Политика
Анастасія Зелянкова

Алесь Чыгір: “Можа, улады за кімсьці з апазіцыі і зарэзервавалі месца ў парламенце, але дакладна не за мной”

У інтэрв’ю “Салідарнасці” кандыдат у дэпутаты па Бабруйскай сельскай акрузе Магілёўскай вобласці Алесь Чыгір расказаў, чаму не бачыць ніякай розніцы байкатаваць ці ўдзельнічаць у выбарах, назваў хлуснёй размовы тых апазіцыянераў, якія кажуць, што будуць у парламенце, і распавёў, які міф пра Лукашэнку не адпавядае рэальнасці.

— Вы ўжо не першы раз удзельнічаеце ў выбарах, што змянілася за гэты час?

— Я быў дэпутатам гарадскога савета, а ў выбарчых кампаніях увогуле ўдзельнічаю з 1999 года. Таму, маючы дзесяцігадовы вопыт, магу сказаць, што гэтая кампанія нічым не адрозніваецца ад папярэдніх.

У камісіях тыя ж самыя людзі, як і дзесяць год назад. Адбываюцца хіба што асобныя ракіроўкі: сёння ён — старшыня камісіі, заўтра – сакратар камісіі, другі ж – наадварот. Усё астатняе -- нязменнае.

Што датычыць стасункаў з дзяржаўнымі ўстановамі (як кандыдат у дэпутаты я вымушаны ўваходзіць у стасункі з дзяржустановамі), то і тут усё без зменаў. Чыноўнікі сярэдняга і ніжэйшага звяна не ведаюць нават заканадаўчай базы. Яны, як і раней, ўсялякім чынам спрабуюць тармазіць выбарчую кампанію – толькі і чуеш: “прыходзьце заўтра”. Гэта звычайная з’ява, я нават не атаясамліваў бы гэта з выбарамі. Гэта паказвае неэфектыўнасць дзяржаўных устаноў у нашай краіне.

Што да міліцыянтаў, то яны ўжо прэвентыўна “папрацавалі” са мной яшчэ да выбараў. Мне прысудзілі 10 сутак арышту і штраф на тысячу долараў у эквіваленце. Зараз я знаходжуся ў падвешаным стане, мяне могуць арыштаваць у любы момант.

Карацей, тэндэнцыя тая ж: выбараў няма, ёсць толькі дэманстратыўная кампанія ўлад. Калі ў 2000 годзе яшчэ нехта недзе і лічыў галасы, то на гэтых выбарах, як і на папярэдніх прэзідэнцкіх і парламенцкіх, ніхто гэтага рабіць не будзе.

— Іншымі словамі, настрой досыць песімістычны. Тады навошта вы ўдзельнічаеце ў гэтай кампаніі?

-- Насамрэч настрой не песімістычны, хоць і аптымізму не шмат. Я не песіміст, я рэаліст. Я бачу сітуацыю, якая яна ёсць.

Калі б выбары сапраўды былі свабоднымі, я нават не сумняваўся б у сваёй перамозе. Мог бы нават нічога не рабіць, дастаткова проста нагадаць пра сябе. Людзі ж ведаюць мяне па мінулых кампаніях.

Але ўсе мы бачым, што выбары несвабодныя. Іх увогуле няма. Ёсць проста прызначэнне дэпутатаў у Палату прадстаўнікоў. Я ўжо зараз ведаю, што майго канкурэнта прызначаць дэпутатам.

— Так дзеля чаго вы ідзяце на выбары?

— Іду для таго, каб мець магчымасць гаварыць з людзьмі. Неабходна камунікацыя, трэба акумуляваць праблемы гэтых людзей, каб ведаць, як вырашыць іх у будучым. Вось і ўсё.

— Карацей, у парламенце вы сябе не бачыце?

— Былі б выбары, быў бы ў парламенце. Калі нехта з апазіцыі на гэтых выбарах кажа вам, што ён бачыць сябе ў парламенце, гэта хлусня.

І няхай там ходзяць плёткі, што два месцы, ці нават восем, зарэзервавалі для апазіцыі. Можа, за кімсьці і зарэзервавалі месца ў парламенце, але дакладна не за мной.

— А як у цэлым успрымаюць вас людзі?

— Гэта самае цікавае. Людзям, здаецца, надакучыла ўсё. Такая тэндэнцыя.

Гэта вельмі вялікі міф, што ў беларускім грамадстве людзі падтрымліваюць Лукашэнку. Большасць людзей расчараваная ва ўсім. Людзі нікому не вераць – ні прэзідэнту, ні дэпутатам, ні чыноўнікам, ні апазіцыі, не вераць нават сваім суседзям.

Агульная адчужанасць. І гэта зразумела. Рэжым усе 14 год працаваў на тое, каб нас раз’яднаць. Бо што аб’ядноўвае людзей? Структуры грамадзянскай супольнасці. Калі Лукашэнка прыйшоў да ўлады, ён у першую чаргу пачаў наносіць удар менавіта па структурах грамадзянскай супольнасці. Зараз яны практычна знішчаны ці знаходзяцца ў падполлі. Гэта такая палітыка, бо раз’яднаным грамадствам вельмі лёгка маніпуляваць.

У стасунках з людзьмі галоўнае – не хлусіць. Падчас сустрэч чарговы раз упэўніваешся ў абыякавасці чыноўнікаў. Часам вельмі простыя праблемы яны не могуць вырашыць дзесяткі гадоў. Бачыш у вачах людзей такую безнадзёгу, што жах. Ці то сям’я з Бабруйска стаіць на атрыманне жылля з 1968 года, і без перспектыў, ці вось жанчына зіму пражыла ў хаце без даху. Такіх гісторый можна распавядаць вельмі шмат. А за гэтымі гісторыямі стаяць канкрэтныя людзі.

— І што, вы абяцаеце накрыць дах ці пабудаваць кватэру?

— Я гэтым людзям нічога не абяцаю. Абяцаць – гэта значыць падманваць. А я не хачу падманваць. Людзі адчуваюць гэтую фальш.

Што можа дэпутат? Дэпутат можа ініцыяваць некаторыя законы. Я ім і кажу: “Калі б я быў дэпутатам, я б ініцыяваў такі і такі закон”.

А размовы пра тое, што вось я вам тут пабудую плот ці заасфальтую дарогу – гэта хлусня. Бывае, што дапамагаеш вырашаць людзям іх праблемы нейкай парадай. І хоць я не маю ніякага статусу, але ў мяне ёсць пэўны досвед, магчымасці.

— А з чым вы ідзяце да іх?

-- Мая праграма называецца проста: “Дзевяць законаў, якія патрэбныя людзям”. Гэта тыя законы, якія я лічу неабходным прыняць.

Першы датычыць пенсійнай сістэмы. Сённяшняя пенсійная сістэма не адпавядае рэчаіснасці, бо невядома, адкуль выводзіцца мінімальная пенсія. Я прапаную зрабіць мінімальную пенсію не меней за 50% ад сярэдняга заробку па прамысловасці. Я прыводжу канкрэтныя разлікі, адкуль гэтыя грошы браць, як іх акумуляваць.

Наступны закон датычыць медыцынскага абслугоўвання. Лічу неабходным стварыць сетку дзяржаўных сацыяльных аптэк, якія б працавалі на людзей з абмежаванымі магчымасцямі -- на інвалідаў, на сацыяльна безабаронных.

Таксама прапаную стварыць фонд будучых пакаленняў — гэта калі дзяржава кладзе на рахунак нованароджанаму дзіцёнку грошы пад працэнт. Калі чалавек дасягае 18-гадовага ўзросту ён гэтыя грошы можа ўзяць, каб заплаціць за навучанне ці зрабіць першы ўнёсак для будаўніцтва жылля.

Лічу неабходным таксама прыраўняць настаўнікаў, медыкаў, работнікаў навукі і культуры да дзяржаўных службоўцаў, зразумела, з адпаведнымі прывілеямі. Ёсць прапанова, якая тычыцца барацьбы з карупцыяй, каб прыраўняць карупцыйныя артыкулы да артыкула “здрада дзяржаве” і ўзмацніць пакаранне. Ёсць пункт пра тое, каб главы раённых, гарадскіх, абласных адміністрацый не прызначаліся, а абіраліся. Ёсць прапановы ў сістэме навучання.

Мая праграма больш сацыяльная, але вельмі канкрэтная. Я прыводжу падрабязныя разлікі, як гэта можна зрабіць.

— Вы балатуецеся ад Партыі БНФ, але, наколькі можна зразумець, рашэнне яе кіраўніцтва наконт зняцця з выбараў не падтрымліваеце – ваша прозвішча стаіць сярод падпісантаў звароту супраць байкоту.

-- Я беспартыйны, але падтрыманы партыяй БНФ. Скажу шчыра: дэмакратычныя сілы зараз знаходзяцца ў такім стане, што, па вялікім рахунку, не мае значэння – ці байкатаваць гэтыя выбары, ці прымаць у іх удзел да канца. Абсалютна аднолькавы вынік.

Але справа вось у чым. Сябры маёй каманды падчас гэтай летняй спёкі, калі большасць людзей былі ў адпачынках, сабралі больш за тысячу подпісаў, мяне зарэгістравалі, было праведзена столькі сустрэч. Лічу, здымацца зараз – гэта не зусім этычна ў адносінах да выбаршчыкаў. Але, з іншага боку, калі навокал парушаецца выбарчае заканадаўства, калі адбываецца пастаянны ціск – на цябе, на членаў тваёй каманды, на сям’ю, сяброў, то таксама пачнеш задумвацца, навошта.

Давайце дажывём да выбараў. Яшчэ шмат часу. Штодзень адбываюцца нейкія змены. Будзем глядзець па абставінах. Я на ўсё гляджу рэальна, і з гэтай выбарчай кампаніі спрабую максімальна выцягнуць усё магчымае.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)