Общество
Eolonir

Благасфэра пра баркэмпы ды сьцяну Цоя

Баркэмп — гэта адмысловы фармат канфэрэнцыі, вынайдзены нейкі час таму ў ЗША ў Сыліконавай Даліне. Дакладней кажучы, barcamp — гэта не-канфэрэнцыя, бо іх рыхтуюць усе ўдзельнікі. Няма арганізацыйнае групы па падрыхтоўцы баркэмпу, няма працэдуры ўхваленьня прэзэнтацыяў або выступовых матэрыялаў. Кожны зацікаўлены чалавек можа прыйсьці й распавесьці на нейкую тэму. Галоўным цэнзарам на баркэмпах працуе аўдыторыя: калі прэзэнтацыя не падабаецца — то слухачы папросту йдуць на паралельны выступ, пакідаючы выступоўцу сам-насам зь нецікавым матэрыялам: ідэальны захад супраць балбатаньня, ад якога можна заснуць.

Традыцыя баркэмпаў для блогераў (Блогкэмпаў) была запачаткаваная ў СНД 13-14 кастрычніка 2007 года, калі ў Кіеве адбылася першая не-канфэрэнцыя з удзелам каля 300 чалавек зь Беларусі, Украіны, Расеі ды іншых краінаў СНД й Балтыі. Наступны баркэмп адбудзецца ў Кіеве таксама ў кастрычніку, але ў пашыраным фармаце. Як паведамляюць арганізатары на ахвіцыйнай бачыне імпрэзы, чакаюцца й блогеры з суседніх краінаў-сябраў ЭЗ.

Трэба ўзгадаць таксама, што і ў Беларусі на мінулых выходных адбыўся першы баркэмп, прысьвечаны менавіта самім баркэмпам (чаму іх варта рабіць ды як іх рабіць) ды тэхнічным аспэктам працы з сыстэмамі пабудовы сайтаў. Імпрэза атрымала досыць вялікую для стартапа колькасьць згадак у беларускім Сеціве.

Галоўнай тэмай па-за баркэмпамі на тыдні быў знос сьцяны Цоя з-пад агароджы каля 24-й школы. Хаця некаторая частка блогераў ухваляла перанос гэтага імправізаванага помніка “дзякуючы” кантынгенту, які зьбіраўся каля яго, бальшыня была супраць. Да таго ж супраціўнікі пераносу нагадалі іншым, што не пытаньні бясьпекі, а будоўля новага гатэлю на месцы сьцяны сталася нагодай для выкарыстаньня ў чарговы раз “бульдозэрнага мэтаду”. Усе папярэднія гады каля сьцяны таксама зьбіраўся “кантынгент” , які паводзіўся гэтаксама, як і зараз, але нікога пытаньне бясьпекі дзяцей, якія выходзілі з будынку школы, не турбавала.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)