Аліна Коўшык: «Каб змяніць уладу ў Беларусі, патрэбна будзе замяніць на ключавых пасадах ад 3 да 5 тысяч чыноўнікаў»

Прадстаўніца АПК на нацыянальным адраджэнні Аліна Коўшык — пра беларускую мову як адзіную дзяржаўную і барацьбу за перамены ў Беларусі.

Палітык лічыць, што важнасць беларускасці грамадзянам дапамог зразумець 2020 год, а поўнамаштабнае ўварванне Расіі ва Украіну стала маркерам таго, што ёсць чорнае і белае, і ўжо нельга падзяляць іншымі колерамі.

— Расійская мова стала мовай агрэсара. Раней прадстаўнікі беларускай дэмакратычнай супольнасці вельмі асцярожна выказваліся і казалі, што павінна быць дзве дзяржаўныя мовы, бо ўсё ж такі ў нас шмат расійскамоўнага насельніцтва. Я лічу, што ў нас павінна быць адна дзяржаўная мова. Як гэта будзе, мы не ведаем, але гэта маё перакананне, — кажа Аліна Коўшык у эфіры праграмы Meet.

Аліна Коўшык

Гэта не значыць, што мы будзем рэпрэсаваць людзей, якія будуць размаўляць па-расійску. Але мы зробім усё магчымае, каб беларуская мова стала галоўнай. Дзеля гэтага нам трэба стварыць новую сістэму адукацыі, якой зараз няма ў Беларусі.  Няма такога, каб дзіцёнак пайшоў у беларускамоўны садочак, потым — у школу, і скончыў беларускамоўны ўніверсітэт.

Прадстаўніца АПК таксама кажа, што ў дэмакратычных сілах ёсць разуменне таго, што расійская прапаганда і расійскія спецслужбы зробяць усё, каб не адпусціць Беларусь.

— І гэта будзе вельмі жорсткая барацьба, да якой мы гатовы. У нас таксама ёсць разуменне таго, з кім (з тых, хто цяпер працуе на рэжым Лукашэнкі — С.) ужо будзе прынцыпова нельга супрацоўнічаць, а з кім можна.  

Таму наша задача зараз — гэта максімальна аб’яднаць сілы, у нас ёсць праграма кадравага рэзерву, якая збірае людзей, гатовых зараз падвысіць свае кваліфікацыі, каб потым ведаць, што рабіць.

Уявіць толькі, што каб змяніць уладу ў Беларусі, нам будзе патрэбна адначасова замяніць на ключавых пасадах ад 3 да 5 тысяч чыноўнікаў. У нас яшчэ няма гэтай колькасці людзей, але мы працуем над гэтым.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.7(44)