Филин

Юлія Кот

«Беларускія ўлады спрабуюць зрабіць гібрыд з «мірных людзей» і адначасова рэвалюцыйна настроеных бальшавікоў»

Палітолаг — пра тое, як барацьба за мір ператвараецца ў падрыхтоўку да вайны.

Для беларускіх ідэолагаў і работнікаў інфармацыйна-прапагандысцкіх груп распрацавалі новую метадычку — пра нарастаючае супрацьстаянне з Захадам, «антыбеларускую інфармацыйную кампанію» і неабходнасць бараніць краіну ад пагроз з дапамогай народнага апалчэння.

Ужо 17 жніўня абмяркоўваць «ролю закона «Аб народным апалчэнні» ў забеспячэнні нацыянальнай бяспекі краіны» будуць у Мінскай гарадской ратушы — плануецца анлайн-падключэнне прадпрыемстваў сталіцы. Аналагічныя дні інфармавання і візіты ідэолагаў у працоўныя калектывы пройдуць па ўсіх рэгіёнах.

Пра тое, што атрымаецца з ідэі «паставіць пад ружжо» беларусаў, і ці не разбурае гэты заклік наратыў пра мірнае неба, Филин пагутарыў з палітолагам, дырэктарам інстытута «Палітычная сфера» Андрэем Казакевічам.

— Складваецца ўражанне, што за тры гады ад пачатку палітычнага крызісу ва ўладаў так і не з’явілася новай ідэалогіі, таму эксплуатуюць усё тыя ж савецкія наратывы пра «Беларусь партызанскую» і «супрацьстаянне з Захадам».

Ці атрымаецца на гэтай глебе заклікаць беларусаў уступаць у народнае апалчэнне?

— Мне падаецца, што атрымаецца, хутчэй, дэманстратыўна-прафанацыйная акцыя, і ўсё-ткі не ўдасца стварыць надзейнага апалчэння. Фармальна туды пойдуць людзі, выбраныя мясцовай уладаю і сілавымі структурамі.

Але матываваную частку могуць скласці толькі прыхільніки некаторых прарускіх, русканацыяналістычных арганізацый, а таксама былыя працаўнікі праваахоўных органаў — але далёка не ўсё, а пераважна тыя, хто маюць «рускаміраўскія» погляды. Тое самае тычыцца войска. 

Гэты кантынгент, напэўна, можа прадставіць нейкі касцяк апалчэння. Ва ўсіх астатніх — не думаю, што гэта выкліча сур’ёзны энтузіязм.

Нават калі ідэя народнага апалчэння ўсё ж сапраўды выкліча масавы водгук, мяркуе эксперт, атрымаецца як у той прыказцы — «у кіі два канцы, і абодва б’юць».

— Добра вядома, як камсамолец Басаеў ваяваў у Чачні, бо кожны камсамолец меў магчымасць атрымаць пачатковую вайсковую падрыхтоўку. Тое самае мы бачым у вялікай колькасці краін. Але ж калі людзей вучыць ваяваць, даваць ім зброю — то не факт, што гэтыя людзі будуць ваяваць за цябе. Прычым нават тыя, хто проста зараз стоадсоткава «за» рэжым.

Палітычная кан’юнктура за год можа істотна змяніцца. Напрыклад, Расея пачне больш актыўныя дзеянні па паглынанні Беларусі — і трэба будзе шукаць нейкія сілы, якія б супраціўляліся ўжо не Захаду, а ўсходнім намерам, што вельмі верагодна.

І ў такім выпадку навучаныя, падрыхтаваныя да вайны «антызаходнія» людзі — тое, што гуляе не на карысць дзеючай уладзе, а супраць яе.

Апалчэнне як мадэль абароны, сцвярджаюць беларускія ідэолагі ў новай метадычцы, выпрабавана ў многіх краінах свету (нават заходніх). І гэта насамрэч рэч добрая, згаджаецца палітолаг, — калі сфармаваныя інстытуты дзяржавы, нацыянальная ідэнтычнасць, легітымныя органы ўлады. Тады народнае апалчэнне можа стаць дадатковым рэсурсам для супрацьстаяння знешнім пагрозам.

— А калі гэтага няма, то сітуацыя можа абярнуцца па-рознаму, і часам непрадказальна для саміх стваральнікаў падобных арганізацый.

— Незалежныя сацыёлагі адзначаюць, што антываенны кансенсус у беларускім грамадстве вельмі моцны, незалежна нават ад палітычных перакананняў. Ці не разбураюць улады заклікамі да абароны свае ж папярэднія наратывы пра мірнае неба і «толькі б не было вайны»?

— Не, гэтыя заклікі не супярэчаць ранейшым ідэалагемам. Прапаганда кажа, што мір — гэта вельмі важна, і за яго трэба змагацца, таму, калі вораг прыйдзе на нашу зямлю, мы мусім з ім ваяваць.

У прынцыпе, гэта старая савецкая схема, добра адпрацаваная на розных узроўнях: маўляў, мы не хочам ні на кога нападаць (хоць часам нападаем), але гатовыя абараняцца, калі на нас нападуць. То бок, такая вайна за мір.

Зараз беларускія ўлады спрабуюць зрабіць гібрыд з «мірных людзей» і адначасова рэвалюцыйна настроеных бальшавікоў, гатовых змагацца за нейкія каштоўнасці — справядлівы, у іхнім уяўленні, сацыяльны парадак і светаўладкаванне.

І ў гэтым рэчышчы будуецца ідэалагічная стратэгія, дзе абсалютна без праблем спалучаюца супярэчлівыя рэчы, а бясконцая вайна — гэта і ёсць барацьба за мір.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(22)