Филин

Сяргей Васілеўскі

Дракахруст: «Гэта кепскі сігнал для Лукашэнкі»

Палітычны аглядальнік Юрый Дракахруст абмеркаваў з Филином важныя падзеі апошніх дзён.

Юрый Дракахруст

— Тое, як Лукашэнка выглядаў 9 мая ў Маскве, а таксама тое, што на ўрачыстасцях у Мінску ён упершыню за ўсе гады кіравання не прамаўляў, у чарговы раз абвастрыла пытанне стану ягонага здароўя.

Як на гэта глядзяць чыноўнікі, сілавікі? І ці не зарана палітолагі пачынаюць разважаць пра жыццё «пасля Лукашэнкі»?

— Сапраўды, гэта кепскі для яго сігнал. Зразумела, што ён усяляк хацеў гэтага пазбегнуць. Але, відаць, у гэтай сітуацыі ён не мог не паехаць у Маскву. Нягледзячы на стан свайго здароўя, давялося ехаць.

Той жа Аліеў змог адмовіцца, хоць і не па зусім такой ужо падставовай прычыне. Ён застаўся, каб адсвяткаваць 100-годдзе свайго бацькі. Па-першае, яно святкуецца сёння, то бок, ён мог на некалькі гадзін прыехаць у Маскву. Акрамя таго, Гейдар Аліеў памёр дваццаць год таму.

Тым не менш, Аліеў змог не прыехаць, а Лукашэнка, спаслаўшыся на хваробу, не змог адмовіцца.

І так, яшчэ адзін важны знак — упершыню з 1995-га на 9 мая ў Мінску выступаў не ён, а міністр абароны. Зразумела, што ў шэрагах наменклатуры думкі з’яўляюцца: а што будзе пасля?

Дарэчы, і ў яго самога, магчыма, у сувязі з гэтым узнікаюць думкі пра 2025 год. А ці трэба самому лезці на прэзідэнцкае месца? Ці не варта ўсё ж неяк адыйсці ў цень? Трымаць усе нітачкі ў руках, але па-за кадрам, каб не ствараць такой сітуацыі.

Мы не ведаем, наколькі цяжка ён хворы. А можа заўтра ён ачуняе і будзе як свежы агурок? Тут жа справа такая. А паслязаўтра ізноў…

 

Але, спраўды, гэтая сітуацыя, якая паказалася ўсім нам у сваёй публічнасці, бо гэта не проста нейкія чуткі, ён відвочна хворы, спараджае думкі ў многіх: а што будзе пасля яго?

Што датычыць апошніх дыскусій на гэтую тэму, то тут ёсць адзін характэрны момант. Многія прыходзяць да высновы, што нічога можа і не змяніцца, асабліва па першым часе.

Яно і зразумела, бо ніякіх альтэрнатыўных грамадскіх інстытуцыйных механізмаў няма. А ёсць сістэма, выбудаваная ім. І спадзявацца, што ёсць нейкі структурны элемент, які б разбурыў або трансфармаваў гэтую сістэму, не варта, яго няма.

Усе абмяркоўваюць: ну, будзе Качанава, будзе Вальфовіч. Альбо, як некаторыя спадзяюцца на deus ex machina — раптам з фронта прыйдзе П*лк К*ліноўскага. Там наступ, а яны пойдуць на Мінск. Ну, ці раптам здарыцца ўсебеларускі страйк.

Усё, канечне, можа здарыцца ў жыцці. Але вось нейкага элемента ўнутры грамадства, унутры палітычнай сістэмы, які б спрыяў яе трансфармацыі пасля сыходу Лукашэнкі, няма. Гэта такі цікавы чыннік.

Зрэшты, жыццё паказвае, што пасля смерці Сталіна ці Мао таксама не было нейкіх механізмаў трансфармацыі. Але змены пачаліся і там, і там. І механізмам гэтых зменаў стала банальная барацьба за ўладу. Бо ні ў каго не было такой вагі і аўтарытэту, як у Сталіна, ці Мао.

Таму і пачаліся бойкі за ўладу. І, у прынцыпе, накірунак развіцця грамадства пасля быў скіраваны да большай лібералізацыі. Калі браць досвед СССР, то і Малянкоў, і Хрушчоў, і Берыя, хоць і мелі розныя праекты, планавалі ў пэўнай ступені лібералізаваць грамадскае жыццё.

Ці так гэта будзе ў Беларусі, хто ведае? Я думаю, што гэтага не ведаюць і патэнцыйныя гульцы — тая ж Качанава, Вальфовіч, той той жа Хрэнін, ці хто іншы.

— КДБ «прадухіліў» чарговы «тэракт». Характэрна тое, што гэта здарылася праз тыдзень пасля таго, як кіраўнік ведамства «спрагназаваў» магчымыя дыверсійныя акцыі і паабяцаў паказаць «прыклады прадухілення тэрактаў».

Пра што гэта сведчыць? Бо, па-шчырасці, усе гэта нагадвае схему: сам паабяцаў, сам і зрабіў.

— Мы не ведаем, якой даўнасці гэтыя «знаходкі» КДБ. Не выключана, што гаворка пра падзеі, якія маглі здарыцца да 2 мая. Калі вы памятаеце, тады Церцель казаў, што мы вам пакажам, каго выявілі. Так што, магчыма, сёння будзе паказанае тое, што на той момант ужо было падрыхтаванае.

Але калі гэта сапраўды здарылася ўжо пасля нарады, на якой прагучала абяцанне, то выглядае гэта, мякка кажучы, дзіўна. Вось мы паабяцаді вам выкрыць дыверсантаў, і вось ужо яны з’явіліся, вельмі зручна.

Тут цяжка пакуль рабіць нейкія канкрэтныя высновы. З агульных меркаванняў, як мне падаецца, у адрозненне ад Расіі, украінцы не павінны мець такіх планаў датычна Беларусі. І выглядае гэта хутчэй на самадзейнасць падначаленых Церцеля.

З іншага боку, людзі бываюць розныя. Сітуацыя ў Беларусі палярызаваная. Мы бачым, што прыхільнікаў радыкальных дзеянняў робіцца больш. А ў КДБ ёсць слаўны досвед яшчэ з часоў царскай ахранкі.

Досвед правакацый. Калі ў групу радыкальных хлопцаў і дзяўчат закідваецца чалавек са схаванымі пагонамі, які іх падштурхоўвае мяккімі крокамі да пэўных словаў, а часам і дзенняў.

А потым гучаць заявы: мы раскрылі. Так, вы раскрылі. Але вы гэта і арганізавалі.

Я не выключаю, што ў дадзеным выпадку было нешта падобнае. У нас на вачах такое ўжо было ў 2021 годзе. Я маю на ўвазе справу Фядуты, Зянковіча і Кастусёва. Яны гаварылі нібыта добраахвотна, але ўсё гэта было зроблена, падстаўлена.

Звяртае на сябе ўвагу інтэрпрэтацыя Церцеля: зладзіць выбухі 9 мая для таго, каб дэстабілізаваць сітуацыю. Ну вось як? Зразумела, тэракты сталі б шокам для грамадства.

Але сказаць, што гэта ўзняло б сотні тысяч чалавек, якія б узялі ў рукі вілы і пайшлі скідваць Лукашэнку? Абсалютна невідавочна, што было б менавіта так.

Урэшце рэшт, мы маем перад сабой свежы досвед Расіі. Забойства Дугінай, Татарскага, замах на Прылепіна, атака на Крэмль не спараджаюць антыпуцінскіх паўстанняў. То чаму нейкі гіпатэтычны тэракт у Беларусі павінен мець палітычныя наступствы ў плане масавых дзеянняў? Мне абсалютна невідавочна.

І гэтая суконная формула — «дзеля дэстабілізацыі сітуацыі» —нагадвае тэракт у мінскім метро. Бо гэтую фармуліроўку без канца паўтараў Канавалаў. Зразумела, што гэта магло спатрэбіцца спецслужбам. Але як такім чынам можна дэстабілізаваць сітцацыю? Зразумела, людзі былі ў шоку. Але што далей?

Таму, па-шчырасці, гэта нагадвае нейкае трызненне. Бо адносна Расіі гэта зразумела, гэта акт вайны. Вы па нам ударылі, мы — па вам. Беларусь ні па кім не б’е.

З кастрычніка абстрэлы з беларускай тэрыторыі спынілася, скарацілася колькасць расійскіх вайскоўцаў. То з якога пераляку ўкраінцы павінны вырашыць ударыць і па Беларусі? Дзеля чаго?

Паглядзім, як будзе развівацца гэтая гісторыя. Пакуль што мая версія — правакацыя. Служба ідзе, людзі радыкальных поглядаў у Беларусі ёсць. Вось яны ў рамках сваёй службы ўсё гэта і робяць.

— На мяжы з Расіяй з нядаўняга часу дзейнічае памежны кантроль. Цяпер з’явіліся паведамленні пра перакапаныя перыферыйныя дарогі, што вядуць з расійскай тэрыторыі на нашу. Між тым, таксама ў маі, але 1995-га, Лукашэнка з Чарнамырдзіным прыбралі з мяжы памежны слуп.

Тое, што адбываецца ў нашы дні, гэта хутчэй сімвалічныя дзеянні, ці ўсё ж пралог да якасна новай гісторыі?

— Тут існуюць розныя версіі. Ёсць меркаванне, што так Лукашэнка спрабуе дыстанцыявацца ад Расіі на фоне таго, што яна, мякка кажучы, не перамагае. Але мне падаецца, што ўсё ж гэта рэакцыя на дзве гісторыі — атака на Мачулішчы і атака на Крэмль.

На Крэмль у тым сэнсе, што змаглі прыехаць у Расію і атакаваць. Значыць, расейцы так ці іначай праваронілі — і спецслужбы, і супрацьпаветраная абарона. І адсюль праекцыя: сёння яны там, а заўтра могуць і каля Палаца незалежнасці апынуцца.

Калі казаць пра Мачулішчы, то трэба згадаць, што пра гэта нядаўна гаварыў Лукашэнка. Гаворка пра тое, як меркаваны арганізатар атакі трапіў у Мачулішчы.

Па яго словах, гэты чалавек спрабаваў трапіць у Беларусь наўпрост з Польшчы, але беларускі памежнік яго нібыта не пусціў. Тады ён прыехаў праз Латвію ў Расію, сеў у Пскове на аўтобус і спакойна даехаў да Мінска без ніякай мяжы. Прапусцілі.

І вось наратыў: рускія — расцяпы, а нашыя — малайцы, пільныя, службу трымаюць. Адсюль выснова, што праз усходнюю мяжу можа патрапіць хто заўгодна.

Заўважце, што гэта адбылося літаральна праз некалькі дзён пасля атакі на Крэмль. Мне падаецца, што логіка тут такая: а мы не пусцім. Нашыя пільныя хлопцы будуць сачыць і не прапусцяць ворага.

Мне падаецца, што гэта найбольш адэкватная інтэрпрэтацыя. Бо афіцыйнае тлумачэнне пра тое, што гэта падрыхтоўка да ўступлення ў сілу пагаднення пра ўзаемнае прызнанне візаў, выглядае дзіўна.

Бо ўсе ведаюць, што гэта адбудзецца ў 2024-м. За паўгода да падзеі ўводзіць абмежаванні — гэта неяк дзіка. Тым больш, дзеля чаго перакопваць ды завальваць дрэвамі аб’язныя дарогі? Зразумела, што гэта зроблена пад штосьці. Гэта відавочны імпульс, а не тое, што праз шэсць месяцаў пачне дзейнічць пагадненне.

Што тычыцца ідэі адгрэбсці ад Расіі, то, напэўна, у Лукашэнкі такія думкі і ўзнікаюць. Але гэта хутчэй такое сімвалічнае адграбанне. Па-сутнасці, яно не перашкаджае завозіць расійскіх вайскоўцаў на беларускія палігоны, гандляваць зброяй. І, па вялікім рахунку, ездзіць расійскім грамадзянам у Беларусь, хіба толькі чэргі з’явіліся.

Думаю, пмежнікі будуць звяртаць увагу на падазроныя на іхні погляд пашпарты — украінскія, казахскія, напрыклад. Пакуль што мала часу прайшло, але мы яшчэ не чулі, каб кагосьці з расейцаў завярнулі на мяжы.

Ёсць яшчэ адна версія, якую самі расейцы абмяркоўваюць: магчымая новая мабілізацыя ў Расіі. Бо новая хваля мабілізацыі — гэта новая хваля людзей, якія пабягуць у розныя бакі. У тым ліку і ў Беларусь, хоць яна і не была галоўным калідорам у мінулы раз. Што, нібыта, мяжу прыкрылі на просьбу Масквы.

Але для мяне невідавочна, што гэта так. Хоць і гэтага нельга выключаць. Украінскі контрнаступ, магчыма, хутка адбудзецца. А гэта новыя страты, якія трэба будзе кампенсаваць. То бок, гэта яшчэ адна дапушчальная версія. 

Хоць у такім выпадку расейцы хутчэй бы перакрылі мяжу са свайго боку, гэта яны ўвялі б пашпартны кантроль. Бо прасіць беларусаў зрабіць гэта, а самім бяздзейнічаць, выглядае неяк дзіўна. Я ўсё ж не ставіў бы гэтую версію на першае месца. 

— Тут акурат у тэму прыйшла навіна пра тое, што Пуцін адмяніў візавыя абмежаванні і забарону на палёты ў Грузію, куды таксама шмат расійскіх грамадзян збегла ад мабілізацыі.

— Так. Як некалі сказаў Арцём Шрйбман, што калі б у Беларусі абвесцілі мабілізацыю, то ў той жа дзень перакрылі б усе межы. У расейцаў іншы падыход: хто хоча — хай звальве. Расія — багатая краіна, народу шмат. Не гэтага возьмем, дык другога. 

Акрамя таго, у іх зараз уведзеная новая сістэма — электронныя позвы ў ваенкамат. Яны прымацаваныя для агульнай сістэмы дзяржпаслуг. І чалавека, які атрымаў такую павестку, могуць проста не пусціць на самалёт да Грузіі.

У любым выпадку, у расейцаў гэтая фішка перакрыць межы і не выпусціць людзей калі і ёсць, то не вельмі жорсткая. І гэты момант таксама схіляе да тлумачэння дзеянняў уладаў па перакрыцці мяжы ўнутранай матывацыяй, а не просьбамі расійскага боку ўвесці пашпартны кантроль.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3.8(11)