Бяляцкі: «Досыць, трэба спыняць гэтую грамадзянскую вайну! Я спадзяюся, мяне пачуюць»

Нобелеўскаму лаўрэату Алесю Бяляцкаму спаўняецца 61 год, дзень народзінаў 25 верасня ён сустракае за кратамі. 

  • Гэта трэці, а ўлічваючы папярэдняе зняволенне, — ужо шосты, Дзень народзінаў, які Алесь Бяляцкі будзе сустракаць за кратамі.
  • 26 гадоў таму Алесь Бяляцкі заснаваў найбуйнейшую беларускую праваабарончую арганізацыю «Вясна». На працягу ўсяго часу яе існавання дзяржава аказвала ціск на праваабаронцаў, а ў 2021 годзе ўвогуле ўнесла інфармацыйную прадукцыю «Вясны» ў ганаровы спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.
  • За сваю праваабарончую дзейнасць Бяляцкі неаднаразова трапляў за краты. У 2011 годзе ён быў асуджаны на 4,5 года калоніі ўзмоцненага рэжыму за нібыта ўхіленне ад выплаты падаткаў.
  • З 14 ліпеня 2021 года Алесь Бяляцкі зноў арыштаваны. Яго абвінавацілі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» і «фінансаванні пратэстаў» у 2020-м. Сваёй віны праваабаронца не прызнаў. 3 сакавіка 2023 суд Ленінскага раёну Мінску абвясціў прысуд — 10 гадоў калоніі. Яшчэ да вынясення прысуду стала вядома, што Нобелеўскі камітэт уганараваў Алеся Бяляцкага прэміяй міру.
  • Падчас свайго апошняга слова ў судзе Бяляцкі адзначыў:

«Рэпрэсіі ў краіне працягваюцца і сёння. Пра гэта сведчаць усё новыя і новыя палітычныя зняволеныя, якія з'яўляюцца ў СІЗА. Чарадою ідуць судовыя працэсы па палітычна матываваных крымінальных справах. Неверагодныя, неўяўляльныя і нябачныя дагэтуль узровень рэпрэсій, усемагчымага ціску на грамадства з боку ўлад!

У нашай гісторыі такое было толькі ў царскія і сталінскія змрочныя гады аж да смерці Сталіна ў 53-м. На пачатку 80-х гадоў, калі ў СССР быў пік змагання з дысідэнтамі, праваабаронцамі, актывістамі нацыянальных і рэлігійных рухаў, палітзняволеных было каля трох тысяч на ўсю агромністую савецкую імперыю, у якой жыло 250 мільёнаў чалавек.

А зараз на адну Беларусь — паўтары тысячы палітзняволеных.

Досыць, трэба спыняць гэтую грамадзянскую вайну! Я спадзяюся, мяне пачуюць».

  • Алесь Бяляцкі 5 разоў станавіўся кандыдатам на Нобелеўскую прэмію міру і ў 2022-м урэшце яе атрымаў разам з прадстаўнікамі праваабарончых арганізацый «Мемарыял» з Расіі і «Цэнтр грамадзянскіх свабод» з Украіны. Ён не змог трапіць на цырымонію, бо ў гэты час знаходзіўся ў беларускіх засценках — прамову Бяляцкага на ўручэнні «Нобеля» зачытала яго жонка.

«Гэтая прэмія — узнагарода мільёнам беларускіх грамадзян, якія выступілі ў абарону сваіх грамадзянскіх правоў. Яна падкрэслівае тую драматычную сітуацыю, якая склалася з правамі чалавека ў краіне, — працытавала Наталля Пінчук словы Алеся Бяляцкага».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.5(15)