Коктейль

«Чым пахне чабор?» Рэп-дэбют ад настаўніцы беларускай мовы – «Беларусіца»

Настаўніца і літаратарка Ганна Севярынец выступіла ў новым амплуа.

Дэбютам сталі трэк і кліп «Беларусіца», дзе яна зачытала рэп, якiя прысвечаныя прафесіі настаўніцы беларускай мовы. Хіп-хоп вандроўка ў галактыку беларускай класікі адбываецца разам са школьніцай Уллянай (Atesta) і студэнтам Стэфанам. За аранжыроўку і мясісты прадакшн песні адказны Аляксей Паўловіч, за анімаваны кліп — візуальная мастачка @mus4getes.

— Дасведчаныя людзі кажуць, што адзін з канцэптаў рэпу — «рэспект», — кажа Ганна Севярынец. — Для мяне наш праект — мой рэспект усім, хто стварае, выкладае, чытае, слухае і глядзіць беларускае. А яшчэ вельмі важна, што палова ўдзельнікаў «Беларусіцы» — школьнікі і студэнты. От ім, а таксама ўсяму беларускаму школьніцтву і студэнцтву — асобны рэспект.

Па словах аўтара ідэі Алеся Плоткі, праект не мае планаў на «хіпхапізацыю» ўсіх прафесій у настаўніцкай, але рады натхніць на тое, каб «рабіць нечаканае і рабіць так, як не робіць ніхто».

Беларусіца (тэкст – Ганна Севярынец)

Уночы на даху халодна і вецер,

Але гэта, брат, адзінае месца ва ўсім свеце,

Дзе можна нарэшце паслаць усё падалей,

Забіць цвікамі дзверы і не ціснуць на педалі,

Не выносіць смецце, не хадзіць за хлебам,

Не імкнуцца быць тым, кім ты ніколі не быў,

Абаперціся спінай на халодную цэглу

І сядзець і глядзець у неба.

 

І глядзець у неба аж да самага світання,

У цябе да яго, брат, усяго адно пытанне.

Куды ты ідзеш, хто наогул там ідзе

У агромністай такой грамадзе?

 

І навошта гэта ўсё, гэта ўсё табе навошта,

Што хавае твая чарговая плошча,

У якім жахлівым сне гэта ўсё магло прысніцца?

Ты спытайся ў сваёй беларусіцы.

 

Няхай скажа яна, дзе тут Колас, дзе Купала,

Чаму адзін выжыў, а другога ня стала,

Ці шырокія парэнчы у той каменнай лесвіцы,

Куды абаперціся адно што павесіцца.

Яшчэ спытайся, адкуль гэта ў горле,

Пра тую «мову нашу», «пакуль не памёрлі»,

Чаму у Багушэвіча ці нешта такое

Была ля хаты прыхаваная зброя?

 

Хай яна не маўчыць, а скажа нарэшце,

Чаго хацеў Гарэцкі, а чаго хацеў Зарэцкі,

І адкуль дзве душы голага звера,

Які сядзіць у табе дасюль хоць і ніхто ў яго не верыў?

 

Хай яна адкрые таямніцу гэтых дахаў,

Па якіх усё імчыць паляванне Стаха,

І той, каго чакаў, не прызямляецца ў Гародні,

Не трыста год таму, не учора, не сёння.

Чаму чырвоны месяц пакідае сіні бор,

Чым пахне чабор, чым пахне чабор?

 

І калі яно настане, тое цёплае лета,

Калі са сценак змыюць кроў і загавораць партрэты,

Адчуюць пад нагамі сцежку людзі на балоце,

Тыя самыя два словы пішуць зноў на кожным плоце.

Калі нябесны знак і заўтра і тады

Перастане быць знакам бяды.

І калі нябесны знак і заўтра і тады

Перастане быць знакам бяды.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.5(19)