Былы спецназавец: «Нашай задачай, калі проста, было затрыманне людзей і канваіраванне іх менавіта ў аўтазакі»

Сілавік, які прымаў удзел у разгоне пратэстаў — пра падзеі 2020 года.

— Калі ў 2020 годзе пачаліся першыя затрыманні, у тым ліку Сяргея Ціханоўскага, я ўжо разумеў, што нічога добрага не будзе і напісаў рапарт аб звальненні, — расказаў былы афіцэр унутраных войскаў Беларусі Максім Дзенісевіч на Радыё «Рацыя».

Максім Дзенісевіч

Па яго словах, да 2020 года ён выконваў розныя задачы.

— Гэта была ахова правапарадку, як кажуць, канваіраванне асуджаных, служыў у спецназе, нават даводзілася ахоўваць Лукашэнку. Тады, бывала, даходзіла да маразму, як я лічу, напрыклад, ачапленне раёну, дзе той касіў траву.

Або быў выезд у яго рэзідэнцыю, дзе звычайныя жаўнеры саджалі дрэвы ці бульбу, — успамінае Дзенісевіч.

Ён расказвае, што адразу звольніцца са спецназу было немагчыма.

— Гэты працэс займае доўгі час — ад двух прыкладна месяцаў і даўжэй. Да звальнення мне прыйшлося прымаць удзел у разгоне пратэстаў з 9 да 19 жніўня.

Непасрэдна з удзельнікамі пратэсту я сутыкнуўся 11 жніўня. Тады я дзейнічаў у складзе так званай «группы изъятия» (падобныя групы выкарыстоўваюць для выканання задач па ліквідацыі масавых беспарадкаў – С.).

Нашай задачай, калі проста, было затрыманне людзей і канваіраванне іх менавіта ў аўтазакі. Працавалі мы ў Парку Паўлава.

Мне перадалі чалавека, які стаяў на каленях, а «касманаўт» з нейкага іншага падраздзялення трымаў палку на яго шыі. Гэта быў мой так бы мовіць «першы кліент». Аказалася, што гэты хлопец наогул займаўся на турніках. Я сказаў яму, што ў яго ёсць некалькі секунд, каб уцячы адсюль.

І далей, калі менавіта майму падраздзяленню перадавалі людзей, усе яны былі тым ці іншым спосабам адпушчаныя з гэтага парку, і я спадзяюся, што яны дабраліся да бяспечнага месца, — расказаў Дзенісевіч.

Ён упэўнены, што ў падзеях 2020 года ў Беларусі ўдзельнічалі расійскія сілавікі.

— Я перакананы, што Расія аказвала дапамогу беларускім уладам у тыя дні. Яшчэ 9 жніўня мне падалося, што тыя, каго нам прадставілі быццам як АМАП, былі расіянамі.

Перад першай задачай іх камандзір сказаў пра пратэстоўцаў, што мы павінны іх забіваць, бо калі не мы іх, то яны нас.

Зараз шмат хто кажа, што ўдзел прымалі расійскія падраздзяленні, і я згодны з гэтым. Бо людскога рэсурсу не хапала, каб перакрыць нават Мінск, я ўжо не кажу пра Пінск, Баранавічы, Брэст ды іншыя гарады, дзе таксама былі моцныя пратэсты, — узгадаў былы сілавік.

Па яго словах, і ў тыя дні, і пасля шмат хто з яго калег разумеў, што адбываецца.

— Насамрэч шмат хто разумее, але прыдумвае сабе адгаворкі, маўляў, нам не важна, хто ўлада, мы будзем яе абараняць, бо гэта наша праца.

Зараз былыя афіцэры, мае аднакурснікі па вайсковай акадэміі, тыя, хто прымалі ўдзел у разгонах пратэстаў у 2020 годзе, звяртаюцца да мяне, каб я дапамог ім знайсці працу. Нават яны шукаюць выйсце з гэтага астраўка стабільнасці, — расказаў былы спецназавец.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.6(28)