Политика
Анастасія Зелянкова

Баршчэўскі можа пакінуць пасаду старшыні партыі з-за Міхалевіча

Пытанне пра аднаўленне былога намесніка старшыні Партыі БНФ Алеся Міхалевіча будзе ставіцца на пазачарговым з’ездзе 9 жніўня. Між тым стала вядома, што напярэдадні старшыня партыі Лявон Баршчэўскі прыгразіў, што сыдзе з пасады кіраўніка, калі пытанне пра Міхалевіча ўсплыве на з’ездзе.

Нагадаем, Алесь Міхалевіч быў выключаны з партыі ў чэрвені бягучага года з афіцыйнай фармулёўкай “за публічную крытыку кіраўніцтва партыі” пасля інтэрв’ю “Салідарнасці”.

Як паведаміў намеснік старшыні Партыі БНФ Юрась Губарэвіч, пытанне пра аднаўленне Міхалевіча, планавалася ставіцца яшчэ на нядаўнім пасяджэнні Сойма 19 ліпеня.

-- Аднак, напэўна, каб не дапусціць станоўчага вырашэння гэтага пытання, на пасяджэнне не з’явілася практычна ўся каманда Баршчэўскага – Вячоркі. Такім чынам адсутнасць кворуму не дазволіла паставіць пытанне пра аднаўленне, -- патлумачыў Юрась Губарэвіч. — Тым не менш дыскусія на гэтую тэму адбылася. Я папярэдзіў прысутных, што мы будзем ставіць пытанне па Міхалевічу на бліжэйшым з’ездзе. На што Баршчэўскі заявіў: “Калі паўстане пытанне пра аднаўленне Міхалевіча, я складу з сябе паўнамоцтвы старшыні". Фактычна гэта быў ультыматум, што пацвердзіў і сам Баршчэўскі.

На думку Юрася Губарэвіча, Лявон Баршчэўскі такім чынам прапануе дэлегатам канчаткова выштурхнуць Алеся Міхалевіча з поля Партыі БНФ,

а разам і ягоных прыхільнікаў у рэгіёнах. Раней з патрабаваннем аднавіць Міхалевіча выступілі Рады Гродзенскай, Віцебскай, Брэсцкай і Магілёўскай абласных арганізацый партыі, а таксама Рады шэрагу раёнаў і гарадоў.

— Захады Лявона Баршчэўскага выклікаюць занепакоенасць, -- адзначае Губарэвіч. — Відавочнае жаданне цяперашняга кіраўніцтва скарыстаць тэхнічны фармат з'езду, калі рэгіёны будуць рэпрэзэнтаваныя меншай колькасцю дэлегатаў. Гэта ставіць і пытанне ўнутранай легітымнасці кіраўніцтва партыі, якое ў выніку можа быць абрана на гэтым з’ездзе. Усё гэта толькі прывядзе да непаразумення паміж рознымі плынямі ў партыі.

Сам Лявон Баршчэўскі не стаў каментаваць свае дзеянні ў выніку аднаўлення Міхалевіча.

— Яшчэ рана пра гэта казаць, -- адзначыў старшыня. – Калі Міхалевіч не прынясе сваіх прабачэнняў, думаю, з’езд яго не адновіць. Міхалевічу дадзена схема таго, што ён павінен зрабіць, каб зноў стаць сябрам партыі. Пакуль мы чакаем крокаў з яго боку.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)