Политика
Алег Мыцік, «Мы»

БХД абрала свайго кандыдата на выбары прэзідента — Віталя Рымашэўскага

Як і чакалася, ім стаў сустаршыня «Беларускай Хрысціянскай дэмакратыі» Віталь Рымашэўскі. 23 траўня ён перамог таемным галасаваннем сваіх канкурэнтаў — сустаршыню БХД Георгія Дзмітрука і намесніка старшыні Мінскай гарадской арганізацыі БХД Леаніда Скарабагатага.

Зараз Рымашэўскі збіраецца правесці перамовы з іншымі меркаванымі кандыдатамі на ўдзел у прэзідэнцкай гонцы. Найбольш блізкай да БХД сілай, дарэчы, Рымашэўскі называе Рух “За Свабоду”, лідэр якога Аляксандр Мілінкевіч ужо даўно заявіў пра свой намер зноў удзельнічаць у выбарах кіраўніка краіны.

На Нацыянальнай канферэнцыі БХД, што прайшла 23 траўня ў Мінску, хрысціянскія дэмакраты таксама вызначыліся і са сваім удзелам у Кангрэсе праеўрапейскіх сіл, што збіраецца зладзіць сёлета ўвосень Аляксандр Мілінкевіч.

Увогуле еўрапейскіх кангрэсаў будзе ажно цэлых тры. Першы мусіць прайсці 21 чэрвеня на плошчы Бангалор. Вулічны кангрэс арганізуюць лідэр аргкамітэта па стварэнні партыі "Народная грамада" (Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя) Мікалай Статкевіч і Еўрапейская кааліцыя. Другі кангрэс ладзяць Аб`яднаныя дэмакратычныя сілы. Трэці кангрэс — Руху “За Свабоду” — плануецца на лістападзе 2009 года. На думку сустаршыні БХД Паўла Севярынца, удзел у ім прадстаўнікоў Еўрапарламента, еўрапейскіх структур, вялікая колькасць дэлегатаў робіць яго значнай і нават гістарычнай падзеяй для Беларусі.

БХД вырашыла падтрымаць кангрэс Мілінкевіча, але ў тым выпадку, калі будуць выкананыя ўмовы хадэкаў. Іх тры: пры правядзенні падрыхтоўчай працы да кангрэса павінна быць прынята праграма дзеянняў на бліжэйшы год з улікам пазіцый БХД; у кангрэсе павінны ўдзельнічаць як мага больш арганізацый, якія падзяляюць каштоўнасці хрысціянская дэмакратыі; сябры БХД будуць прадстаўляць на кангрэсе сваю партыю, а не якія-небудзь іншыя структуры.

Што да ўдзелу кандыдата ад БХД у прэзідэнцкай кампаніі, то, як паведаміў у інтэрв’ю “Мы” Віталь Рымашэўскі, зараз ён збіраецца пачаць перамовы з іншымі меркаванымі кандыдатамі ад дэмсіл.

— З блізкімі БХД па сваіх поглядах, у першую чаргу. Гэта — Аляксандр Мілінкевіч, кіраўніцтва Партыі БНФ, іншыя грамадска-палітычныя сілы, якія выступаюць за незалежнасць Беларусі, за еўрапейскі выбар краіны. І чые погляды хаця б не пярэчаць маральна-этычным каштоўнасцям “Беларускай Хрысціянскай дэмакратыі”.

Рымашэўскі не выключае, што ў працэсе перамоваў з палітычнымі партнерамі ён здыме сваю кандыдатуру на карысць, напрыклад, адзінага кандыдата ад апазіцыі. Але падкрэслівае, што разглядае сябе менавіта як прадстаўніка БХД і будзе адстойваць інтарэсы хрысціянскай дэмакратыі — і падчас свайго ўдзелу ў кампаніі, і — калі гэта адбудзецца — пры працы на карысць іншага кандыдата ад апазіцыі.

Што да супрацы з АДС, то, як падкрэслівае Віталь Рымашэўскі, БХД не можа пакуль разглядаць кааліцыю як паўнавартаснага партнёра, бо ў яе кіраўнікоў “ёсць абсалютна нявысветленыя пазіцыі ў адносінах да шляхоў развіцця Беларусі”.

— Напрыклад, Сяргей Калякін, лідэр ПКБ, заяўляў пра неабходнасць больш шчыльнай інтэграцыі з Расіяй, нават ваеннага саюзу, а Анатоль Ляўковіч, лідэр сацыял-дэмакратаў, фактычна падтрымаў Лукашэнку ў сваім інтэрв’ю “Советской Белоруссии”. Мы не можам супрацоўнічаць з структурай, пакуль там існуюць такія меркаванні сярод кіраўніцтва. Але мы адкрытыя да супрацоўніцтва як з беларускімі ўладамі, так і з АДС, калі дзеянні гэтых суб’ектаў будуць адпавядаць нашым каштоўнасцям. Нагадаю, на мінулых парламенцкіх выбарах мы далучыліся да адзінага спісу кандыдатаў, які быў ініцыянаваны АДС. Калі ёсць канструктыў, які ідзе на карысць Беларусі, то чаму не. Напрыклад, на рэгіянальным узроўні нашыя актывісты досыць плённа супрацоўнічаюць з актывістамі ад партый, якія ўваходзяць у АДС.

На дадзены момант, як бачым, правыя ўжо маюць двух кандыдатаў на ўдзел у прэзідэнцкай кампаніі. Аляксандр Мілінкевіч даволі даўно заявіў пра свае прэзідэнцкія амбіцыі, а зараз вось і БХД займела свайго кандыдата. Дарэчы, як сказаў сам Рымашэўскі, калі б аднаму з лідэраў БХД Паўлу Севярынцу на час наступных прэзідэнцкіх выбараў споўнілася 35 гадоў, то пытанне пра асобу адзінага кандыдата ў Беларусі не стаяла б увогуле. Суб’екты АДС жа пераносяць разгляд мэтазгоднасці ўдзелу ў прэзідэнцкіх выбарах ажно на восень гэтага года. Апошнім часам з’явілася інфармацыя пра ўдзел у выбарах былога міністра замежных справаў Пятра Краўчанкі, але сам ён пакуль не каментуе гэтую версію.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)