Общество
Зміцер Панямонаў, Еўрарадыё

Ці патрапіць народ у “народныя абраннікі”?

Выхавацелька дзіцячага садку Галіна Козырава хоча стаць дэпутатам, каб вярнуць пенсіянерам льготы. Кіроўца прадпрыемства “Гомельводаканал” Юры Рубцоў — абараніць інтарэсы працоўных-кантрактнікаў. Кладаўшчыца Наталля Бялова — павялічыць пенсіі людзям. А сталяр Аляксандр Чынько кажа, што будзе дзіркі ў законах латаць.

Днямі Цэнтрвыбаркам распаўсюдзіў звесткі пра асоб, якія імкнуцца шляхам збору подпісаў атрымаць рэгістрацыю ў якасці кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Сярод шматлікіх сябраў як праўладных, так і апазіцыйных партый ды грамадскіх арганізацый, дзеючых дэпутатаў ПП, чыноўнікаў і дырэктароў Еўрарадыё знайшло шмат людзей, якія не толькі пазіцыянуюць сябе як беспартыйных, але і працуюць на звычайных працах — слесараў, кіроўцаў, участковых міліцыянераў, выхавацеляў у садках і настаўнікаў у школах. З якой перадвыбарчай праграмай пойдуць гэтыя прэтэндэнты ў дэпутаты да выбаршчыкаў?

Выхавацелька дзіцячага садка №14 горада Віцебск Галіна Козырава расказала Еўрарадыё, што хоча стаць дэпутатам, каб дабіцца вяртання льгот пенсіянерам.

Галіна Козырава: “Зараз мы збіраем подпісы, сустракаемся з людзьмі — пенсіянеры вельмі скардзяцца на адмены ільготаў на праезд і асабліва на лекі. Мяркую, што гэта не вельмі абдуманы быў крок і няправільны. Трэба больш граматна ставіцца. Але ж гэта не толькі пенсіянеры — гэта тычыцца і маладых сем’яў, і шматдзетных, і бедных сем’яў. Шмат пытанняў і з бюджэтнікамі”.

Неабходную для рэгістрацыі ў якасці кандыдата ў дэпутаты колькасць подпісаў у сваю падтрымку выхавацелька яшчэ не сабрала, але спадзяецца паспець да заканчэння тэрміну, адведзенага на гэта Цэнтрвыбаркамам. Апанентам улады яна сябе не лічыць, але баіцца, што кіраўніцтва адпомсціць ёй за самастойнасць і звольніць з працы.

Галіна Козырава: “Вось вы мяне знайшлі на працоўным месцы, а заўтра я магу тут і не працаваць. Тое, што я буду балатавацца, яшчэ не вядома, чым мне выльецца”.

Па словах участковага інспектара міліцыі адміністрацыі Чыгуначнага раёна Віцебска Андрэя Левінава, ён ідзе ў дэпутаты, каб змяніць законы і прымусіць праваахоўныя органы абараняць простых людзей, а не чыноўнікаў.

Андрэй Левінаў: “Закон павінен працаваць. Добры альбо дрэнны, але працаваць. А ў нас на паперы ўсе законы добрыя, абараняюць простых грамадзян, а насамрэч яны абараняюць толькі чыноўнікаў. Просты чалавек як быў безабаронным, так такім і застаецца. І можна колькасць міліцыі павялічыць яшчэ ў 5 разоў, але карысці ад гэтага не будзе. Бо міліцыя павінна дзейнічаць на падставе законаў, а з тым заканадаўствам, якое ёсць у нас, нічога зрабіць нельга”.

Міліцэйскае кіраўніцтва, па словах участковага, наўпрост заявіла яму, каб той звальняўся. Ён гэтага рабіць не хоча, але кажа, што мае дакументы, з якіх вынікае, што яшчэ да 28 верасня працу ён страціць. А магчыма, і падзеліць лёс свайго былога калегі Парсюкевіча.

Андрэй Левінаў: “Цалкам магчыма, што са мной будзе як з Парсюкевічам, з якім мы працавалі ў адным аддзеле і якога я добра ведаю. Асабліва ведаючы, як працуюць некаторыя супрацоўнікі нашай міліцыі. Любая правакацыя можа быць з іх боку. Можа быць як у Парсюкевіча, можа быць горш ці лепш. Я цалкам дапускаю, што такая сітуацыя можа надарыцца і са мной”.

Беспартыйны кіроўца прадпрыемства “Гомельводаканал” Юры Рубцоў кажа, што хоча патрапіць у Авальную залу каб абараніць інтарэсы працоўных-кантрактнікаў.

Юры Рубцоў: “Я іду для таго, каб дабіцца адмены пастановы Саўміна, згодна з якой наймальнік мае права не працягваць кантракт з працаўніком не ўдакладняючы прычынаў. Гэта мая асноўная мэта”.

Кажа, начальства ўжо коса на яго паглядае, але кіроўцу гэта не палохае.

Юры Рубцоў: “Пада мной няма крэсла кіраўніка, з якога мяне могуць зняць, а “баранку” я сабе заўсёды знайду!”

Сталяр Пінскай жыллёва-камунальнай гаспадаркі Аляксандр Чынько ніякай сваёй перадвыбарчай праграмы не мае. Нікому супрацьстаяць і ні з кім змагацца ва ўрадзе ён не збіраецца. Кажа, бачыць, што ў беларускім заканадаўстве ёсць шмат дзірак, і ідзе ў парламент, каб іх латаць.

Аляксандр Чынько: “Нешта ў нас законы вельмі слабыя. Я хачу быць у парламенце, каб законы дзейнічалі, разумееце? Каб не было дзірак усялякіх. Карацей, я ведаю, што рабіць, мне проста трэба быць у парламенце”.

Неабходную 1 тысячу подпісаў ён пакуль не сабраў. Затое ў яго ніякіх праблемаў на працы няма — кіраўніцтва на дэпутацкія амбіцыі сталяра глядзіць скрозь пальцы.

Беспартыйная кладаўшчыца рамонтна-будаўнічага прадпрыемства “Будфорум” Наталля Бялова таксама не лічыць сябе апанентам улады. Але прызнаецца: ёй шмат што недаспадобы.

Наталля Бялова: “Мне не падабаецца, што знялі льготы, што ў пенсіянераў на раёне вельмі малая пенсія: 250 тысяч — гэта не пенсія! Нават не ведаю, як гэта назваць. Шмат што мне не падабаецца, але пакуль я пра гэта афіцыйна казаць не магу”.

На працы кладаўшчыцу пакуль з-за выбараў не турбуюць, але яна добра памятае, што 4 гады таму за ўзел у папярэдніх выбарах яе звольнілі з працы.

А вось беспартыйны артыст Моладзевага тэатра эстрады Аляксандр Заўгародні на паверку апынуўся не такім ўжо і беспартыйным — за яго плячыма, як высветлілася, стаіць ўся моц БРСМ. А сам ён былы супрацоўнік гарадскога камітэта гэтай аранізацыі.

Аляксандр Заўгародні: “Я не ставіў сабе за мэту атрымаць максімальную падтрымку ад гэтай арганізацыі. Але ў любым выпадку, у гэтую арганізацыю ўваходзяць мае сябры і тая моладзь, якая хацела б бачыць свайго прадстаўніка ў пардаменце”.

Для БРСМаўца пагляды ў артыста даволі крамольныя. Кажа, што мала ўвагі дзяржава надае моладзі. Асабліва моладзі па-за межамі вялікіх гарадоў.

Аляксандр Заўгародні: “Неяк дзяржава дзейніячае аднапалярна. Спорт добра анансіруецца сярод моладзі. Але ў моладзі Мінскага раёна існуе шэраг праблемаў, і ў першую чаргу гэта праблемы жылля і працаўладкавання. У гэтым кірунку недастаткова эфектыўна дзейнічае палітыка і дзяржава”.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)