Общество
Eolonir

Благасфэра пра спатканьне прэзыдэнтаў

Спатканьне прэзыдэнтаў Беларусі й Украіны, пра якое казалі немавед колькі, нарэшце адбылося. І яшчэ раз даказала, што ўсё вяртаецца на колы свае: як падкрэсьлілі камэнтатары пад артыкуламі, прысьвечанымі падзеі, сп. Лукашэнка абмяркоўваў са сваім украінскім калегам тое, што ў свой час прапаноўваў яшчэ Зянон Пазьняк: ідэю балтачарнаморскага калектара, ці спалучэньня трубаправодных сыстэмаў Беларусі, Украіны ды Прыбалтыкі ў адзіную сетку, якая дазволіла б транспартаваць касьпійскую нафту праз Украіну ў порты Балтыкі й далей на Эўропу ў абыход Расеі. Гутарка таксама вялася й пра стварэньне адзінай сеткі перадачы электраэнэргіі з Украіны ў краіны Балтыі.

Натуральна, нават калі праект злучэньня трубаправодаў Беларусі, Украіны ды краінаў Балтыі рэалізуецца, то ягоная эфэктыўнасьць будзе залежыць і ад іншых чыньнікаў, у тым ліку ад заканчэньня пабудовы трубы наскрозь ад узьбярэжжа Касьпію праз Грузію да Турцыі. Але нават простая дэклярацыя ягонае пабудовы — непрыемны сыгнал нашаму ўсходняму суседу.

Watcher-interio ў сваім допісу “Рубикон перейден: президент Беларуси открыто выступил в поддержку Украины. Кремль готовит ответ?” разважае пра наступствы гэтае сустрэчы для Беларусі. Расея, мяркуе блогер, не магла не заўважыць гістарычнасьці спатканьня й зараз “пераварвае вынікі свайго маханьня дубцом над навагодняй ялінаю”. Блогер зазначае, што сёньня, на тле выбліску сяброўства між ахвіцыйнымі Менскам ды Кіевам, Масква можа інтэнсіфікаваць свае высілкі па працісканьні “агульнаэўрапейскіх” 240 даляраў за тысячу кубамэтраў газу для Беларусі, чый бюджэт ужо зьвярстаны з улікам 140 “зялёных”. Блогер таксама зазначае (гл. камэнтары да допісу), што прызыў шэрагу грамадзкіх актывістаў у войска ў росквіт “лібералізацыі” можа быць ня толькі вынікам адсутнасьці кантролю вярхоў над нізамі, але й зрэжысэраванай у Маскве акцыяй, накіраванай на псаваньне “ліберальнага” візэрунку Беларусі. Зрэшты, пад гэтым ёсьць лёгіка: калі ЭЗ раптам вырашыць, што Беларусь не выконвае абавязкаў, то санкцыі могуць вярнуцца, што падштурхне беларускае кіраўніцтва назад у забойчыя братэрскія абдымкі. “Ніякае істотнае шкоды для ўлады сёньня дзейнасьць гэтых хлопцаў ня мае, а вось іміджу (дзейнасьць у дачыненьні іх) шкодзіць як сьлед”. Нешта ў гэтым ёсьць.

У Беларусі ў выпадку патрэбы няма сэнсу чакаць дапамогі ад тых, хто па сваёй працы павінен гэтым займацца, а ад тых, хто павінен перадухіляць трагедыі — гэтага самага перадухіленьня, зазначае petra-leleka ў допісу, прысьвечаным сьмерці лыжніка, зьбітага сьнегаходам ратаўнікоў у Сілічах. І самае сумнае ў тым, што гэты выпадак хутчэй за ўсё не прымусіць кіраўніцтва Сілічаў задумацца пра зьмену існай практыкі. “Бо так было прынята на гэтым “курорце””.

21-27 студзеня ў беларускім Сеціве ладзіцца тыдзень беларускай лацінкі. У гэты час арганізатары заклікаюць усіх тых, каму неабыякавая беларуская мова, як мага болей карыстацца лацінкаю. “Але дзе дарэчна й без блазьнёрства”.

Рэанімаваліся й абмеркаваньні нашумелых у свой час архітэктурных праектаў у Менску. Гэтым разам пад аб’ектыў блогераў трапіў гмах, які нібыта мае паўстаць каля Траецкага. Па шчырасьці, сумнеўна: будаўніцтва аніводнага з гэтых хмарачосаў так і не зайшло далей за выкопваньне катлавану.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)