Фара Вітаўта — сэрца каралеўскай Гародні. Як камуністы знішчылі адзін з прыгажэйшых беларускіх храмаў
Прыгадаваем трагічную старонку нашай гісторыі.
29 лістапада 1961 года быў знішчаны самы старажытны каталіцкі храм Гродна — касцёл Найсвяцейшай Марыі Панны або Фара Вітаўта. Ён падзяліў лёс дзясяткаў знакавых храмаў Беларусі, пад якія савецкія сапёры заклалі выбухоўку ў гады варварскай барацьбы з рэлігіяй.
Сёння мы прыгадаем гісторыю аднаго з найпрыгажэйшых беларускіх касцёлаў — колішняй гродзенскай архітэктурнай дамінанты.
Чаму Фара Вітаўта, і ці слушная такая назва
Прыблізная дата з’яўлення каталіцкага храма на гэтым месцы — 1392 год. Загад на яго пабудову ў 1389-м даў вялікі князь Вітаўт.
Назва «фарны» паходзіць з нямецкай мовы — Pfarre, Pfarrei, Pfarrkirche азначае парафія, парафіяльны касцёл. Фундаваны Вітаўтам касцёл ад пачатку належаў да парафіі Найсвяцейшай Марыі Панны.
Уласна Фарай Вітаўта храм пачалі называць адносна нядаўна. Ініцыятарам гэтага ў міжваенны час стаў польскі гісторык Юзаф Ядкоўскі, які менавіта так ў сваёй кнізе «Grodno» (1923) называе касцёл.
Па версіі гродзенскага гісторыка Мечыслава Супрона, знішчаны ў 1961-м касцёл быў трэцім у парафіі Найсвяцейшай Марыі Панны. Справа ў тым, што збудаваны на загад Вітаўта драўляны касцёл згарэў у другой палове XV ст.
На ягоным месцы ў 1494-м паўстаў новы касцёл, таксама драўляны. Гэта быў час праўлення вялікага князя Аляксандра Ягелончыка.
Мураваны касцёл, які прастаяў да 1961-га, быў узведзены ў 1584−1587 гг. на замову караля Стэфана Баторыя. Яго збудавалі побач са старым, які разабралі толькі тады, як новы перадалі парафіі.
Такім чынам, які лічыць Мечыслаў Супрон, сам храм больш слушна называць касцёлам Найсвяцейшай Панны Марыі. Але назва «Фара Вітаўта» прыжылася, хоць і не адпавядае рэчаіснасці.
Ад італьянскага барока да неаготыкі
Паколькі Стэфан Баторый планаваў перадаць будучы храм езуітам, то над праектам спачатку працаваў манах гэтага ордэна Ян Марыя Бернардоні. Імя слыннага архітэктара вядомае нам па ягонай іншай працы — барочным касцёле ў Нясвіжы.
Да працы над праектам прыклаў руку і нямецкі адмыслоўца Ёзаф Ройтэн, які быў архітэктарам пры двары караля Баторыя. Як вынік супольнай працы — новы парафіяльны касцёл спалучыў у сабе італьянскае барока і нямецкую готыку.
Фара неаднаразова цярпела ад пажараў, што прыводзіла да знешніх зменаў у выніку аднаўленняў.
У 1804-м касцёл быў перададзены праваслаўным. Да канца стагоддзя храм захоўваў ранейшыя рысы, але чарговы пажар у 1892-м змяніў ягонае аблічча назаўсёды. Праз шэсць гадоў яго перабудавалі ва ўсходнім стылі, на даху з’явіліся купалы-цыбуліны.
Праваслаўным храм заставаўся яшчэ два дзесяцігоддзі, напрыканцы 1918-га тут адслужылі апошнюю літургію.
Пасля перадачы каталікам у якасці гарнізоннага касцёла храм двойчы перабудоўвалі, каб пазбавіцца візантыйскага стылю — у 1923-м і 1936-м. На думку Мечыслава Супрона, апошнюю рэканструкцыю слушна лічыць памылковай, бо касцёл набыў псеўдагатычныя рысы нехарактэрныя першапачатковаму праекту.
Як знішчалі Фару
У 1949-м будынак касцёла па дурной савецкай традыцыі перадалі пад склад збожжа. Пазней тут месціліся склады тонкасуконнага камбіната, а таксама мясцовы філіял таварыства садзеяння арміі і флоту.
Гарадскія ўлады планавалі перарабіць былы касцёл у спартыўную залу, а таксама ў кінатэатр. Але ўрэшце ў сакавіку 1961-га было прынятае рашэнне аб зносе храма.
Сёння гэтая тэма нікому нецікавая. Навошта гэта калупаць і бударажыць? Падрывалі мы не касцёл, а той хто гэта кажа — вырадак. Палякі перабудавалі наш праваслаўны сабор у вайсковы касцёл — у жылы дом, можна сказаць. Трэба гісторыю ведаць глыбока.
Усё гэта глупства, нават не варта псаваць паперу на гэта. А вуліца Савецкая ж раней была Саборная, бо вяла да праваслаўнага храму. Так што зносілі мы ў 1961 годзе страшыдла, а храм быў раней, і ён быў прыгажуном.
Уладзімір Тупоўскі, старшыня камісіі па зносе касцёла
Выбух арганізавалі супрацоўнікі «Ленвзрывпрома» з Ленінграда, дапамагалі ім мясцовыя сапёры. Існуе гарадская легенда пра ленінградскую дзяўчыну-вундэркінда, якая дапамагала з выбарам месцаў закладкі выбухоўкі. Нібыта яна спрычынілася да зносу не аднаго храма на тэрыторыі СССР.
Гродзенскі краязнаўца Віктар Саяпін у свой час цытаваў успаміны непасрэднага ўдзельніка падзей Міхаіла Цыгельніцкага, прызначанага на пасаду дружыны ДАІ. Прывядзём ягоныя словы:
— Взрывала костел девочка-вундеркинд из Ленинграда. Она единственная в Советском Союзе была такая — подрывник высшего класса. Маленького росточка, очень маленькая. Она приходила, садилась на корточки – у нее такой блокнотик был малюсенький — считала угол бурения и глубину шурфа. Она рассчитывала, давала угол прорабу.
Тот начинал бурить шурф в заданном направлении. И когда уже направление шурфа было, тогда продолжали бурить солдаты. Их позвали на помощь, потому что там стены были по 4-5 метров.
Ночью, где теперь магазин «Батория», ближе к институтскому зданию, поставили бронетранспортеры. Собралось все областное и городское начальство с военными представителями. Из всех близлежащих домов в округе жителей выселили.
После того, как мы объехали посты и доложили, что город перекрыт — все начальство ушло в БТР-ы, все до единого. И это дитё маленечкое, она пошепталась с дедом-прорабом, и пошла одна в начиненный заминированный костел проверять взрыватели. (…)
Когда она сказала, что все в порядке, они вышли с прорабом на центр Советской площади. Мы с Простяковым (тагачасны начальнік ДАІ Гродна — С.) стояли на входе в скверик. На всякий случай танковые шлемы одели, вдруг кирпич какой. А она с дедом в открытую стояла, никаких шапок. Дед крутанул машинку...
Сразу — огонь по кругу. Костел приподнялся и стал медленно оседать, складываться внутрь. Настолько она точно рассчитала, что он ни в одну из сторон не падал. Когда все закончилось, это дите вскочило на шею деду, и они плясали на площади…
На месцы былой гарадской дамінанты ўлады разбілі сквер.
Нашы дні: спрэчкі вернікаў і адмыслоўцаў, планы ўладаў
Размовы пра неабходнасць аднаўлення знішчанай камуністамі Фары вядуцца з першых гадоў набыцця Беларуссю незалежнасці. У пачатку 1990-х на месцы касцёла правялі раскопкі.
У 2000-м неабыякавыя гарадзенцы ўсталявалі тут крыж, але міліцыя хутка прыбрала яго. Тады на месцы знішчанай бажніцы сталі з’яўляцца знічы.
У 2014-м гарадскія ўлады афіцыйна адчынілі помнік у выглядзе абломкаў касцёла і праваслаўнай царквы, што сімвалізуе розныя старонкі ў гісторыі храма. Пры гэтым надпіс на помніку не згадвае пра самы трагічны эпізод бажніцы.
Дагэтуль сярод адмыслоўцаў няма згоды, якім павінен быць храм, калі справа ўсё ж дойдзе да ягонай адбудовы. Каталіцкім ці праваслаўным? Па гэтым пытанні няма згоды і сярод вернікаў. Барочным, як пры Баторыі, або неагатычным, як у апошнія дзесяцігоддзі існавання?
Са свайго боку гарадскія ўлады агучылі планы па аднаўленні гістарычнай забудовы цэнтра Гродна. Сярод іншага план прадугледжвае адбудову Фары да 2030-га — у якасці канцэртнай залы.