Филин

Сяргей Васілеўскі

Дракахруст: «Мы бачым выбарчую кампанію ў Расіі. Яна ідзе без згадкі Беларусі, яе там проста няма ні ў якай форме»

У чым прычына ўсплёску цікавасці сусветных СМІ да нашай краіны? Пра гэта, а таксама пра якасць заходняй аналітыкі ў каментары Филину разважае аглядальнік «Радыё Свабода» Юрый Дракахруст.

Юрый Дракахруст

— The Wall Street Journal апублікавала артыкул пра верагоднае месца размяшчэння ядзернай зброі ў Беларусі. Пры гэтым у публікацыі няма канкрэтных доказаў гэтай версіі. А тыдзень таму аўтар часопіса Foreign Policy выдаў апакаліптычны для нашай краіны сцэнар на 2024-ы.

У апошнія гады пра Беларусь пісалі постфактум, калі пэўная падзея ўжо адбылася: далучэнне да вайны ў лютым 2022-га, «вагнераўцы» пад Асіповічамі ў 2023-м. Чым мы абавязаныя гэтым апошнім публікацыям, якія нібыта не выкліканыя пэўнай інфармацыйнай нагодай?

— Я думаю, што тут нагода — не сама па сабе Беларусь і не ўнутраныя яе працэсы. Абедзве публікацыі так ці іначай звязаныя з Расіяй, з яе роляй у беларускіх падзеях.

За Расіяй сочаць пільна, усіх цікавіць, і не толькі на Захадзе, што яна будзе рабіць у 2024-м. І таму мы маем справу з праекцыяй цікавасці да Расіі.

Што тычыцца крытычных стрэлаў, накіраваных на абедзве гэтыя публікацыі, то яны сапраўды дарэчныя. Бо што датычыць да той жа ядзернай зброі, то гэта не так і важна, дзе яна размешчаная на тэрыторыі Беларусі.

Гледзячы па ўсім, яна сапраўды сюды трапіла. Пра гэта і Лукашэнка сам казаў, і амерыканскія СМІ паведамлялі са спасылкай на неназваныя крыніцы ў разведцы.

А што тычыцца Ліды, якая месціцца бліжэй да заходняй мяжы, то нагадаю пра заяву расійскага амбасадара Барыса Грызлова, што прагучала пэўны час таму ў мінулым годзе. Ён тады сказаў што Расія падцягне ядзерную зброю бліжэй да мяжы з НАТА.

У гэтым сэнсе размяшчэнне зброі ў любой кропцы Беларусі, хоць у Мазыры, хоць у Оршы, усё адно бліжэй, чым знутры Расіі. І ці меў ён на ўвазе размяшчэнне геаграфічна блізкае да мяжы з Польшчай ці Літвой — можа так, а можа і не.

Нагода тут назваць Ліду, як я разумею, гэта размяшчэнне там адпаведных самалётаў. А гэта адзін з варыянтаў носьбітаў ядзернай зброі.

Што тычыцца прагнозe ў Foreign Policy, то падобныя прагнозы гучаць увесь час. І амаль усе трыццаць гадоў кіравання з пэўнай перыядычнасцю гучаць галасы, маўляў, а вось, можа, Масква зараз здыме Лукашэнку і паставіць на яго месца кагосьці больш згаворлівага.

І вось трыццаць гадоў пра гэта гаворыцца і пры гэтым нічога не адбываецца. Так, зразумела, калісьці штосьці адбываецца ўпершыню. Але зараз невідавочна, ад чаго расейцы павінны шукаць дабра ад дабра.

Іх усё задавальняе, яны засыпаюць Беларусь крэдытамі, даюць доступ да свайго рынку, транзіт. І так атрымліваецца, што іх уплыў усё больш узрастае ў Беларусі. Лічбы сведчаць, што знешні гандаль ужо на 60% завязаны на Расію, а калі дадаць сюды яшчэ і транзіт, то там ужо пад 90%.

Так што эканамічны ўплыў увесь час павялічваецца. А так, каб у іх было жаданне дасягнуць нейкіх рэзкіх зменаў, мне гэта невідавочна.

Зрэшты, у гэтым прагнозе ёсць рацыянальнае зерне ў тым моманце, дзе ідзе гаворка пра тое, што можа адбыцца ў Беларусі ў выпадку раптоўнага сыходу Лукашэнкі. І тут амерыканскі аналітык, магчыма, мае рацыю, што ў такім выпадку пераход на новыя рэйкі, працэс змены ўлады будзе неабавязкова плаўным.

Тут і сапраўды могуць быць розныя гульцы. Варыянт вяртання Ціханоўскай на танку? Ён і сам не называе гэта сцэнаром №1. Ён кажа пра імаверны канфлікт паміж расійскімі сіламі і пралукашэнкаўскім бокам.

Гэта таксама, шчыра кажучы, малаімаверны сцэнар. І ўсё ж, я пабачыў цікавыя для сябе рэчы ў тым прагнозе. Але гэта не пра тое, што расейцы адхіляюць Лукашэнку ад улады.

Тым больш, мы бачым выбарчую кампанію ў Расіі. Яна ідзе без згадкі Беларусі, яе там проста няма ні ў якай форме. І калі браць напад на Украіну, то ён інфармацыйна, у плане паліттэхналогій вельмі доўга рыхтаваўся. Гэта не робіцца знянацку.

І паколькі мы ніякіх прыкметаў такога рыхтавання ў дачыненні да Беларусі не бачым, то, адпаведна, і планаў такіх няма.

Дарэчы, у размове са мной палітолаг Аляксандр Марозаў расказаў цікавую рэч. У свой час ён працаваў з Глебам Паўлоўскім, таму знаёмы з кухняй крамлёўскіх паліттэхнолагаў.

Дык вось ён сказаў: першай прыкметай таго, што краінай займаюцца, будзе тое, што расійскімі рукамі там будзе праведзена сацыялагічнае апытанне. І хутчэй не адно.

Ён прыгадаў, што ў 2019-м такое апытанне праводзіла МГІМО. Марозаў тлумачыць, што там так прынята, з гэтага пачынаюцца сур’ёзныя праекты адносна любой краіны — Малдовы, Украіны, Грузіі.

Не тое, каб яны моцна арыентаваліся на атрыманыя звесткі, але гэта базавы ўзровень, неабходны для распрацоўкі сцэнару для любой краіны. Калі такога няма, то гэта сведчыць, што ёсць пэўныя заявы, але адсутнічае план нават аддалена штосьці рабіць.

— А пра што кажа якасць і дакладнасць гэтых публікацый? На Захадзе па-ранейшаму бракуе добрых спецыялістаў па Беларусі? Ці справа ў самой нашай краіне, якая з нейкіх прычын не выклікае вялікай цікавасці ў грунтоўных даследчыкаў?

— Напэўна, тут варта казаць пра абедзве прычыны. У тым сэнсе, што і нейкіх спецыялістаў, школаў, якія б адмыслова займаліся Беларуссю, вельмі мала.

Шмат хто займаецца Расіяй, школы цэлыя, універсітэты, даследчыя цэнтры. Зразумела, Кітаем. Верагодна, ім нават больш цікавяцца. Украіну вывучваюць. А Беларусь як бы ў цені знаходзіцца.

Калісьці даўно мой калега нагадаў Бжэзінскаму ягоныя словы пра тое, што без Украіны Расія ніколі не адродзіцца як імперыя. Калега спытаў, ці можна казаць пра такую ж ролю Беларусі. На што Бжэзінскі яму адказаў: «Ваша краіна таксама вельмі важная».

Пра што гэта можа сведчыць? Што, так, Украіна — гэта краевугольны камень бяспекі, а Беларусь — не. Яна проста важная краіна, як сказаў Бжэзінскі.

Таму я думаю, што тут адно звязана з адным. Калі краіна не з’яўляецца ключавой, то ёй і не шмат спецыялістаў займаецца. Па зразумелых прычынах быў вялікі ўсплёск цікавасці да Беларусі ў 2020-м у сувязі з нашай рэвалюцыяй.

Можна сказаць, што ў 2022-м быў другі такі ўсплёск, бо Беларусь была адзінай краінай так глыбока заангажаванай у вайну. Калі б яна ўступіла ў вайну ўласным войскам, думаю, як ні дзіўна, цікавасць да яе была б куды большая.

Паколькі ж Беларусь заангажаваная ў вайну досыць абмежавана, з кастрычніка 2022-га з яе тэрыторыі не ляцяць ракеты, то і цікаваць да яе адпаведная.

Ядзерная зброя? Так, але мы бачым досыць спакойную рэакцыю амерыканцаў, якія ў сувязі з размяшчэннем на тэрыторыі Беларусі расійскай ядзернай зброі не мянялі структуру размяшчэння ўласнай зброі ў Еўропе. Прыйшла расійская зброя? Прыйшла і прыйшла, мы ў курсе. І гэта не змена стратэгічнага балансу.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.7(19)