Общество
Eolonir

Благасфэра пра “знаўцаў” моваў ды палітыку

Пасьля гучнага скандалу ў ЖЖ, выкліканага словамі Анатоля Васэрмана, сталага ўдзельніка праграмы “Што? Дзе? Калі?”, які дазволіў сабе непаважлівыя выказваньні на адрас беларускай ды ўкраінскай моваў, блогеры яшчэ доўга абмяркоўвалі стэрэатып расейскага паспалітага люду наконт сваіх суседзяў. І наколькі гэтыя забабоны невыкаранімыя.

Рэакцыя беларускіх інтэрнаўтаў на выказваньні “знаўцы” была перадказальна адмоўнай і не заўжды шляхетнай. Што характэрна, намаганьні блогераў уцягнуць сп. Васэрамна ў дыскусыю ды патлумачыць сваю пазыцыю доказамі, а не пустымі заявамі кшталту прачытаных некалі радзянскіх падручнікаў па гісторыі моваў, былі марнымі: усе адказы зводзіліся да словаў “я ніколі не памыляюся” або “я лепей ведаю” (чытаць у камэнтарах вось тут).

У параўнаньні з дыскусыямі на тэму палітыкі, дыскусыі пра паходжаньне моваў ды правапіс слова “Беларусь” па-расейску заўжды выклікаюць хвалю допісаў у адказ. Праблема, як падаецца, у тым, што расейскія інтэрнаўты прынцыпова ня хочуць вызнаваць права Менску рэгуляваць ужытак расейскай мовы на сваёй тэрыторыі, а афіцыйны Менск, з свайго боку, ня хоча займацца гэтым рэгуляваньнем. Дарэчы, у выпадку з ангельскай мовай яе нарматывы вызначаюцца як адпаведнымі інстытуцыямі Брытаніі, так і ЗША, Канады, Аўстраліі ды іншых краінаў, дзе ангельская мае статус дзяржаўнай. У нас жа становішча іншае: Менск лічыць, што ня можа, Масква ўпэўненая, што толькі яна мае манаполію на мову.

З палітычных дыскусыяў адносна кволую, у параўнаньні з моўным пытаньнем, рэакцыю выклікаў артыкул “Белгазэты” пра становішча ў “Маладым Фронце”, выкладзены праз zmagarka. Болей увагі прыцягнула спартовая тэма, а менавіта прысутнасьць ангельскіх паліцыянтаў у Менску, што ўспрымалася як экзотыка (спасылкі на фотаздымкі — у камэнтарах да допісу).

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)