Общество
Руслан Гарбачоў

ЦВК прызнала перад каардынатарам руху «За свабоду» парушэнне выбарчага заканадаўства (фотафакт)

Мастоўскі райвыканкам вырашыў скончыць прыём дакументаў па вылучэнні ў склад участковых камісій на два дні раней, чым належыць па закону. Рэгіянальны каардынатар руху «За свабоду» ў Гарадзенскай вобласці Алесь Зарэмбюк гэту справу так не пакінуў.

Раніцай 5 сакавіка Алесь Зарэмбюк зайшоў у Мастоўскі райвыканкам і быў вельмі здзіўлены вывешанай там аб’явай. У адпаведнасці з ёй прыём дакументаў па вылучэнні ў склад участковых камісій сканчаўся ў гэтую пятніцу. Між тым у адпаведнасці з артыкуламі 34 і 35 Выбарчага Кодэкса Беларусі участковыя выбарчыя камісіі фармуюцца не пазьней чым за 45 дзен да выбараў – гэта значыць не пазьней 7 сакавіка ўключна!

Каардынатар руху «За свабоду» адразу ж падаў скаргу аб парушэньні выбарчага заканадаўства райвыканкамам у пракуратуру Мастоўскага раёна і даслаў яе факсам у Цэнтральную выбарчую камісію.

Прыкладна праз гадзіну Алесю Зарэмбюку патэлефанаваў галоўны спецыяліст арганізацыйна-прававога аддзела ЦВК Глеб Хмялёў і паведаміў: праблема з Мастоўскім райвыканкамам вырашана і ён, і яго паплечнікі могуць рэалізоўваць свае законныя правы.

Як адзначыў «Салідарнасці» Алесь Зарэмбюк, ён быў прыемна здзіўлены хуткай рэакцыяй ЦВК. Ён і яго паплечнікі плануюць у бліжэйшыя дні накіраваць ва ўчастковыя камісіі некалькі сваіх кандыдатаў.

У дадзены момант зарэгістраваны ініцыятыўныя групы па вылучэньню каардынатара руху «За свабоду» у Гродзенскі абласны і Мастоўскі раённы Саветы дэпутатаў. На сёння ў падтрымку Алеся Зарэмбюка сабрана каля 500 подпісаў выбаршчыкаў, пры тым што для рэгістрацыі кандыдатам у аблсавет неабходна сабраць 150, а ў райсавет – 75.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)