Общество
Eolonir

Благасфэра пра кошты на бэнзін ды праграму Каліноўскага

“Што трэба зрабіць Аляксандру Лукашэнку, каб паднізіліся цэны на бэнзін”, сталася самым папулярным пытаньнем мінулага тыдню на беларускай суполцы minsk_by. Нехта з камэнтатараў заўважыў, што да таго, як кошты былі ўсё яшчэ ніжэй за ўкраінскія, літоўскія ды латыскія, ніхто ня згадваў пра сацыяльную дзяржаву, а як вымушаныя сталі плаціць на 10 цэнтаў болей за “капіталістычных суседзяў” — пачалі абурацца. Толькі безвынікова.

Дарэчы, бальшыня ўдзельнікаў апытаньня аддала перавагу пункту “зрабіць Вэнэсуэлу Паўднёва-Заходнім Краем Беларусі”. А ўвогуле…

Па-першае, у Беларусі няма альтэрнатыўных пастаўшчыкоў паліва: калі б была адкрытая мяжа зь Літвой ды Латвіяй ды частка насельніцтва езьдзіла па паліва туды, як, напрыклад, немцы ў Аўстрыю, ня маючы патрэбы выстойваць перад амбасадай па візы, то, магчыма, страты прымусілі б уладальнікаў паліўных станцыяў задумацца. Па-другое, якія заўгодна цэны самі па сабе нягнуткія ды ўніз ідуць меней ахвотна, чым угару. У дадатак, у суседніх краінах паліва ёсьць прадметам палітычнага гандлю: ва Ўкраіне ўсе партыі да парлямэнту наперабой абяцаюць падніжкі цэнаў “аўтамабільнага золата”. У нас такі варыянт адпадае.

У працяг тэмы блогерка a7lena піша, што на запраўцы “Белоруснефть” па вуліцы Валадзько ў Менску, што адразу за Чэрвеньскім рынкам, лічыльнік не спыняецца па заканчэньні запраўкі, але прыпісвае яшчэ некалькі літраў. Адзін з камэнтатараў згадаў гэткі самы ўласны выпадак на той жа станцыі і прапанаваў напісаць калектыўную скаргу ў КДК.

На пытаньне блогеркі posle_ya, што тыпова беларускае можна прывезьці ў падарунак украінскаму сябру, былі дадзеныя размаітыя адказы ад нашай бібліятэкі (мадэлі, натуральна) ды нацыянальнай сымболікі да алькаголю нацыянальнага вырабу розных гатункаў. Прапановаў па апошняй пазыцыі было найболей.

Блогер zxz12m вельмі адмоўна выказаўся наконт праграмы імя Каліноўскага ў Польшчы. У камэнтарах можна прачытаць, чым незадаволеныя іншыя ейныя ўдзельнікі. Усе скаргі датычаць менавіта адміністрацыйнага, але не акадэмічнага боку праграмы.

І нарэшце, блогерамі быў вынайдзены сапраўды беларускі эквівалент расейскага “проваливай”: kurt_bielarus да згоды грамады прапанаваў выраз "Бачыш дзьверы? Мацай клямку!"

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)