Общество
Eolonir

Благасфэра пра дэманстрацыі ў Кішынёве

Увага благасфэры на мінулым тыдні была аддадзена амаль выняткова дэманстрацыям у Кішынёве. Праўда, увага толькі расейскага ды ўкраінскага сэгмэнтаў. У беларускім ЖЧ дапісваліся лічаныя спасылкі на блог малдаўскае журналісткі расейскае газэты The New Times Натальлі Морар, якая набыла вядомасьць пасьля ейнае гучнае дэпартацыі з Расеі, ды на блогера drugoi, выкідаўшага лінкі на фотарэпорты з малдаўскае сталіцы.

Ці то беларусаў падзеі засьпелі зьнянацку, ці то яны згубілі цікавасьць да палітыкі ўвогуле (на што ўскосна паказвае стабільна нізкая колькасьць камэнтараў у калісьці віраваўшае суполцы by_politics у ЖЧ), але тэндэнцыя відавочная: ані кішынёўскія мітынгі, ані адстаўка Навумава не абмяркоўваліся так жвава, як было б раней.

Пасьля зьяўленьня допісу пра тое, што для мабілізацыі дэманстрантаў выкарыстоўваліся амаль выняткова сацыяльныя мэдыі, электронка ды тэкстоўкі, колькасьць камэнтараў на блозе Натальлі перавысіла 700, а пасьля заявы пра пагромы – і ўсю 1300, што для абсалютнае бальшыні прыватных блогераў – паказальнік недасяжны. Нейкую ўвагу беларускіх мэдыяў прыцягнула паведамленьне пра знаходжаньне журналісткі ў сьпісе падазраваных у арганізацыі масавых беспарадкаў, якое апынулася няслушным: паводле словаў генэральнага пракурора Малдовы Валерыя Гурбулі, гутарка вялася пра цёзку па прозьвішчы.

Фотарэпартаж на блозе drugoi можна пабачыць вось тутака.

Блогер pan_vozny ўзьняў на by_politics тэму роднасьці беларускае, украінскае ды расейскае моваў. Вытрымка з артыкулу “Нерусский русский язык”, апублікаванага на сайце Expertby, выклікала найвялікшую колькасьць камэнтараў на суполцы за апошні час (праўда, у абсалютным вымярэньні іх усё адно было каліўца параўнальна з тым самым minsk_by). Прадмет дыскусіі для заўсёднікаў блогаў даўно вядомы: расейская мова не зьяўляецца, як сьцьвярджаюць некаторыя лінгвісты, прародзічам дзьвюх іншых, а сфармавалася на падставе фінавугорскіх ды цюрскіх моваў. Глыбокай дыскусіі ня выйшла, што й ня дзіва: такія тэмы павінныя прамавацца на вышэйшым узроўні, а не на блогах, дзе іх пабачаць максымум пара тысячаў чалавек.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)