Общество
Eolonir

Благасфэра пра Грузію ды беларускую мову

Тое, што статус беларускае мовы выклікае віхуру эмоцыяў і што кампутарнікі лічаць яе ‘непадрыхтаванай-нераспрацаванай’ для выкарыстаньня на сваіх сайтах — такая тэндэнцыя вядомая. Тое, што расейскія блогеры ў сваёй бальшыні адрозьніваюцца ‘велягурыстасьцю’ выказваньняў па тых меркаваньнях, якія не зьбягаюцца зь іхнымі — для мяне ня стала неспадзянкай, хаця прыгажосьць расейскае мовы ў іхным выкананьні часта была такой, што можна было ня толькі забараняць ананімныя выказваньні, але пакідаць камэнтаваньне адкрытым выняткова для фрэндаў: зьнешнепалітычнае фіяска Расеі раптам актывізавала ўсіх аматараў “местных идиоматических выражений”. Гэта калі не казаць, што дзеецца ў расейскае благасфэры пры абмеркаваньнях, напрыклад, забойства Эўлоева.

Вось тыповае для апошніх дзён абмеркаваньне чарговага вызнаньня дыктатарам Нікарагуа Паўднёвае Асэтыі й Абхазіі. Аўтар, які цалкам слушна аспрэчвае некаторыя лягістычныя моманты гэтае працэдуры, сутыкаецца з хваляй “абурэньня” на свой адрас. Падавалася б, калі прызналі — ну дык і чакаем на ахвіцыйную абвестку МЗС Нікарагуа, чаго валтузіцца?

Такое адчуваньне, што большасьць блогераў з Расеі лічыць, што гэта “іхная благасфэра”, пра што сьведчыў ліст да ўладальніка сэрвісу Носіка ад “расейскіх блогераў” за часам актыўнае фазы грузінска-расейскага канфлікту. Маўляў, ‘нельга дазваляць, каб расейская благасфэра сталася антырасейскай’. Трэба пакінуць спадару Носіку належнае: ён нагадаў аматарам “паданьня слушнае інфармацыі” той факт, што ЖЧ кіруецца амэрыканскімі законамі пра волю выказваньняў ды што большую частку аўдыторыі Часопіса складаюць усё-ткі амэрыканскія падлеткі, і што расейскамоўная благасфэра — гэта толькі сэгмэнт, які не складае й паловы сэрвісу.

Чытаньне камэнтараў да паходу на матч Грузія-Расея выклікае тыя ж эмоцыі, як, зрэшты, і да перадруку праз sirjones адозвы Грузінскага нацыянальнага алімпійскага камітэту да МАК ды Жака Роггэ асабіста аб пераглядзе рашэньня што да месца правядзеньня зімовае алімпіяды 2014. За хваляй абразаў чуецца гістэрыка: а што, калі насамрэч аднясуць? Колькі тады людзей згубіць грошы, якія яны ўклалі ў Сочы, як даведаліся аб падзеі — 2014? А аднесьці могуць, калі ў рэгіёне захаваецца нестабільнасьць.

Другая асноўная тэма апошняга тыдню — абмеркаваньне новага выпуску часопісу ‘34’ аб беларускай мове. Вось тут можна пабачыць рэакцыю “інтэрнаўтаў” на чалавека, які “сьвядома не размаўляе па-беларуску”. Прыблізна тая ж танальнасьць дыскусыяў захоўваецца й пад астатнімі допісамі на тую тэму.

Благасфэра апошнім часам далёка адышла ад месца цывілізаваных дыскусіяў ды пераўтварылася ў асяродзьдзе, дзе кожны, карыстаючыся ананімнасьцю, можа сказаць нешта непрыязнае ды нават абразьлівае, на што, можа быць, ніколі б не наважыўся ў жыцьці. Хвароба, ня ўласьцівая для сур’ёзнае часткі ангельскамоўнае благасфэры, раптам апынулася вельмі прычэплівай да “сур’ёзных беларусаў”. Пытаньне ў тым, дзе тут галоўны чыньнік: праблема росту ці агульная культура?

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)