Филин

Таццяна Швец

Філосаф: «Пад канец свайго існавання рэжым скінуў усе маскі»

Валер Булгакаў – аб ліквідацыі ТБМ і ролі беларускай мовы ў грамадстве.

Вярхоўны суд задаволіў пазоў Міністэрства юстыцыі і ліквідаваў адно са знакавых грамадскіх аб’яднанняў  — Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны  (ТБМ).

З нагоды таго, што адбылося, Филин пагутарыў аб іміджавых стратах і духоўным набыцці з філосафам, рэдактарам часопісу ARCHE Валерам Булгакавым.

— Я думаю, тут разлік на тое, каб спецыяльна ліквідаваць іміджавыя арганізацыі. Каб нанесці ўдар па тых структурах грамадзянскай супольнасці, якія ведае фактычна кожны палітычна актыўны чалавек у Беларусі, і тая публіка за мяжой, якая цікавіцца беларускай палітыкай.

Перш за ўсё гэта робіцца дзеля застрашэння. З разлікам на тое, што ў звычайнага абывацеля, які пабачыць, што справы дайшлі да ліквідацыі так званых кітоў грамадзянскай супольнасці, якія існавалі ў Беларусі апошнія 30 гадоў, гэта можа рэфлекторна выклікаць паніку, страх, баязнь у сувязі з тым, што і да яго таксама можа дайсці чарга.

Па-другое, беспрэцэдэнтнае закручванне гаек у палітычнай сферы — гэта, безумоўна, знак унутраным і знешнім назіральнікам аб тым, што мы фактычна падыходзім да ўзроўню позніх савецкіх часоў. І ТБМ, і ПЭН-цэнтр, і БНФ, і шэраг іншых структур узніклі на хвалі перабудовы. ТБМ з’явілася ў 1989-90 гадах.

На ўзроўні палітычных мэсэджаў, якія дасылаюць цяперашнія беларускія ўлады, мы бачым, што яны робяць курс на вяртанне да познесавецкага  палітычнага ландшафту, калі існавалі толькі афіцыйна дазволеныя грамадскія аб’яднанні, ці то «общество женщин», «общество борьбы за мир», пазней «общество трезвенников» і гэтак далей.

І гэта вельмі небяспечны знак, паколькі калі гэта дынаміка будзе працягвацца, то пад ударам прымусовай ліквідацыі апынуцца тыя астраўкі свабоды і вольнадумства, якія яшчэ ёсць.

— А яны яшчэ ёсць у нас?

— Ёсць шэраг драбнейшых структур, якія маюць статус афіцыйна зарэгістраваных. Тыя ж палітычныя партыі, якія маюць апазіцыйныя погляды да кіруючага рэжыму. Яны зараз праходзяць перарэгістрацыю, але ж пытанне яшчэ адкрыта.

Апрача гэтага застаюцца нейкія раней зарэгістраваныя СМІ, накшталт «Народнай Волі» Іосіфа Сярэдзіча.

І калі іх не застанецца, Беларусь ператворыцца ў БССР узору 1985-86 гадоў.

Валер Булгакаў

Атрымалася, што пад канец свайго існавання лукашэнкаўскі рэжым нарэшце скінуў усе маскі. Усё, што адбываецца, мае яшчэ дадатковы сэнс у плане канфрантацыі з Захадам, бо не сакрэт, што шмат якія грамадскія арганізацыі ўспрымаліся кіруючай ўладай як «кліентура Захада».

Прычым, я маю на ўвазе перш за ўсё грамадскія арганізацыі, якія займаліся тымі ж гендэрнымі ці экалагічнымі праблемамі. Таму гэта мае яшчэ і знешнепалітычны аспект. Гэта адзін са знакавых сімптомаў буйнамаштабнай канфрантацыі з Захадам.

Пасланне тут відавочна: мы знішчым вашу «кліентуру», калі вы не прыміце нашы ўмовы — прызнанне Лукашэнкі як законна абранага прэзідэнта і ўвогуле гарантаванне статуса-кво, якое існавала да прэзідэнцкіх выбараў.

— А ці зможа таварыства аднавіць сваю працу, як некаторыя НДА, за мяжой?

— Для самога таварыства наладзіць працу дзесьці за мяжой не вельмі зручна, як, напрыклад, для тых жа курсаў «Мова Нанова». Бо ТБМ — гэта была арганізацыя, якая праграмна вяла сваю дзейнасць у Беларусі, якая спрабавала наладжваць дыялог з уладамі, якая спрабавала наладзіць першы беларускі ўніверсітэт, якая мела два зарэгістраваныя СМІ — «Новы Час» і «Наша слова». Усім сваім статусам і сваёй праграмай арганізацыя была моцна ўкарэнена да Беларусі.

Я не думаю, што яе можна перавезці за мяжу цалкам, але за мяжу можна будзе вынесці нейкія фрагменты дзейнасці, тыя ж СМІ, нейкія навучальныя адукацыйныя праекты. Але як арганізацыя, якая працавала з беларускімі школьнікамі, са студэнтамі, выкладчыкамі, лакальнымі ўладамі, — яна не зможа па-за межамі ў такім выглядзе функцыяваць.

— Якія думкі ў вас наогул выклікае тое, што зараз адбываецца з усім, што мае дачыненне да беларускай мовы?

— Беларусь — дэ-факта расейскамоўная краіна. Мы бачым, што беларуская мова ў апошнія дзесяцігоддзі ў нашым грамадстве паўнавартасна не функцыянуе. Лукашэнкаўскі рэжым у гэтым пытанні падыходзіць так, як падыходзілі тыя ж савецкія кіраўнікі ў апошнія часы. Я нагадаю, што ў 1985-86 гадах у Мінску не было ніводнай школы з навучаннем на беларускай мове.

Таму зараз не адбываецца нічога новага. Гэта вяртанне да змрочнай познесавецкай рэальнасці. Але ў сучаснай сітуацыі ўсё ж такі беларуская супольнасць мае большую свабоду дзеянняў — ёсць прыватныя выдавецтвы, ёсць прыватныя грамадскія ініцыятывы, ёсць курсы «Мова Нанова», ёсць маса іншых сфер, дзе можна захоўваць сваю ідэнтычнасць.

— Вы кажаце аб усім гэтым ў цяперашнім часе? Бо шмат чаго з пералічанага зараз ліквідавана.

— Так, я хачу сказаць, што ўвесь гэты ідэалагічны дыктат хутчэй за ўсё не будзе мець ніякіх наступстваў. Бо дзяржава не мае бясконцую колькасць рэсурсаў, каб зусім задушыць  беларускамоўных людзей. Наадварот, людзі яшчэ больш мабілізуюцца, каб даць адпаведны азказ на ўсе гэтыя выклікі.

Я не аднашуся да гэтый ліквідацыі, як да чагосьці  канчатковага. Гэта палітычная рэакцыя закручвання гаек па звычайным савецкім сцэнары рэжым, які летась крыху не сканаў. Таму думаць, што зараз яны наносяць нейкі смяротны ўдар — не.

Але ж мы павінны быць гатовыя да таго, што беларускае грамадства рэальна падзелена. Шмат для якіх беларусаў беларуская мова не з’яўляецца каштоўнасцю  — і гэта рэальная праблема, на якой будуць спекуляваць і іншыя палітыкі, якія прыйдуць ужо наўзамен Лукашэнкі.

Цяпер адбываецца драма, не хачу казаць, што гэта трагедыя. І не трэба думаць, што калі Лукашэнка сыдзе, усё адразу скончыцца хэпі-эндам.

— Ці не падалося вам, што за апошні год людзей, якія перайшлі на беларускую мову ці сталі ёю цікавіцца, стала значна больш?

— Я бы сказаў, што ўвогуле ў людзей, якія бралі ўдзел ў мінулагодніх палітычных кампаніях, з’явіўся інтарэс да Беларусі, як да краіны, нацыі. Беларусы пачалі цікавіцца сваёй гісторыяй, шмат у каго проста расплюшчыліся вочы на сваю ўласную краіну. І мова толькі адзін з элементаў светапогляду. Гэта адзін з краевугольных камянёў, як і беларуская гісторыя, беларуская нацыя, беларуская дзяржаўнасць.

Гэтыя людзі фактычна абудзіліся, зацікавіліся беларускай праблематыкай. І гэта вельмі пазітыўная тэндэнцыя, бо яна не скончылася цяпер. Напрыклад, мы бачым як за апошні год выраслі аўдыторыі тэлеграм-каналаў беларускамоўных СМІ. Гэтыя людзі нікуды не дзеліся, яны засталіся ў гэтым новым для сябе гравітацыйным полі.

Оцени статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.6(79)