Астапеня: Калі нехта думае, што за лаяльнасць Расія нас закідае грашыма, гэта абсалютная наіўнасць. Беларусь — прыфрантавая зона

Кіраўнік «Беларускай ініцыятывы» Chatham House Рыгор Астапеня рыхтуе новы даклад на тэму «Якую Беларусь хочуць беларусы?».

Ён кажа, што гэтая ідэя з’явілася, бо ў нашай краіне ёсць шмат выбараў: напрыклад, хутка адбудуцца выбары ў КР і адзіны дзень галасавання, а ў 2025 годзе адбудуцца прэзідэнцкія выбары.

 — І гаварыць пра вобраз Беларусі ўсё ж такі важна, бо гэта рынак канкурэнцыі ідэй, — кажа Рыгор Астапеня ў эфіры Еўрарадыё. — Ёсць два вобразы, якія досыць устойліва з намі жывуць.

Рыгор Астапеня

Першы вобраз — той, які прапаноўвае Лукашэнка, другі — той, што прапаноўвае дэмакратычны рух. Але па факце беларусы адну Беларусь ужо перараслі, а да другой не дараслі.

Вобраз Лукашэнкі — гэта моцная рука, якая самастойна ўсім кіруе. Фактычна гэта аўтарытарызм. У эканоміцы гэта захаванне дзяржаўнай уласнасці, што мы ўсё імкнёмся захаваць і трымаць усё ў сваіх руках.

У выпадку ідэнтычнасці гэта наратыў, што мы савецкія людзі, усё захоўваем. У знешняй палітыцы гэта арыентацыя на Расію.

Калі казаць пра вобраз дэмакратычнага руху, то, адзначае эксперт, гэта вобраз дэмакратычнай, ліберальнай краіны.

— Дзе плануюць шмат што прыватызаваць. У выпадку ідэнтычнасці гэта беларускамоўнасць, а знешняй палітыкі — арыентацыя на Захад.

Астапеня лічыць, што ў выпадку палітычнага кіравання беларусам больш даспадобы дэмакратычны рух. Калі казаць пра эканоміку, то беларусы знаходзяцца недзе пасярэдзіне між вобразам Лукашэнкі і дэмруху.

— У выпадку ідэнтычнасці беларусам усё ж такі больш падабаецца калясавецкі вобраз, чым той, які прапаноўвае дэмакратычны рух. Ну і ў выпадку знешняй палітыкі беларусы б хацелі таго, што ніхто не дае — нейкай нейтральнасці, умоўна кажучы сябраваць і з тымі, і з другімі, і не ўлазіць у чужыя канфлікты.

То бок большасць беларусаў хацелі б дэмакратычнасці, але калі ім кажуць, што ў навесак з дэмакратычнасцю яшчэ і беларускую мову як адзіную дзяржаўную, тады ўжо не ведаюць, ці хочуць такую дэмакратыю. У кожным вобразе ёсць нешта чужое, што не вельмі падабаецца.

Таму поспех Сяргея і Святланы Ціханоўскіх, Віктара Бабарыкі ў 2020 годзе быў абумоўлены тым, што яны прапаноўвалі беларусам тое, што яны прыкладна хочуць.

Таксама Астапеня адказаў на каментар гледача, які напісаў, што пры еўраінтэграцыі адбудзецца памяншэнне насельніцтва, бо шмат хто з’едзе на заробкі ў Еўропу. На думку эксперта, памяншэнне насельніцтва адбываецца ўжо цяпер, у тым ліку з-за таго, што з краіны з’язджаюць вельмі добрыя спецыялісты. 

— Ад’езд лекараў — гэта вельмі сур'ёзная справа. Гэта бяда. Прычым паралельна з гэтым у Беларусі не нараджаюцца дзеці: у нас колькасць нараджэння на жанчыну нават менш за 1,5.

Пасля мы паглядзім, як гэта адбіваецца на рынку працы. Раней працадаўцы выстаўлялі рэкламу на сайтах. Цяпер некаторым людзям прыходзіцца выкупаць банк рэзюмэ, садзіць чалавека ў офісе, каб ён званіў і пытаў, ці не хоча чалавек у іх працаваць.

І вось які бізнес захоча ісці ў краіну, дзе трэба шукаць людзей і трэба выкупаць банк рэзюмэ? Як гэта будзе выглядаць: «Добры дзень, мы хочам інвеставаць у Беларусь і шукаем людзей»? Канешне, ніхто інвеставаць не будзе.

Можа, у кагосьці ёсць думкі, што ў нас ёсць верны саюзнік, мы праявілі лаяльнасць і цяпер Расія нас закідае грашыма. Гэта абсалютная наіўнасць, Беларусь — прыфрантавая зона. Не будуюць важныя прадпрыемствы ў прыфрантавой зоне, такога не бывае.

Ну і тады я малюю сабе абсалютна чорную карціну: людзей няма, усе з‘язджаюць, не нараджаюць, ніхто не інвестуе.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.7(27)