Общество
Eolonir

Благасфэра пра музыкантаў ды крызу

Каго ў Беларусі можна назваць прафэсыйным, аўтарытэтным музыкантам? Менавіта гэтае пытаньне на суполцы minsk_by прыцягнула найбольшую ўвагу на гэтым тыдні. Абсалютнага лідэра камэнтатары ня вылучылі (згадваліся й «N.R.M», і «Нэйра Дзюбель», і «Крама», і Вайцюшкевіч, і «Ляпісы», і шмат тых, пра каго мала хто чуў). Дарафееву пазначылі літаральна пару разоў, пра зорак Эўравізіі й мовы не было.

Падрабязнасьці дыскусіі можна паглядзець вось тут.

“Без чаго могуць абысьціся беларусы”, або “ пералік тавараў, выключэньне імпарту якіх не паўплывае істотна на спажывецкі рынак рэспублікі ”. Дакумэнт з такой назвай, праўда, без паданьня крыніцы, зьявіўся на суполцы minsk_by Найбольшую ўвагу з гэтага сьпісу прыцягнулі тэлевізары й… ёгурты. На думку некаторых удзельнікаў дыскусыі, такое абмежаваньне — цалкам нармальная зьява ва ўмовах крызы, і ўсе нашыя суседзі таксама прымаюць падобныя захады. Тым ня менш большасьць катэгарычна не згадзілася з тым, што пражыць можна й на таварах нашай вытворчасьці. Чаму – не патлумачылі.

Як перадаць у Беларусь тавар, куплены на ebay? Актуальнае пытаньне для ўсіх, хто жыве ў Беларусі, таму што купіць на буйных сусьветных анлайн-аўкцыёнах калі й магчыма (і, як сьведчаць камэнтатары да гэтага допісу, у некаторых выпадках верагодна дамовіцца з прадаўцом на дастаўку ў Беларусь), то невядома як паставіцца да гэтага тавару мытня. Нагадаю, што праз складанасьці працы з намі ўсе найбуйнейшыя службы экспрэс-дастаўкі (DHL, UPS, DND ды іншыя) летась перапынілі працу зь Беларусьсю. Іншым прыкладам, amazon.com неаднаразова выдаваў, што шмат якія лоты ня могуць быць дастаўленыя да нас. Тая самая гісторыя з польскім allegro.pl.

Камэнтатары падалі два варыянты, як дзейнічаць у падобных выпадках: або празь сяброў, або пашукаць па абвестках тых, хто можа адмыслова прывесьці лот сюды (натуральна, за дадатковую плату). Гаварылася, што трэба зірнуць на правілы падаткаабкладаньня, бо ў некаторых выпадках замова, што прыйшла такім чынам, падаткамі не абкладаецца.

І, нарэшце, да тэмы стварэньня працоўных лягераў для нядбайных бацькоў блогеры паставіліся досыць абыякава: толькі каля 30 камэнтароў супраць амаль 200 пад допісам-апытанкай пра музыкаў. На дзіва, большасьць тых, хто адзначыўся, станоўча паставіліся да ініцыятывы. Хаця пры 30 камэнтарах ад недзе 10 чалавек наўрад ці можна казаць пра рэпрэзэнтатыўнасьць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)