Общество
eolonir

Благасфэра пра МТС ды менскія цэны

Найвялікшую колькасьць допісаў за апошнія пяць дзён прыцягнуў допіс ljoksa пра затрыманьні каля офісу МТС удзельнікаў пікету, што дамагаліся прыцягнуць увагу мабільнага апэратара да патрэбы беларусізацыі аўтаматычных ды інтэрнэт-службаў абанэнту.

Як апынулася, бальшыня камэнтараў між удзельнікамі дыскусіі круцілася навокал камэрцыйнае мэтазгоднасьці акцыі: апанэнт акцыі даводзіў, што пакуль няма попыту (а ў Беларусі, заяўляў адзін з камэнтатараў, на беларускай мове ніхто не размаўляе), беларускай мовы на Мабільным ды Інтэрнэт-Памагатых ня будзе. І тым ня меней, досыць вялікая частка блогераў прыняла ідэю як вартую ўвагі.

Падрабязную дыскусію можна прачытаць вось тут, а стаўленьне абанэнтаў МТС да беларусізацыі сэрвіса няблага адлюстравана вось гэтай дыскусіяй на onliner.by. Тэхнічная супольнасьць ды заўсёдныя наведвальнікі тэхнічных сэрвісаў заўжды ставіліся адмоўна да беларускай мовы й ейных пэрспэктываў, спасылаючыся ў асноўным на штамп пра “нераспрацаванасьць адмысловае лексыкі”. І таму вельмі цешыць, што гэтая дыскусія на “Анлайнеры” мела стрыманы характар: не абышлося й без традыцыйных заўвагаў аб “фашызме”, “нацыяналізме” й “непатрэбнасьці”, але бальшыня ўсё-ткі выказалася станоўча. Былі й такія, хто падтрымліваў ўводзіны беларускай у сэрвісы, нават калі самі ня меліся карыстацца зь яе: маўляў, гэта пытаньне самапавагі.

Другой папулярнай тэмай для дыскусіі стаўся стан здароўя былога камандзера АМАПу Зьміцера Паўлічэнкі: па дадзеных naviny.by, скандальна вядомы палкоўнік ляжыць у шпіталі, магчыма зь інсультам. Дыскусія не набыла ніякага дакладнага накірунку.

І апошняй тэмай сталася дарагавізна ў Беларусі: kryvavy_zmahar піша, як беларус, што болей за 11 гадоў ня быў у сваім родным Менску, мусіў аддаць у адной зь менскіх крамаў недзе 180 даляраў за адносна невялікі кош прадуктаў. Блогеры, хто быў за мяжой, пацьвердзілі, што кошты на ежу “тутака” й “тамака” адрозьніваюцца нязначна пры вялікай розьніцы ў заробках. Так што вынік нашае эканамічнае палітыкі відавочны.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)