55 тысяч ветэранаў пазбавілі права на льготнае жыллё
Напярэдадні чарговага Дня перамогі дзяржава зрабіла непрыемны падарунак.
Дзве траціны ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны пазбавілі “кватэрных” ільгот. Пра гэта Еўрарадыё расказалі ў аддзеле жыллёвай палітыкі адміністрацыі Савецкага раёна Мінска.
Супрацоўніца аддзела жыллёвай палітыкі: “Я вам зачытаю ліст, які нам даслала вышэйстаячае кіраўніцтва – упраўленне жыллёвай палітыкі Мінгарвыканкама. З 15 красавіка ў сувязі з увядзеннем у дзеянне закона адмяняюцца ранейшыя льготы на першачарговае ўключэнне ў жыллёва-будаўнічыя кааператывы шэрагу катэгорый асоб, вызначаных у законе Рэспублікі Беларусь “Аб ветэранах”. І дадатак: “Асоб, узнагароджаных за самаадданую працу ў гады вайны і блакаднікаў, інваліды з дзяцінства ў сувязі з ВАВ, былыя вязні канцлагераў. Яны згубілі права на першачарговае будаўніцтва. У гэтай сувязі пэўныя спісы асоб, якія маюць права на першачарговае ўключэнне ў арганізацыі забудоўшчыкаў, з 15 красавіка анулююцца. І раней занесеныя ў іх грамадзяне пераводзяцца ў агульную катэгорыю ўліку”.
Закон, на які спасылаецца супрацоўніца адміністрацыі аднаго з раёнаў сталіцы, быў прыняты дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў 28 снежня 2009 года – “Аб унясенні зменаў і дадаткаў у законы РБ “Аб ветэранах” і “Аб статусе Герояў Савецкага Саюза, Герояў Сацыялістычнай працы, поўных кавалераў ордэнаў Славы, Працоўнай Славы”. Менавіта ён набыў моц 15 красавіка гэтага года і пазбавіў частку ветэранаў права на пазачарговае будаўніцтва жылля.
Як паведамілі Еўрарадыё ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны, сёння ў Беларусі жывуць 89 220 ветэранаў. З іх 54 816 трапляюць у лік тых ахвяраў вайны, каго пазбавілі “будаўнічых” ільгот.
Міністэрства працы і сацабароны: “Асоб, узнагароджаных ардэнамі і медалямі за самаадданую працу ў тыле – 10 тысяч. Асоб, якія працавалі на прадпрыемствах, ва ўстановах і арганізацыях Ленінграда падчас блакады – 916 чалавек. Былыя вязні фашысцкіх канцлагераў – 42 500. Інваліды з дзяцінства ў выніку вайны – іх 1200 чалавек”.
Чаму было прынята такое рашэнне, Еўрарадыё запыталася ў сябра камісіі па працы, сацыяльнай абароне, справах ветэранаў і інвалідаў Палаты прадстаўнікоў Алены Дзікавіцкай. Дарэчы, менавіта яна была адказная за яго падрыхтоўку да разгляду. Але дэпутат сцвярджае, што нікога з ветэранаў прыняты закон ільгот не пазбаўляе.
Алена Дзікавіцкая: “Вось перада мной ляжыць “стары” закон і новы закон – практычна тут усё засталося тое ж самае”.
Не толькі, кажа, тыя ж самыя льготы, але і для тых жа самых катэгорый ветэранаў. Таму, разважае Алена Дзікавіцкая, калі штосьці і памянялася для асобных ветэранаў, то гэта было прапісана не ў прынятым дэпутатамі законе, а ў нейкіх іншых заканадаўчых актах.
Рэакцыя супрацоўніцы аддзела жыллёвай палітыкі на гэта выказванне дэпутата была даволі рэзкая.
Супрацоўніца аддзела жыллёвай палітыкі: “Трэба закон дэпутату чытаць уважліва. Параўноўваць, які ён быў і які ён цяпер. Там удзельнікам і інвалідам ВАВ правы не ўшчамілі. Там змянілася для асоб, узнагароджаных за самаадданую працу ў гады вайны, блакаднікаў… Меры сацыяльнай абароны ў іх іншыя цяпер: у іх няма першачарговага накіравання на будаўніцтва жылля ў кааператывах”.
Самае цікавае, што пра пазбаўленне часткі ветэранаў “будаўнічых” ільгот не ведае нават старшыня Рэспубліканскага савета Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў Анатоль Новікаў.
Анатоль Новікаў: “Ільготная чарга на будаўніцтва яна існавала і існуе – ніхто яе не адмяняў”.
Супрацоўнікі аддзела жыллёвай палітыкі знаходзяцца ў разгубленасці – цяпер ветэранаў трэба выкрэсліваць з ільготнай чаргі на будаўніцтва, уносіць у агульную чаргу і паведамляць людзям пра гэтыя змены. Прычым, напярэдадні іх галоўнага свята. І добра, кажа суразмоўца Еўрарадыё, каб адну льготу замянілі на іншую, але і гэтага не было зроблена.
Супрацоўніца аддзела жыллёвай палітыкі: “Вядома, яны гэта не своечасова зрабілі – напярэдадні юбілею. Народ ходзіць, пытаецца, тыя, хто гэтыя льготы мелі. Працаўнікі тылу, блакаднікі, вязні – іх з пазачарговага ўключэння ў чаргу прыбралі, а ва Ўказе прэзідэнта №185, як тых, хто мае права на першачарговае атрыманне крэдыту на будаўніцтва, іх не прапісалі”.
Галоўнае, што зараз будзе цікавіць былых ільготнікаў – іх нумар у агульнай чарзе і колькі часу давядзецца чакаць пачатку будаўніцтва. Што тычыцца першага, то, па словах супрацоўніцы адміністрацыі, у агульную чаргу іх унясуць тым днём, у які ветэраны калісьці прыносілі сваю заяўку на пастаноўку ў чаргу. А вось чакаць пачатку будаўніцтва ім цяпер нароўні з усімі – ад 10 да 20 год.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное