Астапеня: «Нашу цяперашнюю моладзь не цікавіць палітыка, але яны больш прадэмакратычныя і менш пралукашэнкаўскія»

Кіраўнік «Беларускай ініцыятывы» Chatham House Рыгор Астапеня — пра надзею на беларускую моладзь і арганізацыі дзеля новай Беларусі.

— Наш пратэст быў сярэдні па ўзросце. Раней увесь час быў падзел на маладых людзей, як і ў 90-х: тыпа, Лукашэнку абралі бабкі-дзяды, а вось зараз вырасце новае цудоўнае пакаленне, — кажа Астапеня ў праграме Часики тикают.

Рыгор Астапеня

І вось яно вырасла не так і блага. У 2020 пратэставалі, і досыць доўга. Нармальнае пакаленне. Тыя падлеткі, якія зараз растуць — яны апалітычныя, ніяк не ўключаныя ў працэсы.

Але пры гэтым яны адносна ліберальныя людзі ў параўнанні са старшым пакаленнем. Яны менш падтрымліваюць вайну, менш пралукашэнкаўскія і больш прадэмакратычныя.

Але пры гэтым яны малаактыўныя людзі, таму што палітыка іх не цікавіць. Іх трэба пастаянна ўгаворваць усё рабіць.

Заўсёды лёгка зрабіць рэвалюцыю ў краіне, дзе шмат моладзі. Яны бадзёрыя, вясёлыя, заўсёды могуць паўдзельнічаць. І калі іх шмат, там нешта вырасце. А ў нас дэмаграфія яшчэ горш за беларускую палітыку, таму вельмі цяжка расціць кадры.

Заключаючы, Астапеня раіць не мець шмат надзеі на беларускую моладзь, калі хтосьці яе меў. Апроч гэтага ён паразважаў, наколькі ўжо зараз важна думаць пра новую Беларусь, будуючы протапарламенты і іншыя структуры.

— Можна прывесці прыклад з Польшчай. Ежы Гедройц — гэта адзін з вялікіх польскіх інтэлектуалаў, які ў 1960-70-х выдумляў нейкую канцэпцыю Польшчы, якая цяпер шмат у чым досыць папулярная, у тым ліку адносна да Беларусі. Напрыклад, у канцэпцыі прапісана, што трэба дапамагаць беларусам і ўкраінцам, таму што яны з’яўляюцца «нашымі вечнымі саюзнікамі ў вечнай барацьбе з Расіяй».

Ёсць таксама Лешак Бальцэровіч, які ў 1970-х пісаў сам сабе нейкія эканамічныя рэформы. На што ён тады спадзяваўся? Пэўна, ні на што. Але ён напісаў, і потым аказалася, што гэта патрэбна і карысна.

Таму калі казаць пра протапарламенты, протапалітыку сёння ад дэмакратычных сіл — хай займаюцца. Але мне не падабаецца, калі кажуць, што гэта самае важнае.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.5(20)