Филин

Іван Корсак

Булгакаў пра ліквідацыю НДА: «Гэта сігнал унутранай аўдыторыі — суцішцеся і выконвайце нашы дырэктывы»

Філосаф — аб магчымай ліквідацыі ТБМ і «Бацькаўшчыны».

На гэтым тыдні Вярхоўны суд пачынае разгляды справаў аб ліквідацыі адразу трох знакавых грамадскіх аб’яднанняў Таварыства беларускай мовы (ТБМ), Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына» і БНФ «Адраджэнне» (не блытаць з Партыяй БНФ). Гаворка вядзецца пра ціск на арганізацыі, што працавалі ў нішы беларушчыны, ці гэта частка агульнай палітыкі па знішчэнні НДА? «Филин» спытаў пра гэта ў філосафа, рэдактара часопісу ARCHE Валера Булгакава.

Валер Булгакаў. Фота Baj.by

— Я не падзяляю думкі, што дадзеная ліквідацыя накіраваная на вузкі сегмент беларушчыны, бо ў спіс на ліквідацыі трапілі нават і прарасійскія арганізацыі, — кажа Булгакаў. — Маштаб падзей значна большы. Калі ў інтэрнэце чуюцца словы, што гэта апошні цвік у труну беларушчыны, то я не згодны з такім падыходам.

Вядома, што пад прэс ліквідацыі патрапілі сотні арганізацый. Магчымая ліквідацыя ТБМ і «Бацькаўшчыны» — толькі адзін з мазкоў агульнай карціны. Варта зрабіць рэмарку, што дадзеныя арганізацыі яшчэ не ліквідаваныя, але ведаючы як сёння працуе юрыдычная машына, то, хутчэй за ўсё, цудаў не будзе. Але я спадзяюся, што здаровы розум у нейкі момант з’явіцца і да ліквідацыі не дойдзе.

Што тычыцца матывацыі, то магчыма некалькі варыянтаў. Для мяне карціна выглядае так: сама кампанія ліквідацыі НДА — гэта псіхалагічны ціск, накіраваны як на ўнутраную аўдыторыю, гэтак і на замежную.

Гэтая кампанія ўражвае сваёй маштабнасцю і беспрэцэдэнтнасцю, але ў гэты спіс часам трапляюць абсалютна выпадковыя арганізацыі, як Саюз пчаляроў-бортнікаў, ці гульцы ў пейнтбол. Адчуванне, што ствараецца карцінка, якая павінна моцна ўразіць.

З іншага боку існуюць не толькі колькасныя паказчыкі, але і якасныя, калі гаворка заходзіць пра ТБМ, «Бацькаўшчыну» ці БНФ «Адраджэнне». Гэта візітоўкі грамадзянскай супольнасці, якая тут стваралася на працягу апошніх 30 гадоў.

Рэжым стварае карціну палітычнага ціску, якая мае два вымярэння. Першае — унутраная аўдыторыя, якую спрабуюць яшчэ раз застрашыць, прымусіць панікаваць, яна накіраваная на людзей, якія даўно знаходзяцца ў асяроддзі беларускай культуры. Рэжым вельмі зацікаўлены, каб новая хваля актывістаў з’ехала з краіны, ці зашылася ў падполлі і ўладзе было б прасцей вырашаць пэўныя палітычныя моманты.

Кожны суайчыннік, якія чытае па-беларуску, ведае, што такое БНФ «Адраджэнне» і ТБМ. Гэта ўжо сапраўдныя брэнды, калі браць капіталістычны заходні рынак, то іх можна параўнаць з «Соні» і «Мерсэдэсам».

Другое вымярэнне — прымусіць Захад прыняць лукашэнкаўскія правілы гульні. Людзі, якія прымаюць дадзеныя рашэнні, успрымаюць Захад як супольнасць мяккацелых палітыкаў, здольных ісці на саступкі. Маўляў, яны моцна ўразяцца гэтым ціскам і прымуць правілы гульні, што прапануе Лукашэнка.

Нешта падобнае адбываецца і ў дачыненні да  польскай меншасці. Беспрэцэдэнтны ціск на палякаў у Беларусі мае на мэце прымусіць польскі бок прыбегчы да Лукашэнкі і абмяркоўваць умовы вызвалення Андрэя Пачобута і Анжалікі Борыс. Рэжым, здаецца, вельмі здзіўляецца, чаму гэта яшчэ не адбылося. На псіхалагічным узроўні гэта называецца вызначаць павестку ці дамінаваць, ствараць на аснове рэпрэсіўных захадаў новую сітуацыю, — лічыць Валер Булгакаў.

Раней улады спрабавалі нейкім чынам уключаць дадзеныя арганізацыі ў сваю гульню. Напрыклад, міністр замежных спраў Уладзімір Макей прыходзіў на з’езд «Бацькаўшчыны». Алена Анісім з ТБМ была дэпутаткай Палаты прадстаўнікоў, а Алег Трусаў прыходзіў на размовы да Аляксандра Лукашэнкі. Атрымліваецца, цяпер такія заігрыванні ўладам ужо не патрэбныя?

— Закончыўся адзін палітычны цыкл, пачаўся другі. Папярэдні цыкл адбываўся ва ўмовах глабальнага пацяплення адносін з Захадам. Апафеозам таго перыяду быў візіт у лукашэнкаўскую адміністрацыю дзяржасакратара ЗША Майкла Пампеа, — кажа Булгакаў. — Цяпер у гэта цяжка верыцца, што такі высокі чыноўнік з ЗША мог паціскаць руку Лукашэнку і ўсміхацца разам у камеры.

Гэта гучыць як таўталогія, але цяпер улады зацікаўленыя ў тым, каб захоўваць уладу. Яны хочуць забяспечыць механізмы пераемнасці, якія будуць дзейнічаць хаця б у сярэднетэрміновай перспектыве. На носе ў нас рэферэндум, а таксама квазівыбары мясцовыя і парламенцкія. Цяперашняя сітуацыя паказвае,  наколькі бязлітасна будуць адбывацца гэтыя кампаніі. Ужо цяпер можна прагназаваць іх вынікі.

Адным з наступстваў канстытуцыйнай рэформы, думаю, будзе змяненне працэдуры рэгістрацыі кандыдатаў у прэзідэнты. Больш такой сітуацыі не будзе, калі, груба кажучы, можна было прыйсці з вуліцы, зарэгістраваць сваю ініцыятыўную групу і весці кампанію.

Гурбагулы Бердымухамедаў. Фота acca.media

Будзе нейкія суровы сярэднеазіяцкі варыянт, магчыма, з удзелам Усебеларускага сходу. Ужо на этапе рэгістрацыі будзе адсякацца любая альтэрнатыва.

Беларускі рэжым канчаткова пераўтвараецца ў рэжымы сярэднеазіяцкага тыпу. Я нагадаю, што ў Казахстане, ці тым больш у Туркменістане, няма магчымасці зарэгістравацца кандыдатам умоўнаму Бабарыку. Там ёсць сіта і фільтры, якія блакуюць на самых ранніх этапах такія ініцыятывы.

На такіх кроках мы можам бачыць траекторыю таго, як будзе рухацца рэжым бліжэйшым часам. Але гэта не значыць, што ўсе будуць знішчаныя. Напрыклад, на мінулым тыдні «Советская Белоруссия» апублікавала артыкул, з якога вынікае, што існавала дыскусія, ці пакідаць «Анлайнер» і «Сіцідог» жывымі. Нейкая імітацыя, нейкія астраўкі яны будуць захоўвацца.

На фоне скасавання дзейнасці БНФ «Адраджэнне» вельмі красамоўным бачыцца толькі прыпыненне на шэсць месяцаў дзейнасці Руху «За свабоду» Юрася Губарэвіча. Прастора для гульні застаецца.

Для палітыкі няма нічога немагчымага. Не трэба думаць, што Захад ці Ўсход будуць увесь час трымацца нейкія высокамаральных арыенціраў. Мы ўжо бачылі шмат непрадказальных кульбітаў, нешта падобнае можа адбыцца і цяпер.

Гэта і сігнал унутранай аўдыторыі, калі вы суцішыцеся і ўвядзеце самацэнзуру, будзеце выконваць нашы дырэктывы, то вашы структуры, можа быць, захаваюцца і далей. Цяперашнія рэпрэсіі — гэта кампанія, і яна мае пачатак і канец. Не трэба думаць, што яна будзе доўжыцца вечна. Разам з тым, пэўныя правілы гульні ў медыя, грамадзянскай супольнасці, як выглядае, асабліва ўжо не зменяцца да самага канца лукашэнкаўскага рэжыму.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.2(20)