Общество
Eolonir

Благасфэра пра менскія “хрушчоўкі” й закрыты праспэкт Дзяржынскага

У беларускім Сеціве тэма высокага кошту кватэр у Менску абмяркоўваецца даўно: маўляў, “хрушчоўка” ў беларускай сталіцы каштуе болей, чым кватэры ў Бэрліне. Блогер kaputmaher вырашыў спраўдзіць гэта ды, пашукаўшы праз Гугл фірмы, што займаюцца замежнай нерухомасьцю, выклаў параўнальную табліцу, зь якой вынікала, што ўсе ўладальнікі кватэраў у Менску могуць без праблемаў пераехаць у Антвэрпэн. Праўда, з вынікамі дасьледаваньня не пагадзіліся камэнтатары.

Большасцьць заўвагаў удзельнікаў дыскусыі датычыла менавіта якасьці жытла, якое блогер абраў для параўнаньня: маўляў, яшчэ невядома, ці ў ім магчыма жыць, бо, па іхных словах, у Антвэрпэне ды Бэрліне жытло нават ня ў цэнтры каштуе значна даражэй. Таксама выказвалася меркаваньне, што пададзеныя кошты ёсьць усяго толькі вартасьцю выкупу дамовы арэнды, а не самой кватэры. Сумневу было тым болей, што аўтар не падаў аніякіх спасылак на крыніцы, у той час як блогеры, што аспрэчвалі ідэю, спасылкі падавалі.

Другая тэма, пад якой падпісалася найбольшая колькасьць народу — гэта закрыцьцё праспэкту Дзяржынскага на тры гады. Як і чакалася, станоўчых эпітэтаў для ініцыятараў “закрыцьця” Паўднёвага Захаду так і не знайшлося. Але ж шмат народу, па традыцыі знаходзячы станоўчыя бакі ў чым заўгодна, зазначыла, што, можа, па заканчэньні будзе лягчэй, і пакуты будуць не дарма. Вось толькі лепшае будзе толькі праз тры годы, а ў корках стаяць давядзецца ўжо зараз.

Блогераў таксама зацікавіла тэма з разеткамі ў грамадзкіх месцах. І вымушаны вызнаць па прачытаньні гэтага допісу, у Менску з гэтым сапраўды катастрофа. У грамадзкіх месцах кшталту мэтро няма дзе бясплатна паджывіць мабільнік, а ў рэстарацыі заходзіць у нашым найсацыяльнейшым горадзе папросту дорага. Большасьць прапановаў, што далі камэнтатары, датычыла рэстарацыяў або крамаў. Таксама разэткі ў вялікай канцэнтрацыі былі заўважаныя на чыгуначным вакзале. Са станцыяў мэтро наўтбук можна тэарэтычна пажывіць на “Плошчы Незалежнасьці”.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)