История

Андрэй Кныш

29/30. Галоўны ўрок трагічнай кастрычніцкай ночы

86 год таму кáты НКВД абяскровілi нацыю. Да чаго прыводзіць неасэнсаванае перагортванне старонкі.

Калаж nochpaetau.com

У ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года ў Мінску кáтамі НКВД былі расстраляныя 132 прадстаўнікі беларускай нацыянальнай эліты. Дзяржаўныя дзеячы, кіраўнікі прадпрыемстваў, навукоўцы, журналісты, а таксама 22 літаратары.

Менавіта апошняя акалічнасць і дала ў нашыя дні гэтай трагічнай падзеі назву «Ноч расстраляных паэтаў», хоць тады загінулі далёка не адны яны.

Нацыянальная эліта — культурная, палітычная, навуковая, эканамічная — кроў народа. Гэта адказ на пытанне, навошта бальшавікі пайшлі на такі крок. Абяскровіць нацыю, запужаць тых, хто перажыў сталінскі тэрор. Многія насамрэч баяліся ўласнага ценю да самай смерці Сталіна, альбо да апошніх уласных дзён.

читайте также

Такі лёс чакаў не толькі беларусаў, але і ўкраінцаў, казахаў, грузінаў ды іншыя народы, якія звязала савецкая імперыя. Год таму быў апублікаваны фотаздымак беларускіх і грузінскіх літартараў, меркавана, зроблены ў кабінеце Мікалая Гікалы, тагачаснага кіраўніка кампартыі БССР.

Многія з удзельнікаў таго групавога здымка былі расстраляныя, у тым ліку і партыйны важак, праз два гады пасля той сустрэчы. Грузінскі літаратуразнаўца і крытык Беніта Буачыдзэ не дажыў да беларускай «Чорнай ночы» лічаныя тыдні, яго расстралялі 3 кастрычніка 1937-га.

Акцыя па масавым знішчэнні беларускай эліты рыхтавалася загадзя. У пачатку 1937-га НКВД БССР сфабрыкавала справу пра няіснае «Аб’яднанае антысавецкае падполле», якое нібыта планавала барацьбу супраць Камуністычнай партыі і савецкага ўрада.

У пачатку чэрвеня таго ж года галоўны орган дзяржаўнай цэнзуры Галоўліт выдаў загад на канфіскацыю з бібліятэк, кнігарняў і навучальных установаў літаратуры, якая падлягала знішчэнню.

Праз два месяцы ва ўнутраным двары турмы НКВД былі спаленыя некалькі дзясяткаў тысяч рукапісаў, што не прайшлі цэнзуру. А таксама фотаздымкі, карэспандэнцыя, дзённікі і ўспаміны «ворагаў народу» ад літаратуры.

Многія кнігі зніклі з публічнага карыстання, тысячы твораў апынуліся ў спецсховішчах.

читайте также

У верасні Сталін і Молатаў паставілі подпісы пад расстрэльным спісам, у якім значыліся 103 прозвішчы беларускіх дзяржслужбоўцаў, кіраўнікоў, навукоўцаў і літаратараў. Мінскае НКВД дадало ў спіс яшчэ 29 прозвішчаў. Гэта і былі ахвяры «Чорнай ночы».

Агулам Вялікі тэрор з 1929 па 1938 гг. забраў жыцці каля 500 беларускіх дзеячаў культуры.

Расстраляных у кастрычніцкую ноч 1937-га пахавалі ў Курапатах

У нашыя дні гісторыкі і палітолагі ўсё часцей кажуць пра сталінізацыю ўладнага рэжыму. І гэта не перабольшанне.

У часе разгонаў пратэстаў 2020-га міліцыянты маркіравалі фарбай беларускамоўных затрыманых, з якімі абыходзіліся падкрэслена бесчалавечна.

Сёння напярэдадні чарговай «Ночы расстраляных паэтаў» гучаць вершы вязняў новага Гулагу, уласнабеларускага. А вершы забітых паэтаў чытаюць тыя, хто прайшоў праз рэпрэсіі 2020-га. Карныя органы фабрыкуюць справы, неспынна папаўняюць спісы «тэрарыстаў» і «экстрэмістаў».

У краіне апынуліся па-за законам усе нацыянальна арыентаваныя арганізацыі, пачынаючы з Таварыства беларускай мовы. Каліноўскага з Касцюшкам запісалі ў ворагі народа, а са Сталіна лепяць ягонага абаронцу.

Вышукваць нязгодных з уладамі ў найгоршых сталінскіх традыцыях дапамагаюць даносы «неабыякавых» інфарматараў. У турмах гінуць лепшыя з лепшых, асуджаныя па палітычных артыкулах.

Так сталася не ў адзін момант. Адкат у змрочнае савецкае мінулае пачаўся з прыходам да ўлады Лукашэнкі, які з першых гадоў кіравання пачаў здаваць суверэнітэт краіны Маскве ў абмен на танныя энергарэсурсы і крэдыты. Спачатку мову і сімвалы, потым эканоміку. І, нарэшце, вайсковую сферу.

У такіх умовах фактычна немагчымым стала тое, без чаго вяртанне да сталінскіх практык у ХХІ стагоддзі было б невыканальнай задачай. І гэта галоўны ўрок той трагічнай кастрычніцкай ночы.

Такія падзеі ў гісторыі любога народа патрабуюць абавязковай рэфлексіі, агульнанацыянальнага абмеркавання пры непасрэдным удзеле дзяржавы.

У Беларусі праўда пра Курапаты стала вядомая ў 1988-м. Але злачынствы сталіністаў дагэтуль афіцыйна не асуджаныя, архівы КДБ застаюцца засакрэчанымі, гісторыя тых жахлівых і трагічных гадоў на нашых вачах падвяргаецца бессаромнай рэвізіі.

Імёны ахвяраў бальшавіцкіх троек з цяжкасцю вяртаюцца ў публічную прастору, а імёны іхніх забойцаў дагэтуль носяць вуліцы нашых гарадоў.

Гэты ўрок пра тое, чым можа скончыцца перагортванне важнай гістарычнай старонкі без належнага асэнсавання.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(16)