Политика
Генадзь Косараў, “Заўтра тваёй краіны”

Чыста заходняга вэктару зьнешняе палітыкі Беларусі ня будзе

У мэдыях розных краінаў апошним часам часьцяком сьцьвярджаецца пра магчымыя зьмены ў зьнешняй палітыцы беларускага кіраўніцтва, зьвязаныя з пэўным страхам перад усходняй суседкай, якая ўступіла ў адкрытае супрацьстаяньне на адным з бакоў у грузіна-асэтынскім канфлікце. Ці так гэта? Адказы шукаюць экспэрты “Заўтра тваёй краіны”.

-- Я думаю, што болей выразна акрэсьліцца трэнд не на Захад, таму што пры ўсіх дэклярацыях, што трэба палепшыць стасункі з Захадам зразумела, што перакананьні, мэнтальнасьць цяперашняй беларускай улады не такія, каб абіраць празаходні курс, імкнуцца ў НАТО ці нават ў Эўразьвяз, - адзначае публіцыст Аляксандр Класкоўскі. – Аднак, разам з тым, палітыка лавіраваньня паміж двума цэнтрамі сілы, паміж Расеяй і Захадам, стане яшчэ больш запатрабаванай, і гэта мы бачылі ў сытуацыі, калі Масква націскала і патрабпавала нейкіх сьведчаньняў ляяльнасьці, падтрымкі ў зьвязку з каўказскай вайной, а афіцыйны Менск тым часам падкрэсьліваў, што адбылася сустрэча прэзыдэнта зь міністрам замежных справаў, і ішла гаворка пра тое, як палепшыць стасункі з Захадам і са Злучанымі Штатамі пры тым, што Штаты моцна ангажаваныя ў канфлікт на баку Грузіі. Таму гэта быў таксама своеасаблівы мэсыдж Маскве.

На думку Аляксандра Класкоўскага, афіцыйны Менск ня будзе адкрыта дражніць Маскву, але будзе гуляць на супярэчнасьцях паміж Расеяй і Захадам.

Палітоляг Валеры Карбалевіч таксама мяркуе, што зьнешняя палітыка Беларусі наўрад ці прынцыпова зьменіцца.

-- Тут ёсьць пэўныя чыньнікі, якія не дазваляюць рэзка павярнуць у той ці іншы бок, але гэтыя падзеі, верагодна, пэўным чынам адбіліся ў сьвядомасьці беларускага кіраўніцтва, у сьвядомасьці Лукашэнкі, таму што пытаньне пра сувэрэнітэт Беларусі зноў актуалізавалася, - лічыць экспэрт “Заўтра тваёй краіны”. – З іншага боку, вядомая заява расейскага пасла Сурыкава, як мне падаецца, была памылкаю, памылкаю ці то яго самога, ці то расейскага МЗС. Бо у той час Лукашэнка толькі прыехаў з Пэкіну ў Менск, і цалкам магчыма, што нейкая карэктыроўка пазыцыі беларускага боку тады магла адбыцца. Але Лукашэнка вельмі ня любіць, калі на яго ціснуць, калі яго прымушаюць да нечага, таму, можа і выпадкова, але адбылася заява Лукашэнкі пра неабходнасьць паляпшэньня стасункаў з Захадам. Магчыма, гэта не адбылося храналягічна адно за адным, але тое, як гэта падалося ў мэдыях, нагадвала дэманстратыўны дэмарш на заяву Сурыкава. Палітоляг адзначае, што тут маецца яшчэ і іншы аспэкт.

Працяг матэрыялу чытайце тут.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)