш сяброўскімі адносінамі.

У партыі ён застаецца па сёння. Увогуле знаёмыя Лабковіча сярод галоўных ягоных рысаў адзначаюць якраз лаяльнасць да тых структур, у якія ён уваходзіць.

У Партыі БНФ яго заўважыла колішняя дэпутатка Вярхоўнага Савета Галіна Сямдзянава, менавіта яна прапанавала прыцягваць Лабковіча ў больш вузкія абмеркаванні. Фактычна, вельмі хутка Уладзь увайшоў у спіс тых асоб, якія вызначалі дзейнасць структуры. Доўгі час Лабковіч быў адказным сакратаром управы. — Ва Уладзя існуе палітычнае мысленне, калі у краіне з’явілася сапраўдная палітыка, то ён мог бы зрабіць добрую кар’еру, — кажуць сябры.

Уладзімір папрацаваў крыху юрыстам у прыватнай фірме, але ўсё ж зрабіў выбар на карысць грамадскай дзейнасці. Спачатку ён прыходзіць працаваць юрыстам у БНФ, а праз год на працу яго запрашае «Вясна». У камандзе вясноўцаў Лабковіч знаходзіцца ўжо дваццаць гадоў.

— Сказаў, што пра дабрабыт падумае пасля таго, як разбярэцца з праблемамі ў краіне. На жаль, гэта ўсё зацягнулася, — гавораць пра Лабковіча.

У Лабковіча атрымлівалася сумяшчаць праваабарончую дзейнасць з палітычнай. У 2005 годзе ён быў сярод арганізатараў Кангрэсу дэмакратычных сілаў, на якім адзіным кандыдатам ад апазіцыі быў апраны Аляксандр Мілінкевіч. Потым у камандзе Мілінкевіча Лабковіч працаваў юрыстам.

За час працы праваабаронцам Лабковічу неаднаразова даводзілася едзіць з місіямі назірання за выбарамі ў розныя краіны. Прычым Уладзь імкнуўся кіравацца не ў Еўропу, дзе ўсё прадказальна, а ў тыя краіны, дзе за дэмакратыю яшчэ даводзілася змагацца, — Украіну, Азербайджан, Сярэднюю Азію. Падчас адной з такіх вандровак ён знайшоў жонку.

З Нінай Дзярабінай з Казахстана яны працавалі разам у Харкаўскай вобласці Украіны ў 2004 годзе. Там і нарадзілася каханне. Сам Лабковіч казаў, што ягоная гісторыя кахання падобная да галівудскай: як толькі сустрэліся, зразумелі, што не могуць адно без аднаго. Першы раз Ніна проста прыехала ў госці да Уладзя ў Мінск, а другі раз перабралася канчаткова. Сам Уладзь жа не можа наведаць радзіму жонку, бо яшчэ ў 2005 годзе яго дэпартавалі з Казахстана з забаронай на ўезд.

Вядома, што спачатку Ніна не ведала беларускай мовы, але за час жыцця ў Беларусі добра вывучыла яе. У сям’і стасуюцца па-беларуску. У пары трое дзяцей: старэйшая дзяўчынка, а таксама два хлопчыкі-блізнюкі, усе яны школьнікі. Пасля таго, як бацькоў арыштавалі, яны ў бабулі і дзядулі.

Важна падкрэсліць, што Ніна не мела дачынення да праваабарончай дзейнасці. Яна з’яўляецца дырэктаркай аб’яднання інвестараў Angels Band. Таму яе знаходжанне за кратамі ўвогуле незразумелае.

Хобі Лабковіча — гэта гісторыя. Ён захапляецца Старажытным Рымам, можа з лёгкасцю пералічыць усіх імператараў. Таксама цікавіцца гісторыяй Другой сусветнай вайны.

Якія галоўныя рысы Лабковіча?

— Ён вельмі разумны, але апроч усяго яшчэ хутка думае. Уладзь грунтоўны, пралічвае ўсё нашмат крокаў наперад, а таксама схільны да сістэмнай працы. Ён даражыць уласнай рэпутацыяй, а таксама мае абвостранае пачуццё справядлівасці, але гэта ўласціва ўсім праваабаронцам, — гаворыць ягоны сябра.

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 4.8 (оценок:21)