Филин

Юлія Кот

Агарэлышава: «Нельга паставіць адны праблемы на паузу, пакуль мы вырашаем іншыя»

У Беларусі рэкордна вялікая колькасць дзяцей-сірот. Што з гэтым рабіць? Гендарная экспертка — пра (не)эфектыўнасць дэмаграфічнай палітыкі ўладаў і пра тое, чаму сацыяльныя пытанні трэба ўздымаць нават ва ўмовах рэпрэсій.

Паводле статыстычнага зборніка Белстату аб сацыяльным становішчы і ўзроўні жыцця насельніцтва, за мінулы год колькасць выяўленых дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, склала 2449 чалавек — на 12% больш, чым летась, і гэта найбольш высокі паказчык з 2017 года.

Дарэчы, раней гэтая лічба стабільна зніжалася некалькі год, а з 2021-га пачала зноў расці. Прытым колькасць дзяцей, якія выхоўваюцца ў апякунскіх і прыёмных сем’ях, дзіцячых дамах сямейнага тыпу, альбо на ўсынаўленні, таксама няўхільна змяншаецца.

Ці можна палепшыць сітуацыю, альбо падчас крызісу не да ўразлівых груп? Аб гэтым Филин пагутарыў з сацыялагіняй, гендарнай даследчыцай і ўдзельніцай Фемгрупы Каардынацыйнай рады Аленай Агарэлышавай.

Photo: svaboda.org

«Катастрафічна не хапае звестак»

— Самае галоўнае, што трэба зазначыць напачатку — на жаль, мы не можам сказаць дакладна, што з’явілася прычынай усплёску колькасці сірот, — гаворыць экспертка. — Трэба больш лічбаў, трэба глядзець на трэнды — што з агульнай колькасці ёсць сацыяльным сіроцтвам, то бок, дзеці знаходзяцца ў інтэрнатах пры жывых бацьках, а які адсотак — дзеці, у каго няма ні бацькоў, ні іншых родных, хто мог бы імі апекавацца.

Скажам, з апошніх дадзеных, якія яшчэ не былі засакрэчанымі, у Беларусі пераважала так званае сацыяльнае сіроцтва — дзеці, чые бацькі былі пазбаўленыя бацькоўскіх правоў. Цяпер, на жаль, і пра гэту сферу, і пра большасць іншых сфер жыцця грамадства даводзіцца канстатаваць, што ў нас катастрафічна не хапае звестак, каб аналізаваць, што з’явілася прычынай тых ці іншых праблем.

Як мы ведаем, нават статыстыка па смяротнасці — у Беларусі гэта вялікі сакрэт. Шмат іншай статыстыкі цяпер таксама недасяжна, пры тым даследаванні, якія раней маглі праводзіцца ў краіне, сёння зладзіць нельга, а звесткі, якія ёсць у адкрытым дасягу — вялікае пытанне, наколькі можна давяраць тым жа дадзеным Белстату: ці яны «падмалёўваюцца», каб Беларусь паўставала самай квітнеючай краінай, ці ўсё ж на нейкі адсотак адлюстроўваюць рэчаіснасць.

Такое вялікае адступленне, тлумачыць Алена Агарэлышава, неабходнае, каб разумець: усе экспертныя меркаванні ў сённяшняй сітуацыі — хутчэй, гіпатэтычныя развагі:

— Наконт росту колькасці сірот у Беларусі — асабіста мне падаецца, што галоўная прычына палягае ў эканамічных умовах, у вялікай беднасці насельніцтва. Дый людзі самі пра гэта кажуць: калі мы праводзілі даследаванне аб гендарнай няроўнасці, у топ найбольш важных праблем беларусы вынеслі менавіта эканамічныя: нізкі заробак, нестабільнасць, неўладкаванасць.

Эканамічны крызіс, які ў тым ліку доўжыцца з 2020 года, усё больш паглыбляецца: расце беспрацоўе, павялічваецца колькасць людзей, чый даход меншы за пражытачны мінімум, таксама ўплываюць эканамічныя санкцыі.

То бок, палітычны крызіс цягне за сабой пагаршэнне эканамічнай сітуацыі, а тая адбіваецца на сацыяльным становішчы. Напрыклад, колькаць усынаўляемых дзяцей апошнім часам толькі павялічвалася год ад года, а ў 2022 гэты паказчык упершыню зменшыўся. Рэпрэсіі/эканамічны крызіс прыводзяць да таго, што беларусы менш гатовыя не толькі ўсынаўляць, але і нараджаць дзяцей.

Падаецца, Белсат адносна нядаўна апытваў жанчын наконт іхніх планаў стаць маці — і вельмі шмат дзяўчат і жанчын адказвалі, што вырашаюць пачакаць, пакуль сітуацыя больш-менш стабілізуецца. Таму што вайна, рэпрэсіі, эканамічны крызіс — усё ж такі не тая гісторыя,  у якой ты хочаш нараджаць немаўля, альбо ўзяць дзіцёнка ў інтэрната ў прыёмную сям’ю, нават калі раней былі такія планы.

На думку даследчыцы, людзі, не ўпэўненыя ва ўласнай будучыні, тым больш не гатовыя несці адказнасць за кагосьці іншага.

«Кейс Зельцара»: як дзеці трапляюць у прытулкі праз палітычны пераслед бацькоў

Тая ж эканамічная неўладкаванасць адбіваецца і на сацыяльным сіроцтве, дадае Алена Агарэлышава. Калі раней стрэс быў для шэрагу беларусаў нагодай выпіць час ад часу, то зацяжны стрэс прыводзіць гэтых людзей да алкагалізму, ужо як хваробы, — і значыць, расце верагоднасць пазбаўлення іх бацькоўскіх правоў.

Так, згодна з дадзенымі Белстата, у 2022 годзе колькасць людзей, якія хварэюць на алкагалізм, павалічылася на 12% у параўнанні з мінулым годам.

— Не выключаю, што раней такія неўладкаваныя сем’і маглі хоць неяк выжываць, а цяпер проста не могуць забяспечыць дзіцёнку самы мінімум, і тыя ж самыя камісіі прымаюць рашэнне забраць дзіця ў прытулак, а не пакінуць у сям’і…

Зноў жа, паколькі няма дадзеных, складана меркаваць, ці ў многіх сем’ях бацькоў пазбавілі бацькоўскіх правоў праз палітычныя погляды. Дакладна, такія кейсы ёсць, і медыя асвятляюць гэтыя выпадкі.

Адзін з прыкладаў — сумна вядомы кейс Зельцара (дарэчы, 28 верасня спаўняецца два гады з дня перастрэлкі ў Мінску, калі загінуў Андрэй Зельцар і супрацоўнік КДБ з «групы захопу» — Ф): у выніку трагедыі сын загінулага праграміста трапіў у прытулак. (Яшчэ адзін з нядаўніх гучных выпадкаў — справа рэпрэсаванага аператара Вячаслава Лазарава і ягонай жонкі Таццяны Пыцько: сужэнцаў асудзілі, а іх маленькую дачку аддалі ў прытулак, і толькі пазней яе змаглі забраць сваякі — Ф).

Але ўсё ж хочацца верыць, што гэтых выпадкаў не большасць, і не ўсе адсоткі, на якія вырасла колькасць сіротаў — выпадкі палітычна матываванага пазбаўлення бацькоўскіх правоў.

«Ці варта дзяржаве эканоміць на дзецях?»

Рост сіроцтва у дзяржаве, дзе заклікаюць паляпшаць дэмаграфію — фіяска дэмаграфічнай палітыкі ўладаў?

— У прынцыпе, з гэтымі заклікамі шмат пытанняў, — заўважае Алена Агарэлышава. — Узяць хоць бы перадабортныя кансультацыі. Перш чым жанчына вырашае рабіць аборт (альбо, па-беларуску, спарон), яна мусіць прайсці абавязковую кансультацыю, і ў лепшым выпадку гэта будзе ўрач-гінеколаг, а ў горшым — усё яшчэ існуючыя праправаслаўныя, пралайферскія актывісткі, якія нават не ўсе маюць псіхалагічную ці медычную адукацыю.

І з аднаго боку, мы чуем прапагандысцкія заклікі, што трэба больш беларусаў, больш нараджайце — а з другога, бачым памер дапамогі на дзяцей. Напрыклад, маці, якая выхоўвае дзіцёнка адна, у прынцыпе амаль немагчыма з гэтых сацыяльных выплат пражыць самой і падняць дзіця.

Ці ўзяць эканамічныя баны: калі жанчына ў дэкрэтным адпачынку хоча зарабляць — і выходзіць на няпоўны працоўны дзень, альбо, крый Божа, стаць індывідуальнай прадпрымальніцай, — яе могуць часткова ці цалкам пазбавіць гэтых выплат: маўляў, у цябе ёсць лішнія грошы, а ў дзяржавы іх няма.

І гэта, на мой погляд, супярэчыць усім «ідэалагічна-дэмаграфічным заклікам», яны ператвараюцца ў лухту, якую немагчыма рэалізаваць.

Вяртаючыся да праблемы сіроцтва, мы можем адсачыць, як паступова зменшаецца колькасць дзецей у дамах сямейнага тыпу, затое павялічваецца іх колькасць ў сацыяльных прытулках: толькі за 2022-гі колькасць дзецей у сацыяльных прытулках павялічылася амаль на 30% у параўнанні з мінулым годам.

Трэба зазначыць, што ўтрыманне дзіцёнка у такіх прытулках каштуе рэжыму танней, чым у дамах сямейнага тыпу. Ці варта дзяржаве эканоміць на дзецях? Рытарычнае пытанне.

Чаму нельга чакаць «лепшых часоў»

У бягучых умовах ці магчыма штосьці змяніць у лепшы бок? Алена Агарэлышава перакананая: нельга расстаўляць прыярытэты такім чынам, што перадусім разбярэмся з рэпрэсіямі, а потым — пяройдзем да ўразлівых групаў. Бо апошнія маюць патрэбу ў падтрымцы тут і цяпер.

— Заклікі да грамадства, безумоўна, складана рабіць, — кажа сацыялагіня. — Але гэтымі праблемамі час займацца заўсёды — проста мы не можам выкрэсліваць той факт, што сёння ў Беларусі працягваюцца рэпрэсіі. Таму трэба мець на ўвазе: мы займаемся ўразлівымі групамі ва ўмовах цяперашняй беларускай спецыфікі, у тым ліку рэпрэсій. Нельга паставіць адны праблемы на паўзу, пакуль мы вырашаем іншыя.

Нават у сённяшняй Беларусі, дадае экспертка, працягваюць працу пэўныя сацыяльныя арганізацыі, якія могуць паўплываць на сітуацыю:

— Патэнцыйна гэта можа быць пытанне і да міжнароднай адвакацыі: тыя ж заходнія амбасады, якія яшчэ працуюць, можа быць, фонды — ЮНІСЕФ, які працягвае дзейнічаць у Беларусі: чый тады гэта мандат, правы дзіцяці, як не іх? Таму яны могуць уздымаць гэтыя пытанні і, як мінімум, разбірацца, з якіх менавіта прычын вырасла колькасць сірот, з якіх другасных лічбаў складаецца гэты страшны адсотак.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(13)