Лица

Аляксандраў пра добрае ў 2021-м: «Ніколі ў жыцьці я не назіраў такой канцэнтрацыі дабрыні, любові»

РС зьвярнулася да вядомых у беларускай публічнай прасторы асобаў з просьбай адказаць на пытаньне: Што Вас парадавала/прымусіла ўсьміхнуцца ў 2021-м? Вось што з-за кратаў адказваў палітвязень Андрэй Аляксандраў.

— Калі я думаю аб тым, што мяне парадавала ў 2021 годзе, я найперш думаю пра людзей, якія сёлета напісалі і адаслалі тысячы лістоў, паштовак і тэлеграмаў (ну і ня будзем забываць пра перадачы). Бадай, ніколі ў жыцьці я не назіраў такой канцэнтрацыі шчырасьці, дабрыні, любові, салідарнасьці, чалавечай цеплыні.

Мяне радавала, калі людзі праз расчараваньне, бездапаможнасьць і больш шукалі — і, спадзяюся, знаходзілі — адказы і сэнсы, не здаваліся, не спыняліся.

Мяне радавала, калі людзі прызнавалі памылкі і пачыналі задумвацца над важнымі рэчамі, над якімі не задумваліся раней.

Мяне парадавала, што я не расчараваўся ў ніводным чалавеку, якога/якую лічыў сябрам — і завёў шмат новых сяброў.

Мяне вельмі радавалі, зусім як у клясыка, «простыя словы, простыя рэчы»: тое, што бацькі пішуць, быццам усё ў норме (ніколі ж не прызнаюцца, калі й не); кляновы лісток ці засохлая кветачка ў лісьце; калі сьледчы расьля допыту перадае словы каханьня ад любай дзяўчыны; калі сябра піша, што ў бясьпецы; калі сяброўка дасылае тэлеграму, што «Лівэрпул» забіў пяць разоў на «Олд Трафард», і цытуе гімн клюбу, які я пераклаў на родную мову: «Ты ніколі ня будзеш адзін».

Так, мяне парадавала, што я моцна адчуваў увесь гэты год: я ніколі ня буду адзін. Троху выглядае на пекла для інтравэрта — але насамрэч гэта вельмі моцнае адчуваньне, якое натхняе і не дае згубіцца.

Дзякуй вам за гэты год!

Андрэй Аляксандраў — журналіст і мэдыямэнэджар, палітвязень. Арыштаваны ў студзені 2021; у чэрвені Аляксандраву выставілі абвінавачаньне паводле ч. 1 арт. 356 Крымінальнага кодэксу («Здрада дзяржаве»). Яму пагражае ад 7 да 15 гадоў пазбаўленьня волі. Трымаюць яго ў СІЗА № 1 Менску («Валадарцы»).

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(11)