Общество

Бяз сайта і адкрытай прыёмнай кампаніі. Што вядома пра напаўсакрэтную ўстанову, якая рыхтуе кадры для КДБ Беларусі

Тут вучыліся старшыня Савету бясьпекі Расеі Патрушаў і былы кіраўнік Адміністрацыі Лукашэнкі Латыпаў. Радыё Свабода расказвае, што вядома пра Акадэмію нацыянальнай бясьпекі Беларусі.

Ня самы заўважны будынак у Менску ў стылі сталінскага ампіру па вуліцы Зьмітрака Бядулі, 2 — гэта Акадэмія нацыянальнай бясьпекі Беларусі. Установа, якая моцна адрозьніваецца ад іншых ВНУ для сілавікоў. Такіх як Акадэмія МУС ці Вайсковая акадэмія. У гэтую ўстанову, якая наўпрост падпарадкоўваецца КДБ, паступаюць іншым чынам. Расказваем пра яе падрабязьней.

Львоўская перадгісторыя

27 сьнежня 1946 году ў Львове стварылі спэцыяльную школу, каб рыхтаваць апэратыўны склад для органаў дзяржаўнай бясьпекі. Некаторы час установа выпускала кадры зь сярэдняй юрыдычнай адукацыяй.

У 1954-м школу перанесьлі ў Магілёў, а з 1956 году на яе базе пачалі рыхтаваць кадры з вышэйшай адукацыяй. Яшчэ праз 5 гадоў школа пераехала ў Менск, дзе пазьней, згодна з пастановай Савету міністраў СССР, стала Вышэйшымі курсамі КДБ СССР пры Савеце міністраў. На курсах тады навучалі год, паступіць можна было з вышэйшай адукацыяй і двухгадовым стажам практычнай працы.

З 1988 году курсы перайшлі на новую праграму, цяпер тут вучыліся 18 месяцаў і атрымлівалі дыплём аб спэцыяльнай вышэйшай адукацыі.

Ужо ў 1992-м курсы перадалі ў юрысдыкцыю КДБ Беларусі, яны атрымалі назву Вышэйшых курсаў. У красавіку 1994 году рашэньнем Вярхоўнага Савету Беларусі Вышэйшыя курсы КДБ перарабілі на Інстытут нацыянальнай бясьпекі Беларусі. А 10 кастрычніка 2022 году паводле ўказу Лукашэнкі замест Інстытуту зьявілася Акадэмія нацыянальнай бясьпекі Беларусі.

Асаблівы адбор

Найперш, гэта не ўнівэрсытэт кшталту Акадэміі МУС, куды паступаюць адразу пасьля школы. У Акадэміі нацыянальнай бясьпекі вучаць на базе вышэйшай адукацыі, то бок сюды трапляюць ужо пасьля вучобы ў ВНУ. Таксама трэба мець досьвед службы ў войску.

Як выглядае мэханізм паступленьня, Свабодзе расказалі ў арганізацыі былых сілавікоў BelPol. Найперш кадры будучых супрацоўнікаў шукае сам КДБ. Гэта робяць праз ваенкаматы, праз ВНУ, празь дзяржаўныя прадпрыемствы.

«Чалавек не павінен быць прыцягнуты да крымінальнай адказнасьці, а яго блізкія родзічы не павінны быць прыцягнутыя па сур’ёзных артыкулах. Сярэдні бал навучаньня павінен быць ня меншы за 7 па 10-бальнай сыстэме. Таксама станоўчыя характарыстыкі. Гэтыя кандыдаты здаюць і фізычныя іспыты: падцягваньне, адцісканьне, залік па бегу. Там агульнавайсковыя крытэрыі. Таксама людзі здаюць псыхалягічныя тэсты і праходзяць паліграф», — расказваюць у BelPol.

Пасьля таго як чалавек праходзіць гэты этап праверкі, ягоныя дадзеныя накіроўваюць ва ўпраўленьне кадраў КДБ. Пасьля гэтага будучыя супрацоўнікі КДБ, як правіла, паступаюць на службу ў Камітэт дзяржбясьпекі ў якасьці курсантаў і ідуць вучыцца ў акадэмію.

«Асноўнае прызначэньне гэтай акадэміі — падрыхтоўка апэратыўных супрацоўнікаў КДБ. Гэта выведка, контравыведка, барацьба з карупцыяй, арганізаванай злачыннасьцю ды іншае. Але ў КДБ ёсьць і іншыя напрамкі дзейнасьці», — расказалі Свабодзе суразмоўцы.

Праграма навучаньня

Будынак Акадэміі нацыянальнай бясьпекі

Існуюць дзьве асноўныя праграмы, па якіх навучае акадэмія нацбясьпекі. Першая — базавая, для людзей пасьля ВНУ і вайсковай службы. Другая — для людзей, якія ўжо паступілі на службу ў КДБ і маюць афіцэрскае званьне, эканамічную ці юрыдычную адукацыю. А таксама досьвед працы па спэцыяльнасьці ці службы ў іншых сілавых органах.

Сьпярша базавыя курсы, для людзей, якія толькі прыйшлі, доўжыліся 1 год, а для афіцэраў — 5 месяцаў. Цяпер базавая праграма складае 2 гады, а кароткую праграму падоўжылі да 9 месяцаў. Пасьля году вучобы курсанту прысвойваюць званьне лейтэнанта.

«Па базавай праграме навучаецца прыкладна 200 чалавек. На скарочаных курсах — прыкладна 40. Яшчэ існуюць курсы прапаршчыкаў для КДБ. Гэта кіроўцы ды ахова. Курсы цягнуцца каля 20 месяцаў, і на іх вучыцца каля 30 чалавек. Існуюць таксама курсы павышэньня кваліфікацыі для афіцэраў КДБ. Там вучаць кіраўнікоў спэцслужбы, а таксама нейкіх спэцыфічных спэцыялістаў. Там каля 15–20 чалавек», — кажа суразмоўца.

Калісьці ў Акадэміі рыхтавалі супрацоўнікаў для Памежнага камітэту, але пасьля адкрылі Інстытут памежнай службы. Па зьвестках суразмоўцаў Свабоды, там могуць навучацца на асобных курсах мытнікі, ідэолягі ці супрацоўнікі Дзяржкантролю.

Таксама ў гэтай акадэміі ёсьць ад’юнктура. То бок там вучаць і людзей з навуковымі ступенямі.

На пачатку 2000-х у Акадэміі нацыянальнай бясьпекі была і пяцігадовая праграма. На яе паступалі ў асноўным дзеці дзейных супрацоўнікаў КДБ. Яны навучаліся ў іншых ВНУ і ў Акадэміі спэцдысцыплінам. На гэтай праграме было няшмат людзей. Па зьвестках крыніцы Свабоды, пасьля 2008 году праграму дакладна прыбралі.

Як вучацца

Выкладаюць у Акадэміі былыя і дзейныя супрацоўнікі КДБ. Будынак ахоўваецца.

«Таксама гэта могуць быць пэнсіянэры іншых сілавых структур. Цывільных асобаў сярод выкладчыкаў, хутчэй за ўсё, няма. Гэта вайсковы аб’ект, дзе ёсьць КПП, дзяжурная служба і ўзброеная ахова. Асобам, якія там вучацца, выдаюць пропускі, а афіцэры скарочаных праграмаў заходзяць па сваіх пасьведчаньнях», — кажа суразмоўца зь BelPol.

Усе курсанты жывуць на тэрыторыі акадэміі. Гэта пакоі на некалькі чалавек, не казарма. У акадэміі ёсьць спартовая заля, трэнажэрка, заля для сілавых адзінаборстваў, стралковы цір для стральбы з караткаствольнай зброі. Таксама ёсьць сталоўка і буфэт.

Дыплём аб вышэйшай адукацыі выдаюць людзям, якія скончылі 2 гады навучаньня. Тым, хто вучыўся на кароткіх курсах, даюць пасьведчаньне аб іх завяршэньні. Вывучаюць замежныя мовы, крымінальнае права, міжнароднае права, крыміналістыку. Сярод грамадазнаўчых дысцыплінаў — паліталёгія, кіраваньне. Таксама выкладаюць псыхалёгію.

«Асноўны кірунак — спэцдысцыпліны. Фактычна гэта агентурная дзейнасьць. У акадэміі здаюць залікі і экзамэны, ёсьць курсавыя работы. Расказваць іншым асобам, пра што там вучаць, нельга. Нельга праносіць прыстасаваньні, якія маюць камэры ці дыктафоны. За парушэньне правілаў могуць пазбавіць допуску да сакрэтаў, што вядзе да звальненьня з КДБ», — расказвае суразмоўца.

На час навучаньня ўсе, хто вучыцца, носяць вайсковую форму. Выкарыстоўваюцца вайсковыя статуты.

З акадэміі могуць выгнаць, такія выпадкі ёсьць, кажа суразмоўца. Аднак гэта здараецца вельмі рэдка. У асноўным — за парушэньне дысцыпліны.

«Усе апэратыўныя супрацоўнікі КДБ мусяць прайсьці або доўгія, або кароткія курсы ў гэтай акадэміі», — кажа суразмоўца.

Хто вучыўся ў Акадэміі нацбясьпекі і хто ёю кіруе цяпер

Некаторыя выпускнікі вышэйшых курсаў КДБ — такі статус раней мела акадэмія — займалі высокія пасты ў эшалёнах беларускай улады. Напрыклад, яе канчаў Урал Латыпаў, які ў розныя часы працаваў міністрам замежных спраў Беларусі, памочнікам Лукашэнкі па нацыянальнай бясьпецы, кіраўніком адміністрацыі прэзыдэнта.

Таксама тут вучыўся Анатоль Тозік, колішні намесьнік прэм’ер-міністра Беларусі ва ўрадзе Міхаіла Мясьніковіча. Вышэйшыя курсы КДБ у Менску канчаў сакратар Савету бясьпекі Расеі Мікалай Патрушаў. Ён жа ўзначальваў расейскую ФСБ з 1999 па 2008 год.

Асноўны орган, якому падпарадкоўваецца Акадэмія нацыянальнай бясьпекі, — КДБ Беларусі. З 2021 году Акадэмію ўзначальвае Валянцін Платонаў, яе кіраўніка прызначае асабіста Лукашэнка. Па зьвестак BelPol, Платонаў нарадзіўся ў Днепрапятроўскай вобласьці Ўкраіны, у Крывым Розе. Працаваў у цэнтральным апараце КДБ, на 2016 год займаў пасаду намесьніка начальніка галоўнага ўпраўленьня эканамічнай бясьпекі.

У красавіку 2022 году Валянцін Платонаў меў званьне палкоўніка, але начальнік акадэміі — гэта генэральская пасада. Суразмоўцы Свабоды кажуць, што магчыма, яму далі гэтае званьне, але засакрэцілі.

Паводле зьвестак BelPol, родная сястра Платонава Надзея замужам за грамадзянінам Бахрэйну Насерам Ібрагімам Насерам Алі з 2006 году. Амаль не жыве ў Беларусі і зрэдку сюды прылятае. У Бахрэйне нарадзілася пляменьніца Платонава, яна мае грамадзянства гэтай краіны.

Па словах былых супрацоўнікаў сілавых структур, калі ў чалавека родзічы жывуць за мяжой, яму амаль немагчыма трапіць на службу ў КДБ. Аднак калі ён ужо служыць і ягоны сваяк выехаў, то яго ўжо ня звольняць. Таксама ў правілах дакладаць пра ўсе кантакты з іншаземцамі, расказалі суразмоўцы Свабоды.

Маці Платонава Тамару ў 2000 годзе судзілі. Суд Барысаўскага раёну прызначыў ёй штраф па крымінальным артыкуле «Падман пакупнікоў і заказчыкаў».

Намесьнік начальніка акадэміі — Генадзь Краско, ён доктар навук. Паходзіць зь Бешанковіцкага раёну. Школу Краско скончыў на выдатна, яму нават прапаноўвалі паступаць без іспытаў у Полацкі ўнівэрсытэт. Аднак ён абраў Віцебскі ўнівэрсытэт імя Машэрава і паступіў на факультэт беларускай філялёгіі і гісторыі.

Пасьля дыплёму ўладкаваўся на працу ў той жа ўнівэрсытэт на катэдру. Вядома, што да 2005 году Краско яшчэ не служыў у КДБ. У 2010 годзе стаў кандыдатам навук. У 2020-м Краско атрымаў ступень доктара гістарычных навук. У акадэміі ён адказвае за навуковую частку. Мае навуковыя працы на тэму гісторыі беларускага КДБ. У 2017 годзе Краско, будучы ўжо кандыдатам гістарычных навук, пісаў навуковую працу па тэме «Прычыны і асаблівасьці арганізацыйнага разьвіцьця савецкіх органаў дзяржбясьпекі (на прыкладзе Беларускай ССР)».

Генадзь Краско меў жонку, але разьвёўся.

Што цяпер з Акадэміяй

Паводле інфармацыі BelPol, ад жніўня мінулага году Акадэміі выдзелілі дадатковыя 20 мільёнаў рублёў на будоўлю новага корпусу. Там маюць быць вучэбныя і адміністратыўныя будынкі, а таксама новы інтэрнат на 150 месцаў. Менгарвыканкам выдзеліў участак пад філіял акадэміі побач з касьцёлам Сьвятога Роха, у раёне вуліц Залатая Горка — Чырваназорная. Гэта новы, дадатковы факультэт павышэньня кваліфікацыі і перападрыхтоўкі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 1.8(11)