Общество
Eolonir

Благасфэра пра minsk_by ды дактыласкапію

Асноўнай тэмай мінулага тыдня стала часовае зьнікненьне “з этэру” найпапулярнейшае беларускае суполкі minsk_by, якую чытае амаль чатыры тысячы чалавек. Па Інтэрнэце пайшлі чуткі, што яе выдаліў адзін з мадэратараў пад ціскам КДБ. Нараніцу наступнага дня minsk_by вярнуўся на сваё месца некрануты: мадэратары заяўлялі пра тэхнічны збой, нехта з аўтараў — пра жаданьне ўладальніка Жывога Часопіса дадаць рэкляму да стужкі, праз што суполка й зьнікла на кароткі час.

Падрабязна пра зьнікненьне minsk_by пісалася раней вось тут. Да ідэі, што ўсё гэта было зроблена, каб дадаць рэкляму пад першы пост (дарэчы, раптоўнае зьяўленьне рэклямы ў стужках у свой час абурыла ўладальнікаў асабістых блогаў), інтэрнаўты паставіліся скептычна: рэклямны блок лёкка, паводле словаў камэнтатараў, выдаляецца пры дапамозе дадатку да браўзэра. Праўда, колькасьць рэклямы на асабістых блогах сьведчыць, што далёка не так шмат народу пра гэтую магчымасьць ведае.

Па зьнікненьні суполкі выказвалася таксама гіпотэза, што першае магло быць зьвязана з колішняй дыскусыяй пра Менск (пасьля якой на minsk_by была часова ўведзеная прэмадэрацыя), дзе адзін з аўтараў досыць востра выказаўся пра аблічча беларускае сталіцы. Знайсьці гэтую дыскусію зараз немагчыма, але на падобную тэму ёсьць вельмі характарыстычны допіс блогера krishtafovitsh, дзе той параўноўвае стан менскага аэрапорту (наўсьлед уражаньням пра“Менск-2” расейскага пісьменьніка Алмата Малатава) з талінскім лётнішчам напрыканцы 90-х. Галоўная ідэя гэтага вельмі, посту ня толькі ў розьніцы мэнталітэтаў, а яшчэ ў тым, што трэба своечасова “вызнаваць г.... за г...., браць рыдлёўкі ды ісьці яго вычышчаць”. Іначай сапраўды мы нічога не зможам дамагчыся.

Кампанія пра зборы адбіткаў пальцаў у насельніцтва працягваецца: па Інтэрнэце ходзяць чуткі, што нібыта ў тых, хто адмаўляецца, ледзьве не саджаюць на суткі. Прагляд дыскусіі на onliner.by, прысьвечанай прымусовай дактыляскапіі, паказаў на некалькі выпадкаў слоўных пагрозаў на адрас тых, хто адмаўляўся здаваць, але пра экстрым накшталт “сутак” пакуль ніхто не пісаў.

Некалькі асабістых допісаў пра дактыляскапію можна прачытаць вось тут і тут. Блогеры таксама актыўна абмяркоўваюць загад міністра ўнутраных справаў Навумава, спасылкі на копіі якога можна знайсьці ў гэтым посьце, ды выснову Беларускага Гельсінскага Камітэту да загаду, паводле якога й ажыцьцяўляецца масавая дактыляскапія.

Што да самой працэдуры, то нагадваю: паводле закону ад 2003 году дактыляскапічная рэгістрацыя зьяўляецца добрахвотнай, акрамя як для пэўных катэгорыяў грамадзянаў, пад якія не падпадае абсалютная большасьць беларускага насельніцтва. Што датычыць “пераканаўчых” аргумэнтаў тых, хто здымае адбіткі ў ваенкаматах (на гэты конт рэкамэндую пачытаць досьвед з дактыляскапіяй блогера eupho), то таксама раім: ні ў якім выпадку не працягваць размовы, пакуль вам не пакажуць службовае пасьведчаньне ці іншы дакумэнт, што сьведчыць асобу.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)