Общество
Руслан Гарбачоў

Беларуская эміграцыя ў ЗША: невядомая гісторыя

Беларускія эмігранты пасляваеннай хвалі не змаглі паразумецца з амерыканскімі беларусамі, што лічылі сябе «рускімі», вымушаны былі працаваць падмятальнікамі падлог і перажылі палітычны раскол, які прывёў да таго, што іх хавалі на розных могілках.

Аб гэтым і шмат іншым расказаў «Салідарнасці» гісторык і супрацоўнік «Нашай Нівы» Алег Гардзіенка, які даследваў жыццё беларускай эміграцыі ў сваёй кнізе «Беларускі кангрэсавы камітэт Амэрыкі (БККА)», што нядаўна выйшла з друку. Гэтае выданне — першая кніга пра беларускую эміграцыю за апошнія 20 год: папярэднюю — «Беларусы ў ЗША» — у 1988-м напісаў Вітаўт Кіпель.

Курган-помнік у Саўт-Рыверы. Усталяваны ў 1974 г.

«Паміж двумя хвалямі беларускіх эмігрантаў хапала варожасці»

— Найбольш беларусаў у ЗША эмігравала ў канцы XIX-пачатку XX ст. ст. — каля 500-600 тысяч чалавек. Яны мелі беларусія прозвішчы, але не мелі беларускай свядомасці. Гэта можна прасачыць па невялікаму гарадку Саўт-Рывер (штат Нью-Джэрсі), дзе сярод мясцовага насельніцтва была вялікая канцэнтрацыя беларусаў. Дык вось беларусы заснавалі тут вуліцы Талстога, Пушкіна, Маскоўскую. Падчас халоднай вайны яны былі пераіменаваныя ў гонар амерыканскіх герояў.

Свядомая эміграцыя пачала прыбываць у ЗША з 1947 года. Дакладных лічбаў — колькі ж беларусаў прыехала ў ЗША — няма. Беларусы, што ўцяклі ад Саветаў з радзімы і знаходзіліся ў пасляваенны час у Германіі, у асноўным запісваліся палякамі, бо тады яны не падлягалі рэпатрыяцыі на радзіму — а значыць, у СССР, дзе іх чакалі лагеры. Па маіх падліках (і Вітаўт Кіпель са мной пагаджаецца) пасля вайны ў ЗША эмігравала прыкладна 20 тысяч беларусаў.

Цікава, што ім прыходілася пераконвасць прадстаўнікоў першай хвалі эміграцы ў тым, што яны не «рускія». Тыя ж яшчэ доўга ўпарта стаялі на сваім. Мне нават расказвалі такі анекдатычны выпадак. З Бразіліі ў ЗША прыехала сапраўдная руская і калі даведалася, што ў Саўт-Рыверы ёсць «рускія», паехала з імі паразмаўляць. Яна да іх слова — а ёй адказваюць на незразумелай мове. Старыя беларусы таксама былі здзўленыя: хто мае рацыю — мы рускія, ці яна руская?

Больш таго, паміж двумя хвалямі беларускіх эмігрантаў хапала варожасці. Першыя эмігранты былі небагатымі і сімпатызавалі левым. Вядома, што нават у пабудаванай імі ў Саўт-Рыверы царкве Пятра і Паўла захоўваўся чырвоны сцяг! Новыя ж эмігранты былі настроены антыкамуністычна. Хоць з часам гэтыя дзве групы памірыліся і прымалі ўдзел у агульных мерапрыемствах, яны так і не зліліся.

Царква св. Ефрасіні Полацкай ў Саўт-Рыверы

«Бургамістр Баранавіч працаваў у ЗША сталяром, а паэтка Наталля Арсеннева раскладвала ў банкі агуркі»

— У ЗША амаль усе беларусы, у тым ліку і тыя, хто ў 30-40 г.г. складаў нацыянальную эліту, пачыналі з цяжкой малааплатнай працы — іхнія дыпломы ў Новым свеце не прызнаваліся. Бліскучы юрыст Леанід Галяк намазваў салодкае на вафлі, пасол польскага сейма, віцэ-прэзідэнт Беларускай Цэнтральнай Рады (БЦР), што дзейнічала ў Беларусі падчас нямецкай акупацыі, і бургамістр Баранавіч Юрый Сабалеўскі працаваў сталяром, паэтка Наталля Арсеннева, пакуль не ўладкавалася на «Радыё Свабода», раскладвала ў банкі агуркі.

Але жыць можна было. Жанчыны, ныпрыклад, зараблялі ў дзень каля 5 доллараў. Пры гэтым, як правіла, на ежу выдаткоўвалася каля аднаго доллара ў дзень, а найманне кватэры каштавала 20-30 доллараў у месяц. Пры тым, што ўласны дом каштаваў ад 2 да 12 тысяч доллараў, праз 5-6 год беларусы маглі набыць сабе жытло.

«Беларуская Амерыка»: палітычны раскол на два лагеры

— Хоць у пасляваенны час беларускіх эмігрантаў у ЗША прыехала разоў у 20 менш, чым прадстаўнікоў першай хвалі, менавіта новая дыяспара здолела стварыць «Беларускую Амерыку». Былі заснаваны беларускія арганізацыі, пачалася грамадская дзейнасць.

Але вялася яна пры палітычным расколе. Яшчэ ў 1947-1948 г.г. у Германіі, перад выездам беларусаў у ЗША, будучыя эмігранты падзяліліся на прыхільнікаў Рады БНР на чале з Міколам Абрамчыкам і прыхільнікаў Рады БЦР на чале з Радаславам Астроўскім. Абодве арганізацыі хацелі прадстаўляць беларусаў у вольным свеце, але па сутнасці ніякай розніцы паміж іхнімі палітычнымі поглядамі не было — людзі размяжоўваліся па прыхільнасці да таго ці іншага лідэра.

Гэты палітычны раскол падзяліў усю беларускую эміграцыю: любая арганізацыя, якая ўзнікала, павінна была абвяшчаць, каго яна падтрымлівае. Гэта гучыць як анекдот, але ў пачатку 50-х гадоў ў ЗША існавала дзве студэнція беларускія арганізацыі, дзве жаночыя, дзве ваенныя і г.д. Самымі вялікімі беларускімі арганізацыямі ў Злучаных штатах сталі Беларускі кангрэсавы камітэт Амерыкі (БККА), які падтрымліваў платформу БЦР, і Беларуска-амерыканскае задзіночанне (БАЗА), якое заснавала Рада БНР. Газеты гэтых дзвюх плыняў канца 40-х-пачатку 50-х чытаць не магчыма — на апанентаў выліваліся цэбары бруду: людзі называлі адзін аднаго нацыстамі, камуністамі... «Дзякуючы» гэтаму расколу з тых прыкладна 20 тысяч чалавек, што прыехалі ў Амерыку, у грамадскім жыцці удзел брала толькі каля 10 тысяч.

А самы красамоўны прыклад падзелу беларусаў — двое беларускіх праваслаўных могілак на адлегласці 10 кіламетраў у штаце Нью-Джэрсі (нідзе больш за межамі Беларусі выключна беларускіх могілак няма). У Саўт-Рыверы ляжаць прыхільнікі Рады БЦР, у Іст-Брансіўку прыхільнікі Рады БНР.

«На Дзень Волі каля амерыканскіх мэрый вывешваліся бел-чырвона-белыя сцягі»

— Але пры ўсім гэтым расколе здабыткі ў беларускіх арганізацый былі даволі значныя. БККА дабілася таго, каб у рэестр Акта паняволеных народаў 1959 года былі ўключаны і беларусы. Што гэта азначала? У прыватнасці тое, што Дзень Волі 25 сакавіка ў многіх амерыканскіх штатах быў абвешчаны беларускім днём і каля мэрый вывешваліся нацыянальныя бел-чырвона-белыя сцягі. Шмат што зрабіла і беларуская эміграцыя для адэкватнага ўспрымання ў свеце сітуацыі на сваёй радзіме. У аналітычных запісках амерыканскім кангрэсменам БККА і БАЗА пастаянна даводзілі, што БССР — гэта калонія Масквы, у якой ідзе знішчэнне нацыянальнай культуры. Увогуле, калі ў 1991 годзе Беларусь здабыла незалежнасць, амерыканскія ўлады ўжо больш-менш ведалі, што гэта за краіна.

Дэманстрацыя на Тыдзень паняволеных народаў. 1953 г. У цэнтры (у чорным капелюшы) — Юры Сабалеўскі

З часам шмат спраў прадстаўнікі двух лагераў пачалі рабіць разам. З 60-х яны арганізоўвалі агульныя святочныя і культурныя мерапрыемствы, а з сярэдзіны 80-х пачалі і палітычнае супрацоўніцтва. Калі ў 1995-м Лукашэнка прыязджаў у ААН у Нью-Ёрк, беларускія эмігранты на некалькіх аўтобусах прыехалі туды, каб разам зладзіць акцыю пратэсту супраць падзей на радзіме.

Шкада толькі, што ў 40-х-50-х шмат энэргіі беларусаў было выплеснута не ў тое русла.

«Якая Беларусь тут, такая эміграцыя там»

— Актыўнасць беларускай эміграцыі сёння, безумоўна, ужо не тая, што была некалі. Імкліва адыходзіць старое пакаленне, а моладзь далучаецца да грамадскага жыцця вельмі на кароткі час. Каб дыяспера зноў стала актыўнай, трэба абнаўленне за кошт новых эмігрантаў, а гэтага не адбываецца.

Яшчэ неяк трымаецца Саўт-Рывер, дзе з 15 тысяч насельніцтва некалькі тысяч беларускага паходжання. Свядомыя беларусы там жэняцца адзін на адным, маюць дома бел-чырвона-белыя сцягі, іх дзеці ведаюць беларускія песні. Калі сёння прыехаць у Саўт-Рывер, то можна пабачыць царкву Ефрасіні Полацкай, што была літаральна рукамі пабудавана эмігрантамі, Беларускі грамадскі цэнтр, Крыж у памяць палеглых за Бацькаўшчыну — помнік вышынёй да 10 метраў.

Беларускія эмігранты з тагачаснай першай ледзі Хілары Клінтан (1996 г.). Другі злева — Расціслаў Завістовіч — старшыня БККА

Кантактаваць з мясцовымі беларусамі вельмі лёгка. Здзівіла, што гэтыя людзі займаюцца дабрачыннай дзейнасцю — шыюць вопратку і адпраўляюць яе ў беларускія дзіцячыя дамы, але гэтага не афішуюць.

Увогуле не трэба думаць, што беларуская эміграцыя іншая, чым мы. Эміграцыя — гэта люстэрка беларускага грамадства. Калі ў нас ёсць расколы, то яны ёсць і ў ЗША. Якая Беларусь тут, такая эміграцыя там.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(1)