Общество
Eolonir

Благасфэра пра выезныя суды ды зьнікненьне расейскіх тэлеканалаў

У ліцэі БДУ 2 сакавіка быў зладжаны выезны суд над трыма ўхілістамі ад прызыву ў войска. З кожнага факультэту на яго накіравалі колькі патэнцыйных прызыўнікоў, каб прадэманстраваць ім наступствы падобных дзеяньняў. Але нават калі на відавочцаў працэсу гэта неяк паўплывала, то з боку блогераў было чуваць амаль толькі кепікі ды параўнаньні з трыццатымі гадамі.

Асабліва трапна пра суд выказаўся адзін з камэнтатараў пад вось гэтым постам: калі рабіць выезны працэс, то рабіць так, каб ён на сто адсоткаў адпавядаў уяўленьням гледачоў пра справядлівасьць. Гэтым жа разам візэрунак суду быў дашчэнту разбураны тым фактам, што пракурор сядзеў побач з судзьдзёй. Гэта, на меркаваньне блогера, сымбалізавала адсутнасьць разьдзяленьня функцыяў бакоў, неабходные для справядлівага працэсу. І спасылацца на тое, што, маўляў, не судзьдзя з пракурорам сталы ставілі, неяк безсэнсоўна: прынесьці яшчэ адзін стол было б няцяжка.

Сам факт, што ўхіленьне ад войска мусіць цягнуць за сабой кару, ніхто не аспрэчваў. Пытаньні выклікалі менавіта форма ды месца правядзеньня працэсу. А паколькі ў нашым грамадзтве яшчэ моцныя згадкі пра савецкую судовую практыку, упэўнены, што й наступныя падобныя мерапрыемствы напаткае тая самая рэакцыя, калі іхны фармат ня будзе зьменены. Прынамсі ў тым, што датычыць трох чалавек за адным сталом.

Другая найпапулярнейшая тэма — гэта зьнікненьне з этэру расейскіх каналаў. Уласна допіс зьявіўся яшчэ 29 сакавіка ды, без паданьня спасылак на ахвіцыйныя крыніцы, выклікаў толькі скепсіс: маўляў, чарговыя плёткі пра “дэвальвацыю, дэнамінацыю ды інфляцыю” (памятаеце, як у студзені па Нэце кружлялі пагалоскі пра апакаліпс нацыянальнае эканомікі ўжо на наступны дзень?). Але зараз, калі навіна пацьвердзілася, цікава было пабачыць, наколькі перадказальнай была рэакцыя блогераў: ніхто асабліва й не шкадаваў з нагоды памяншэньня глядацкага выбару, вось, праўда, нагоды да абыякавасьці былі розныя. Нехта адкрыта цешыўся, што “паменшае расейскае прапаганды”, хтосьці зазначаў, што ніколі й не глядзеў гэтых каналаў, і не такія яны пярліны, каб сумаваць па іх.

Так што, падаецца, тэма вяшчаньня расейскіх каналаў пераўтвараецца для Беларусі ў неактуальную. Прынамсі, пакуль яны ня будуць паказваць нечага прынцыпова адрознага ад БТ.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)