Общество
Ігар Андрэеў, Svabodaby.net

Абельская вярнулася на працу

Апошнім часам пра былога галоўнага ўрача Рэспубліканскай бальніцы Кіравання справамі прэзідэнта і асабістага лекара А.Лукашэнкі хадзіла шмат самых розных чутак.

Адны казалі, што Ірына Абельская быццам бы папрасіла палітычнага прытулку ў адной з заходніх краін. Другія гаварылі, што Ірыну Сцяпанаўну быццам бы пазбавілі бацькоўскіх правоў на малодшага сына. Трэція са спасылкай на “дасведчаныя” крыніцы сцвярджалі, што яна праходзіць курс рэабілітацыі ў псіханеўралагічнай клініцы ў “Навінках”…

“Тут і цяпер” высветліла, што Ірына Абельская па-ранейшаму працуе ў аддзяленні ультрагукавой дыягностыкі Мінскага дыягнастычнага цэнтра. Ірына Сцяпанаўна з’яўляецца там не кожны дзень. Яна працуе па графіку. Дзверы кабінета № 415, дзе працуе Абельская, можа адчыніць любы пацыент. Іншыя справа, ці прыме яго Ірына Сцяпанаўна…

Як запэўнілі нас у рэгістратуры дыягнастычнага цэнтра, на прыём да Ірыны Абельскай можна трапіць па адпаведным накіраванні. А вось за грошы — не.

Дарэчы, тэлефона ў кабінеце лекаркі прэзідэнта няма.

Некаторы час Абельскай сапраўды не было на працы. Але з 16 снежня, яна распачала прыём.

Супрацоўнікі Мінскага дыягнастычнага цэнтра кажуць, што перыядычна Ірына Сцяпанаўна на кароткі час з’язджае ў адну з заходніх краін. Калі верыць людской пагалосцы, Абельская быццам бы наведвае там нейкі дзіцячы цэнтр. Што за цэнтр і з якой нагоды туды ездзіць Абельская — невядома. У народзе на гэты конт існуюць самыя розныя версіі…

Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька кажа, што вялікая колькасць чутак, якія круцяцца вакол Ірыны Абельскай, абумоўлена дэфіцытам афіцыйнай інфармацыі пра асабістае жыццё Аляксандра Лукашэнкі.

— Чым больш таямніцы робіцца з асабістага жыцця першай асобы дзяржавы, тым больш цікавасці яно выклікае ў простых людзей, — гаворыць Лябедзька. — У цывілізаваных краінах у палітыкаў, іх родных і блізкіх фактычна няма прыватнага жыцця. Ў нас жа на жыццё асобы, якая хоча называцца прэзідэнтам, накладзены грыф “Цалкам сакрэтна”. І адсюль усе праблемы. Да таго ж, Аляксандр Рыгоравіч сам стварае дадатковую цікавасць да уласнай асобы, калі раптам з’яўляецца на публіцы з невядома адкуль узніклым сынам чатырох гадоў. Яго афіцыйная жонка ўжо больш за 14 гадоў жыве за высокім плотам. Яна быццам бы і ёсць, а быццам бы і няма. Пры гэтым ніякіх афіцыйных паведамленняў пра скасаванне шлюбу Аляксандра і Галіны Лукашэнкі не было. Адсюль і самыя розныя чуткі і плёткі. Думаю, асабістае жыццё кіраўніка дзяржавы час ад часу абмяркоўваюць ледзь не ў кожнай беларускай сям’і.

З асабістай справы

Ірына Абельская даўно вядомая як асабісты доктар А. Лукашэнкі.

У 1990-1994 гадах Ірына Сцяпанаўна працавала звычайным кансультантам-эндакрынолагам у Мінскім дыягнастычным цэнтры. У 1994 годзе яна стала асабістым доктарам кіраўніка дзяржавы.

У лістападзе 2001 года Абельская ўзначаліла Рэспубліканскую бальніцу Кіравання справамі прэзідэнта.

У 2005 годзе Ірына Абельская разам з групай беларускіх вучоных-медыкаў была вылучана на Дзяржпрэмію Рэспублікі Беларусь у галіне навукі і тэхнікі. Але потым яе прозвішча знікла з ліку прэтэндэнтаў.

У красавіку 2007 года Лукашэнка зняў Абельскую з пасады галоўнага ўрача “лечкамісіі”.

Паводле слоў былога кіраўніка справамі прэзідэнта Івана Ціцянкова, Ірына Сцяпанаўна — адна з самых уплывовых жанчын у беларускай палітыцы. І калі важным дзяржаўным чыноўнікам трэба пабачыцца з Лукашэнкам сам-насам, яны напрамую дамаўляюцца праз яе. Так, дарэчы, у няпросты для сябе час трапіў на размову да Лукашэнкі і сам Ціцянкоў. Былая кіраўніца Нацбанка Рэспублікі Беларусь Тамара Віннікава ў сваіх інтэрв’ю казала, што Абельская наведвала яе па даручэнні А.Лукашэнкі ў СІЗА.

Паводле інфармацыі з адкрытых крыніц, у Ірыны Абельскай двое сыноў. Старэйшы ад першага шлюбу — Дзмітрый — у гэтым годзе скончыў лячэбны факультэт Беларускага дзяржаўнага медыцынскага універсітэта. Цяпер Дзмітрый Абельскі праходзіць стажыроўку ў адной з беларускіх паліклінік. Бацька Дзмітрыя — Яўген Абельскі, былы муж Ірыны, да нядаўняга часу працаваў анестэзіёлагам.

У 2004 годзе ў сталічным радзільным доме № 2 Ірына Абельская нарадзіла сына. (Між іншым, як пісалі дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі, пераабсталяванне гэтага радзільнага дому прайшло пад асабістым кантролем А. Лукашэнкі.) Летам 2005 года паўсюль толькі шэптам казалі, што тата дзіцяці — Аляксандр Лукашэнка. А праз чатыры гады Аляксандр Рыгоравіч адкрыта пачаў выходзіць у свет з сынам Мікалаем. Напярэдадні парламенцкіх выбараў 2008 года ў інтэрв’ю газеце “Камсамольская праўда” А. Лукашэнка шчыра прызнаўся, што “маці Мікалая працуе ўрачом”.

“Гэта не сакрэт, — сказаў ён. — Чаго тут хаваць? Як жа можна пра маці альбо дзіця казаць, што гэта чужое, не маё? Гэта злачынства перад Богам. Дзеці — гэта Божы дар”.

Між іншым, з дэкрэтнага адпачынку Абельская выйшла датэрмінова.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)