Общество
Яўген ВАЛОШЫН, «Звязда»

Чаму беларускія дзеці гінуць на занятках па фізвыхаванні?

18-гадовы Глеб памёр у мінскім Парку Горкага падчас лёгкай прабежкі. 16-гадовы Паша і 21-гадовы Вадзім загінулі пасля стаметровак. Тры юнацкія смерці ў канцы красавіка—пачатку мая — страшныя лічбы для маленькай Беларусі.

"Звязда" правяла сваё журналісцкае расследаванне і даведалася пра абставіны гібелі хлопцаў, якія не паведамляліся афіцыйна.

Следства высвятляе, ці была смерць Глеба выпадковасцю. Сваякі лічаць, што медыцынскую дапамогу яму аказалі несвоечасова

Вадзім загінуў падчас стаметроўкі ў вайсковай часці. Ні школьныя, ні прызыўныя медкамісіі не выявілі ў хлопца захворванняў сэрца

ПОГЛЯД ЗБОКУ

Зразумела, што раптоўнае спыненне сэрца ў маладых людзей медыкі маглі і не папярэдзіць. Генетычныя схільнасці, трагічныя супадзенні і гэтак далей...

Аднак ці не занадта шмат выпадкаў здараецца ў маленькай Беларусі? Чатыры смерці за навучальны год. Вось лічба, пра якую даведаліся журналісты.

Для параўнання, у суседняй Украіне прэса, якая працуе там вельмі някепска, даведалася толькі пра адну гібель на ўроку фізкультуры ў гэтым навучальным годзе. 15-гадовы хлопец з Адэскай вобласці раптоўна памёр, гуляючы ў футбол на школьным стадыёне. Кровазліццё ў ствол галаўнога мозга.

Якім чынам у 46-мільённай Украіне ўдалося звесці выпадкі смерцяў да мінімуму?

Усё проста. У 2008 годзе ў краіне здарылася сем трагедый на ўроках фізкультуры. Пасля гэтага тагачасны прэм'ер-міністр Юлія Цімашэнка ўвяла мараторый на здачу стаметровак і іншых бегавых нарматываў. Цяпер вучню дазвалялі бегаць на час толькі пасля скрупулёзнага медыцынскага абследавання. І гэта дало плён.

У Беларусі ж, дзе насельніцтва ў пяць разоў меншае, паказчыкі смяротнасці песімістычныя. Прыйшоў час публічна абмяркоўваць праблему.

Пра смерці на ўроках фізкультуры "Звязда" пісала яшчэ сёлета ў лютым. Тады мы расказалі гісторыю трэцякурсніка Мінскага інстытута кіравання Мішы Зырко, які ў пачатку навучальнага года загінуў падчас звычайнай прабежкі. Паваліўся на баскетбольнай пляцоўцы, "хуткая", па словах відавочцаў, прыехала праз 15 хвілін, дэфібрылятара ў ёй не аказалася, Мішу не выратавалі. Пракуратура высветліла, што ў хлопца былі шматлікія парокі, але ў медыцынскіх дакументах гэтага не пазначылі. За смерць Мішы ніхто не адказваў.

Тады мы папярэджвалі бацькоў, урачоў і настаўнікаў пра выключную важнасць медаглядаў, пра тое, якім павінен быць правільны падыход да выкладання фізкультуры.

Ад моманту публікацыі не прайшло і трох месяцаў. І як толькі пачаліся цёплыя дзянькі — у краіне здарылася чарговая хваля недарэчных смерцяў. Дзеці пачалі здаваць нарматывы і займацца бегам на доўгія дыстанцыі.

"У "хуткай дапамозе" не аказалася дэфібрылятара"

Раніцай 3 мая ў мінскім Парку Горкага рабілі прабежку студэнты лінгвістычнага ўніверсітэта. 18-гадовы першакурснік Глеб Пашкевіч нечакана паваліўся, пасінеў. "Хуткая" прыехала своечасова, але медыкі не змаглі ўратаваць хлопца. Прычына смерці — раптоўнае спыненне сэрца. Так гучыць афіцыйная версія смерці Глеба. Яе агучылі інфармацыйныя агенцтвы.

Дакладную карціну той трагічнай раніцы склаў Юрый Уладзіміравіч, дзядзька Глеба Пашкевіча. На пахаванні пляменніка ён меў размову з непасрэдным відавочцам трагедыі — выкладчыкам фізкультуры.

— Прыкладна ў 9.45 група прыйшла займацца ў Парк Горкага. Нарматываў не здавалі, працавалі ў так званым вольным рэжыме. Глеб пабег уздоўж Свіслачы разам з аднагрупніцай Юляй, так прабеглі адзін круг. Аднагрупніца спынілася, перайшла на крок, а пляменнік пабег далей. І праз 50—70 метраў паваліўся. Пачалі крычаць: "Хлопцу кепска!" Глеб ляжаў на жываце, як бы абапёршыся на руку, ссінеў. Пачалі аказваць першую дапамогу. "Хуткая", па словах выкладчыка фізкультуры, прыехала праз 5-7 хвілін. У машыне "хуткай" не аказалася дэфібрылятара, а гэта, верагодна, магло выратаваць пляменніку жыццё. Так званы рэанімабіль прыбыў яшчэ праз дзесяць хвілін, але было позна. Праз нейкі час мы даведаліся, што ў падобных выпадках усё вырашаюць першыя хвіліны. Магчыма, Глеба ўдалося б уратаваць, калі б медыкі першай "хуткай" мелі дэфібрылятар. Гэта абурае! Мы ж не Афрыка, а краіна ў цэнтры Еўропы. На дварэ ХХІ стагоддзе, а медыкі не маюць такога важнага рэанімацыйнага абсталявання!..

— Чаму Глеб займаўся фізкультурай разам з іншымі дзецьмі? Няўжо пра хворае сэрца ніхто не ведаў?

— У старэйшых класах школы пляменнік займаўся фізкультурай абмежавана, у яго скакаў ціск. Калі ж прыйшоў час паступаць ва ўніверсітэт, то Глеба перавялі ў асноўную групу. Ціск скакаць перастаў, сказалі, што гэта было ўзроставае. І ўявіце, на першым курсе лінгвістычнага ўніверсітэта студэнты не праходзілі медагляду, у іх проста спыталіся: "Ці ёсць у вас праблемы са здароўем?" Гэта натуральна, што пляменнік мог пасаромецца сказаць перад дзяўчатамі пра нейкія праблемы. Медагляд павінен быў праводзіцца на другім курсе, выявіць праблемы Глеба з сэрцам не было магчымасці. Медыкі нам патлумачылі, што худыя і высокія хлопцы ва ўзросце 16—18 гадоў (такім быў Глеб) знаходзяцца ў зоне рызыкі. Некаторыя органы, у тым ліку і сэрца, не паспяваюць расці за целам. Але бацькоў пра гэта ніхто не папярэдзіў. Бацькі нават не падазравалі, што існуе небяспека...

Карэспандэнт "Звязды" паспрабаваў датэлефанавацца да кіраўніцтва Мінскага лінгвістычнага ўніверсітэта — чаму медагляды праводзяцца толькі з другога курса? Ці зробіць кіраўніцтва ВНУ нейкія высновы пасля гібелі свайго студэнта?

На жаль, ані рэктару МДЛУ Наталлі Баранавай, ані прарэктару па выхаваўчай працы не хапіла адвагі, каб размаўляць з журналістам.

Незадоўга да смерці Глеб на сваёй старонцы ў адной з сацыяльных сетак напісаў пра жыццёвыя інтарэсы: "Ахапіць неабсяжнае, зразумець неспасціжнае, спазнаць непазнанае...". Але ўсе планы маладога чалавека так рана і так несправядліва абарваліся.

Ці знойдуць вінаватых у смерці Глеба Пашкевіча? Пытанняў узнікае нямала. Праверка па факце гібелі студэнта працягнутая да 4 чэрвеня.

Міністэрства аховы здароўя: "Пытанне па дэфібрылятарах вырашаецца"

— Як правіла, калі прычынай выкліку "Хуткай дапамогі" бывае апісаны вамі стан, выязджае машына, забяспечаная дэфібрылятарам, — тлумачыць начальнік аддзела першаснай медыцынскай дапамогі Міністэрства аховы здароўя Людміла ЖЫЛЕВІЧ. — Аднак часта людзі, якія выклікаюць "хуткую", знаходзяцца ў разгубленасці і не могуць дакладна апісаць сітуацыю. З-за гэтага ўзнікаюць праблемы.

Сёння пытанне па дэфібрылятарах актыўна вырашаецца, створана спецыяльная ведамасная праграма па забеспячэнні ўсіх машын хуткай дапамогі гэтымі прыладамі.

"Вадзім упаў, калі бег стаметроўку, мама бачыла, як яго ратавалі..."

За пяць дзён да смерці Глеба Пашкевіча на Случчыне падчас здачы нарматываў па бегу памёр 20-гадовы салдат тэрміновай службы Вадзім Непачаловіч. Гісторыя развівалася па падобным сцэнары. Паралелі напрошваюцца самі сабой.

— Яму павінен быў споўніцца 21 год, маці паехала ў вайсковую часць, віншаваць, — распавядае Паша РАДЗІЧ, блізкі сябар загінулага салдата Вадзіма Непачаловіча. — Пабачыцца не змаглі: мама спазнілася на 10 хвілін, і Вадзім ёй пазваніў: "Не паспееш, у нас спаборніцтвы, трэба бегчы..." Вадзім бег 100-метроўку. Упаў, падняўся і зноўку ўпаў. Маці ад КПП бачыла, як яго спрабавалі ўратаваць, але не выратавалі...

Прычына смерці Вадзіма Непачаловіча такая ж, як і ў Глеба Пашкевіча, — раптоўнае спыненне сэрца. Пытаемся у Пашы Радзіча, ці былі ў сябра праблемы са здароўем?

— Не, ён на сэрца ніколі не жаліўся. І ў войску нармальна сябе адчуваў, ніхто яго там не біў. Казаў, што грошы бралі за тое, каб званіць дамоў, і ўсё, нармальна служыў. Яму, калі прызывалі ў армію, тры разы давалі адтэрміноўку. Але не з-за сэрца. Памятаю, як Вадзім сказаў: "Калі ў гэты раз адтэрміноўку не дадуць, пайду служыць". І пайшоў, пасля Новага года. За тыдзень да смерці прыязджаў, быў такі бадзёры, казаў: "Мяне яшчэ на два дні ў Старыя Дарогі адпусцяць, памагчы па хатняй гаспадарцы, прыеду, і пагуляем..." Але не вярнуўся. У яго была дзяўчына, вяселле планавалі рабіць. Харошы быў хлопец, меў шмат сяброў, толькі сарамлівы дужа.

Якім чынам чалавек з праблемамі сэрца апынуўся ў войску? Няўжо медыцынскі агляд не паказаў цяжкае захворванне? І ці не з-за праблем з сэрцам Вадзіму Непачаловічу давалі адтэрміноўку раней?

— Адтэрміноўка давалася па пытаннях эмацыйна-валявой устойлівасці. А што датычыцца фізічных паказчыкаў, сэрца і іншых органаў, праблем не было, — паведамляе слуцкі міжгарнізонны вайсковы пракурор Сяргей ПАТАПАЎ. — Я кіруюся звесткамі карты прызыўніка. Вельмі шмат размоў ходзіць, чутак, пытанне сур'ёзнае, будзем з усімі гэтымі абставінамі разбірацца. У гэтым выпадку заведзена крымінальная справа па факце смерці, правяраюцца ўсе магчымыя версіі. Трэба правесці шэраг экспертыз.

У старадарожскай школе, якую скончыў Вадзім Непачаловіч, пра сардэчнае захворванне былога вучня нават не падазравалі. Нармальны здаровы хлопец.

— Вадзім скончыў у нас 9 класаў і сышоў. Па фізічным стане заўваг ніколі не было, — узгадвае былога вучня Валерый САКАЎ, дырэктар старадарожскай школы № 1. — Прыязджалі з ваеннай пракуратуры, глядзелі дакументы, размаўлялі з фельчарам.

У Старых Дарогах дагэтуль абмяркоўваюць гібель Вадзіма Непачаловіча. Нехта наракае на цяжкія армейскія нагрузкі, нехта выказвае версію, што Вадзім не хацеў звяртацца да медыкаў, а тыя ў сваю чаргу фармальна правялі медагляд. Нехта проста кажа, што такі Божы лёс, і смерць Вадзіма Непачаловіча — выпадак, якіх адзін на мільёны. І калі б не шэраг падобных смерцяў, якія нядаўна здарыліся ў краіне, можна было б з такой думкай пагадзіцца...

"Медагляд можа не выявіць фактары, што прывядуць да смерці"

У Міністэрстве аховы здароўя папярэджваюць, што застрахавацца ад раптоўнай каранарнай смерці (раптоўнага спынення сэрца) на 100% немагчыма. Здараецца, нават скрупулёзныя медагляды не выяўляюць сардэчна-сасудзістых захворванняў, якія ў выніку прыводзяць да гібелі.

— Часам нават анатаміраванне не паказвае праблемы, толькі даследаванне на клетачным узроўні можа выявіць паталогію і рызыку раптоўнай каранарнай смерці, — працягвае Людміла Жылевіч. — У чалавека могуць быць нармальная кардыяграма, нармальныя паказчыкі ўльтрагукавога даследавання — на першы погляд, здаровы чалавек. І толькі падчас звышмоцных нагрузак адбываецца збой. Раптоўную смерць можа выклікаць нават высокі псіхаэмацыйны стрэс. А таксама іншыя фактары рызыкі — алкагольная інтаксікацыя, атручэнне і іншае.

Ніхто не заўважыў, што выдатнік фізкультуры перанёс інфаркт

Яшчэ адна смерць 16-гадовага юнака, якая здарылася ў Івацэвічах 3 мая, папросту не ўпісваецца ў межы нармальнага разумення.

— Урачы недагледзелі, ды і сам ён не хацеў да іх хадзіць, — кажуць блізкія пра 16-гадовага Пашу Строчку, які памёр пасля стаметроўкі сёлета ў маі.

Хлопчык быў адзіным вучнем у ліцэі, які меў 9 балаў па фізкультуры. Паша скардзіўся на здароўе. Чаму бацькоў і медыкаў нічога не насцярожыла?

Навучэнец Івацэвіцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці Паша Строчка памёр пасля здачы стаметроўкі. Прабег, спытаўся пра вынік у настаўніка і...паваліўся. Высветлілася, што хлопец хадзіў на заняткі цяжкахворым.

Трагедыя здарылася вось на гэтым стадыёне Івацэвіцкага ліцэя. Навучэнцы і настаўнік так і не пачулі два словы, якія Паша Строчка паспрабаваў вымавіць перад смерцю.

— У дзве гадзіны дня я яго бачыла, а ў чатыры Пашкі не стала, — праз слёзы кажа Людміла Хомушка, суседка сям'і Строчкаў з вёскі Целяханы. — Быў панядзелак, на выхадных з братам нешта пілавалі, з помпай тут вазіліся, лазню вытапілі. А ў панядзелак Пашка сказаў: "Усё, еду на Івацэвічы..." Як цяжка было, калі бусам прывезлі труну... Казалі, перад тым, як упасці, ён сказаў нейкія два словы, але ніхто дакладна нічога не пачуў. Далей адкрылася рвота, пайшла кроў з носа... Носік і кулачкі былі счасаныя... Не дай Божа мацеры такое перажыць.

— Кажуць, што Пашка быў лепшым вучнем ліцэя па фізкультуры.

— Дырэктар сказаў на хаўтурах, што ён адзіны фізкультуру на дзявятку цягнуў. Мы не можам зразумець, чаму ён быў у асноўнай групе? Кажуць, што на медаглядзе ў ваенкамаце знайшлі шумы ў сэрцы. Але падчас дадатковых аглядаў нічога больш не знайшлі. А калі было ўскрыццё, высветлілася, што ў дзіцяці быў інфаркт, і ён перахадзіў яго на нагах. Атрымоўваецца, што Пашку недагледзелі.

— Ці здаровым рос хлопчык?

— Ён рос разам з маёй дачкой, здаралася, елі з адной талеркі. Было відаць, што дзіця не зусім здаровае. У яго целасклад быў не такі, трохі сутулаваты ён быў. У трохмесячным узросце перанёс менінгіт, сваяк-прафесар прыехаў з Гродна, выцягнуў яго з таго свету. А калі ён трапіў у ліцэй, вырас, выцягнуўся, фізкультура была ягоным любімым прадметам. Усе думалі, што спорт яго трошкі падцягнуў. Вельмі харошы быў хлопчык, заўсёды прыйдзе, павітаецца, з усмешкай, працавіты. Памятаю, як перад Вялікаднем прыехаў — у доме музыка грыміць. Ён за граблі — і працаваць. Які быў гаспадар...

Словы суседкі нас узрушылі і здзівілі. Аказалася, што інфармацыя пра інфаркт, перанесены на нагах, не якія-небудзь бязглуздыя чуткі.

— Вось, адкрываю актавы запіс аб смерці. У яго дыягназ — постынфарктны кардыясклероз, — зачытвае дакумент Алена КАЙЛЬ, сакратар Целяханскага пасялковага Савета. — Хлопец не быў цалкам здаровы, на камісіі ў ваенкамаце праблемы ў яго знаходзілі. Сям'я ў іх — не без праблемаў, недагледзелі...

Дык ці жаліўся сам Паша Строчка на сваё здароўе? Як медагляды маглі не выявіць захворвання, якое прывяло да смерці? Звяртаемся з гэтымі пытаннямі да кіраўніцтва ліцэя, дзе навучаўся Пашка.

— У верасні яму паставілі асноўную групу здароўя, у лістападзе група была пацверджана поўным медаглядам. Хоць хто яго ведае... — задумаўся Міхаіл ДЫМОВІЧ, дырэктар ліцэя. — Настаўнік фізкультуры правёў усё па правілах. Была размінка, потым — стаметроўка. Як кажуць урачы — адзін выпадак з тысячы. "Хуткая" прыляцела адразу ж, яго яшчэ спрабавалі выратаваць, але не змаглі.

Не трэба быць Шэрлакам Холмсам, каб зразумець, што сумневы дырэктара ў "поўным медаглядзе" небеспадстаўныя. Ды і сам Паша Строчка не раз казаў старэйшаму брату Яшу, што яму нядобра.

— Пару разоў на сэрца скардзіўся, але праходзіла, — спрабуе мужна адказваць на пытанні 17-гадовы брат Яша Строчка. — Урачы нічога не знаходзілі. Недагледзелі. Ды і сам ён не хацеў да іх хадзіць.

Атрымоўваецца, 16-гадовы юнак, які нават па законе не можа цалкам адказваць за свае паводзіны, апынуўся сам-насам з праблемай. І па дзіцячай наіўнасці не стаў правяраць сваё здароўе. Дзе ж былі медыкі, бацькі? На жаль, адказу на гэта пытанне мы, хутчэй за ўсё, не атрымаем. Крымінальная справа па факце гібелі хлопца заведзена не была.

— Праводзілася праверка. Раптоўнае спыненне сэрца — гэта нечаканы дыягназ, — паведамляе пракурор Івацэвіцкага раёна Ігар КОЛБІК. — Быў выпадак, такі ж дыягназ паставілі трохмесячнаму дзіцяці. Здаровае немаўля, пахарчавалася — і раптам загінула... Растлумачыць такія выпадкі складана.

Выходзіць, мы зноўку сутыкнуліся з "нешчаслівым выпадкам". Не маю права асуджаць нікога са службовых асобаў, але чарговы раз падкрэслю: чатыры такія "выпадкі" за навучальны год для маленькай Беларусі — гэта лічба, якая выклікае сумнеў. Тым больш што маладыя людзі паміралі на занятках па фізвыхаванні, а не на ўроках матэматыкі ці капаючы бульбу ў гародзе.

І пакуль гэта праблема не атрымае шырокага рэзанансу, заняткі па фізкультуры для некаторых падлеткаў і маладзёнаў будуць несці смяротную небяспеку.

Як застрахаваць дзіця ад раптоўнай смерці?

У межах гэтага журналісцкага расследавання карэспандэнт "Звязды" звярнуўся да найлепшых спецыялістаў, якія дасціпна растлумачылі, як зберагчы жыццё сваім блізкім.

1. Прайсці скрупулёзны медыцынскі агляд

Кандыдат біялагічных навук, урач-кардыёлаг Ірына СЫСОЙ шмат гадоў падчас уступнай кампаніі была загадчыкам медыцынскай камісіі ў Беларускім дзяржаўным універсітэце фізічнай культуры і спорту. Спецыяліст упэўненая — калі абітурыента недаабследавалі, адказнасць за яго смерць ляжыць на работніках медыцыны.

— Для таго, каб паступіць у большасць навучальных устаноў, дастаткова медыцынскай даведкі формы 086/У. Яна выдаецца супрацоўнікамі раённай паліклінікі. Туды занатоўваюцца ўсе хранічныя захворванні, якія ёсць у чалавека на момант паступлення. Гэта вельмі важны дакумент, які падпісваецца галоўным урачом. Адносіны да даведкі павінны быць вельмі ўважлівымі.

У навучальнай установе урач на падставе даведкі 086/У дзеліць студэнтаў на групы здароўя — асноўную, падрыхтоўчую і спецыяльную. Таму, калі дзіця было аднесена ў няправільную групу, гэта недагляд паліклінікі.

Тут самае важнае — гэта адказнасць урачоў, якія выдаюць даведкі формы 086/У. Здараецца, да медработніка можа прыйсці матуля абітурыента і пры наяўнасці добрага да яе стаўлення атрымаць даведку. І там не будзе хранічных захворванняў.

Яшчэ адна праблема. Калі раней амаль усе ўрачы рабілі ў дакуменце пазнакі — акуліст, лор, хірург і іншыя, то сёння дапускаецца спрошчаная форма даведкі, дзе ўсе захворванні можа выпісаць урач-тэрапеўт. І няма неабходнасці праходзіць усіх спецыялістаў. Гэта надзвычай важны і надзвычай негатыўны момант.

2. Праверце, ці кваліфікавана выкладаецца фізкультура ў вашага дзіцяці?

Савецкі спорт дзейнічаў па прынцыпе "няхай пераможа наймацнейшы". Вялікая колькасць спартоўцаў кідалася ў адну мясарубку, дзе выжывалі самыя-самыя. Па інерцыі гэтыя прынцыпы перакідваліся і на звычайных школьнікаў. Абсалютна непадрыхтаванага чалавека маглі прымусіць здаваць цяжкія нарматывы. І хоць вантробу пасля выплёўвай.

Не ўсе сучасныя настаўнікі фізкультуры навучыліся правільнаму падыходу да выкладання сваёй дысцыпліны.

— Аднолькавы падыход да ўсіх вучняў недапушчальны. Медагляды часам праводзяцца скрозь пальцы, і атрымоўваецца, што бегчы крос павінен і майстар спорту, і гіпертонік, — аналізуе сітуацыю сусветнавядомы трэнер па тайскім боксе, былы чэмпіён свету сярод прафесіяналаў Дзмітрый ПЯСЕЦКІ. — Настаўнік павінен быць уважлівым, праводзіць асабістыя размовы з кожным вучнем і адчуць, ці сапраўды ў чалавека нармальнае здароўе. Навічка нельга прымушаць рабіць цяжкія нагрузкі. Неабходна даць магчымасць прызвычаіцца, "уцягнуцца". Легкадумнасць у гэтым пытанні недапушчальная.

Начальнік аддзела першаснай медыцынскай дапамогі Міністэрства аховы здароўя Людміла ЖЫЛЕВІЧ лічыць, што маладому пакаленню не хапае якаснага фізічнага выхавання. З-за гэтага маладыя людзі часам бываюць непадрыхтаваныя да нагрузак.

— Пачынаецца навучальны год — адразу ж здаюць бег на доўгія дыстанцыі. Між тым нагрузкі павінны быць паступальнымі. Калі адразу даваць павышаную і рэзка павышаную нагрузку — арганізм не спраўляецца.

3. Ігнараванне фізкультуры — смяротная небяспека

— Не займацца спортам — надзвычай шкодна для здароўя. Працэсы ўнутры арганізма праходзяць запаволена, чалавек робіцца менш адаптаваным да стрэсаў і хваробаў, — падкрэслівае Дзмітрый Пясецкі. — Кожны павінен займацца нейкім відам спорту. Іншае пытанне — якім і ў якой ступені.

— Ці ўсе вашы вучні атрымоўваюць аднолькавую нагрузку?

— Не. У кожнага свае прыродныя дадзеныя, нават спартоўцы міжнароднага класа маюць розныя праграмы падрыхтоўкі. Гэта трэба ўлічваць, а не займацца гвалтам. Задача трэнера і настаўніка — правільна даваць нагрузку.

4. Праверце сваю спадчыннасць

Медыкі папярэджваюць, што ў групе рызыкі раптоўнай смерці асабліва шмат людзей з генетычнай схільнасцю да сардэчна-сасудзістых хваробаў.

— Калі бабуля памерла ад інфаркту, трэба выключыць фактары рызыкі — адмовіцца ад алкаголю і тытуню, займацца фізічнай нагрузкай, — аналізуе Людміла Жылевіч. — А людзі часта не робяць высноў, не звяртаюць увагі на пагаршэнне стану здароўя. Да ўрачоў звяртаюцца позна.

Быў выпадак — нечакана памёр малады чалавек. Ніхто ніколі не мог сказаць, што ён быў хворы. Між тым у чалавека генетычная схільнасць. У выніку звычайная прастуда спрацавала як пускавы механізм смерці.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)