Комментарии
Аляксандр Класкоўскі, «Наша Ніва»

БЕЛТА «забылася» пра Беларусь

«Генасамблея ААН не прызнала вынікі рэферэндуму ў Крыме» —паведаміла ўвечары 27 сакавіка БЕЛТА. У тэксце даецца ўся арыфметыка. Чытач даведаецца, што за дакумент, скіраваны супраць расійскай анексіі паўвострава, прагаласавала сто краін, устрымалася 58, супраць выказалася 11. Нестае «дробязі»: як прагаласавала Беларусь.

І гэта ў заметцы беларускага ўрадавага агенцтва! Натуральна, ніхто не паверыць, што тамтэйшыя прафесіяналы далі маху, празяпілі тое, што, зыходзячы са статусу агенцтва, мусіць быць соллю інфы.

Чаму спатрэбілася фігура змаўчання

Фігура змаўчання ўжытая таму, што афіцыйны Мінск, які дагэтуль заяўляў пра падтрымку тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны і ўвогуле відавочна не зацікаўлены псаваць дачыненні з Кіевам, у гэтым выпадку прагаласаваў дэ-факта ў падтрымку расійскай агрэсіі.

З краін СНД Расію падтрымала аналагічным чынам толькі Арменія (яе Масква цяпер узяла на цугундар, адгаварыла ад падпісання дамовы пра асацыяцыю з Еўразвязам і цягне ў Мытны звяз). Увогуле ж Беларусь па выніках галасавання апынулася проста ў феерычнай кампаніі: Балівія, Куба, КНДР, Нікарагуа, Судан, Сірыя, Венесуэла, Зімбабвэ… Так і просіцца на язык: «Верной дорогой идете, товарищи!».

Такое галасаванне пасля ранейшых спроб балансаваць, дыстанцыявацца ад высвятлення дачыненняў між Крамлём і Кіевам выглядае відавочнай здачай пазіцый пад маскоўскім ціскам. Натуральна, што кіраўнік Беларусі, які любіць падкрэсліваць сваю «ненахіляльнасць», паўстае перад публікай ў нявыгадным святле. І таму дзяржаўныя медыі не знаходзяць нічога лепшага, як ужыць метад савецкай прэсы: няма інфы — няма праблемы.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)