Общество
Eolonir

Благасфэра пра “Нашую Ніву” і бульбашоў

Асноўнай тэмай мінулага тыдню стаўся пераход “Нашай Нівы” на наркамаўскі правапіс. Абмяркоўваць навіну інтэрнаўты пачалі яшчэ да зьяўленьня першага друкаванага выпуску газэты ў шапіках. Прыхільнікі ды апанэнты новаўводзінаў падзяліліся прыблізна напалову. Пры гэтым, чытаючы камэнтары да тэматычных допісаў, я не заўважыў адзінства як сярод беларускамоўных, так і сярод расейскамоўных. Шмат хто зь беларускамоўных чытачоў газэты казаў, што пераход на школьны правапіс ёсьць слушным крокам па завабліваньні новае аўдыторыі, але й сярод расейскамоўных знайшліся тыя, хто лічыў гэта падладжваньнем пад каньюнктуру: маўляў, чытаю ў Нэце тарашкевіцай й збольшага праблемаў ня маю.

Першая дыскусыя разгарнулася пад допісам блогера swaboda , працяг адбыўся на суполках by_mova ды на minsk_by . Выказваліся меркаваньні, што галоўнай мэтай рэдакцыі мусіць стацца ня правапіс, а якасьць артыкулаў. Некаторыя зазначалі, што, калі быць прагматычнымі да канца, трэба частку накладу выпускаць расейскай мовай. Адно можна сказаць напэўна: тэма сур’ёзна зачапіла блогерскую супольнасьць.

Другая паводле папулярнасьці тэма – дэмантаж шапікаў з прыпынкаў грамадзкага транспарту. Большасьць камэнтатараў паставілася адмоўна да падобнага кроку ўладаў. Блогеры таксама абмяркоўвалі, каму можа быць на карысьць заганяць спажыўцоў у чэргі ў перапоўненыя крамы.

Трэцяй тэмай стала апытаньне наконт трапнасьці азначэньня “бульбашы”, якое трывала ўвайшло ў лексыкон розных дзяржаўных піяр-кампаніяў. На пытаньне, ці лічыце вы такое азначэньне абразьлівым для сябе, большасьць адказала станоўча, аднак добрая частка тых, хто ўзяў удзел у апытаньні, палічылі “бульбаша” ўдалым сьцёбам. Галоўнае, паводле іхных словаў, ня тое, што гэта за слова, а тое, як яно сказанае. Хтосьці таксама быў ня супраць ужытку гэтага слову як жартаўлівага саманазову.

Зачапіла блогераў і пытаньне пра працоўны назоў станцыі “Красны Бор” : “Віленская”. Нехта парадаваўся такім новаўводзінам, нехта сказаў, што яму ўсё адно. Хтосьці таксама зазначаў, што добра, калі нават расейскай мовай станцыя называецца “Віленская”, але ня “Вильнюсская”.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)