Общество
Eolonir

Благасфэра пра “Вікіпэдыю мапаў” ды эканамічны блогінг

Вядома, што мапаў беларускіх местаў для GPS-навігатараў існуе ня шмат, ды й тое выбар абмяжоўваецца Менскам ды агульнай мапай краіны. Яшчэ горай з папулярным сэрвісам maps.google.com: Беларусь на ім прадстаўленая толькі агульнымі абрысамі краіны ды вобласьцяў, некалькімі галоўнымі шашамі (няма нават трасы М2, якая спалучае Менск з “алімпійкай”, ад чаго нашая сталіца на Гугле выглядае адцятай ад цывілізацыі) ды тузінам местаў, сярод якіх бракуе Магілёва й Віцебска, затое чамусьці ёсьць Шклоў ды Чэрыкаў. Мапаў вялікіх местаў няма ўвогуле. Крыўдна, бо ў параўнаньні суседнія з намі Польшча ды Расея прамаляваныя амаль дасканала.

Беларусь застаецца белай плямай на афіцыйных мапах, але, на шчасьце, існуюць ня толькі яны. На сайце праекту Open Street Map, які ствараўся як своеасаблівая “Вікіпэдыя мапаў”, можна бясплатна спампаваць падрабязныя карты Менску, рэгіянальных цэнтраў і неблагую мапу Беларусі, створаныя самімі карыстальнікамі. Натуральна, мапы з Open Street Map можна выкарыстоўваць і на GPS-навігатарах, але без навігацыі, так што яны ня могуць лічыцца заменай афіцыйным прадуктам, што пастачаюцца з прыстроямі. Але што да іхнае якасьці, то яна калі й саступае апошнім, то не нашмат. Да таго ж, у стварэньні й удасканаленьні картаў бярэ ўдзел шмат народу з розных рэгіёнаў; падобная вялікая аўдыторыя гарантуе хуткае выпраўленьне памылак.

Далучыцца да праекту можа хто заўгодна. Open Street Map функцыянуе паводле прынцыпу Вікіпэдыі, то бок зьмест не падлягае мадэрацыі й адразу выстаўляецца на сайце. Трэба зазначыць, Беларусь на праекце прарысаваная вельмі няблага ў параўнаньні з суседзямі.

На “антыкрызавым” блозе, які мадэруецца Аляксандрам Лучанком, зьявіўлася перадрукоўка цікавага агляду эканамічнае благасфэры ў Расеі ад “Коммерсанта”. Аўтар зазначае два істотныя адрозьненьні між расейскай эканамічнай благасфэрай і амэрыканскай. Па-першае, гэта памер: у ЗША эканамічны блог — гэта дзясяткі тысячаў наведвальнікаў ды камэнтараў штодня; прыкладам, блог прафэсара Бэрклі Брэда Дэлонга зьмяшчае болей інфармацыі, чым сярэдні расейскі эканамічны партал. А па-другое — прафэсійнасьць ды публічнасьць: аўтары вядомых амэрыканскіх эканамічных блогаў зьяўляюцца знанымі эканамістамі, якія не пазьбягаюць выступаў на тэлевізіі; у Расеі ж, паводле вынікаў дасьледаваньня, аніводны вядомы экспэрт накшталт былога дарадцы прэзыдэнта Расеі сп. Іларыёнава ў топ конкурсу “Лучший экономический блог-2008” ня трапіў, саступіўшы месца постацям, невядомым агульнай аўдыторыі.

Натуральна, ня вельмі карэктна параўноўваць беларускую благасфэру з амэрыканскай, але ўсё-ткі крыўдна. Бо калі расейцы не дацягваюць паводле якасьці, то мы пагатоў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)