«На сустрэчах у НАТА мы казалі, што самы кароткі шлях да перамогі Украіны — гэта дэмакратычная Беларусь»

Прадстаўнік АПК па замежных справах Валер Кавалеўскі — пра тое, хто стварае галоўныя рызыкі для Беларусі.

Лідарка дэмакратычных сіл Беларусі Святлана Ціханоўская ўпершыню афіцыйна сустрэлася з генсакратаром НАТА Енсам Столтэнбергам. Аб чым гэта сведчыць, акрамя таго, што «беларускае пытанне» не знікае з міжнароднай павесткі?

— Гэта вельмі важны для нас дзень. Дзень, калі мы ўсталявалі адносіны з адной з найбольш аўтарытэтных і ўплывовых арганізацый, бо НАТА — гэта той фактар, які забяспечвае стабільнась і бяспеку ў еўрапейскім рэгіёне ўжо 75 гадоў, — распавёў у эфіры Еўрарадыё прадстаўнік АПК па замежных справах Валер Кавалеўскі.

— Так, мы разумеем, што ёсць шмат спробаў дэманізаваць гэтую структуру з боку прапаганды Лукашэнкі і Пуціна. Але праўда заключаецца ў тым, што асновай для самаго Альянса з’яўляюцца каштоўнасці, якія вельмі блізкія беларусам: дэмакратыя, правы чалавека, вяршэнства права, індывідуальная свабода.

Гэта тое, што было важна для нас і ў 2020 годзе, і цяпер мы імкнемся да таго, каб наша краіна жыла паводле гэтых каштоўнасцяў.

Пасля сустрэчы з генсекам Альянса, дадаў Валер Кавалеўскі, у Бруселі адбыўся брыфінг для амбасадараў усіх 32 краін-чальцоў арганізацыі — і беларускаму боку ўдалося данесці вельмі важныя пасылы не толькі да сваіх сталых партнёраў з ЕС і Паўночнай Амерыкі, але і, напрыклад, да прадстаўнікоў Турцыі і Венгрыі, якія «ўважліва слухалі».

— Мы казалі аб тым, што вельмі важна, каб нас разумелі правільна. Каб Беларусь не ўспрымалі як частку Расіі — гэта тая інерцыя, якая склалася ўжо даўно: нібыта Беларуь згубіла свой суверэнітэт, бо Лукашэнка яго згубіў.

Але хоць Лукашэнка не мае легітымнасці і не мае ўлады, давайце не забывацца, што крыніцай улады ў Беларусі з’яўляеццца беларускі народ. І трэба гэты народ падтрымаць, каб ён мог адстаяць сваю незалежнасць.

Гаварылася і пра тое, што Лукашэнка стаў пагрозай для міру і бяспекі іншых краін, а разам з тым прынёс бяду ў наш уласны дом, і з гэтым таксама трэба штосьці рабіць. Самы кароткі шлях да перамогі Украіны — гэта дэмакратычная Беларусь, мы пра гэты гаворым ужо не адзін месяц і настойваем на тым, каб менавіта гэтая стратэгія вызначала палітыку па Беларусі ў краінах Захаду.

Але мы разумеем, што такія складаныя ідэі трэба прасоўваць настойліва, гэта не робіцца за адзін дзень, — таму выкарыстоўваем усе магчымасці. І НАТА ў гэтым сэнсе — прыкмета вельмі добраякаснай дыпламатыі. Трэба размаўляць з тымі структурамі, якія сапраўды ўплываюць на сітуацыю і могуць прыняць рашэнне.

Але заручэнне падтрымкай Альянсу не робіць праўдай той сцэнар, якім беларускі правіцель палохае сваіх прыхільнікаў — нібыта «апазіцыя і яе куратары плануюць захапіць Кобрынскі раён, аб’явіць новую ўладу і звярнуцца ў НАТА наконт уводу войскаў» (нагадаем, гэты апакаліптычны сцэнар Лукашэнка агучыў на нядаўнім «хурале» ўсебеларускага народнага сходу).

— Безумоўна, гэта нейкая бздура, выдумкі і фантазіі Лукашэнкі, які па-ранейшаму спрабуе стварыць вобраз знешняга ворага, нібыта Беларусі пагражаюць — ці з Украіны, ці з тэрыторыі краін НАТА, — гаворыць Кавалеўскі.

Але мы разумеем, што гэта ніяк не адпавядае рэчаіснасці і ніякіх знешніх пагроз для Беларусі не існуе, акрамя Расіі. А гэта тыя дзверы, якія адчыніў і трымае адкрытымі сам Лукашэнка, каб расіяне выкарыстоўвалі тэрыторыю Беларусі для сваіх праектаў, знешнепалітычных авантур альбо для таго, каб працягваць агрэсію супраць Украіны.

А таму — хто нясе пагрозу для нашай краіны? Найперш Лукашэнка, які прыводзіць новыя беды на нашу тэрыторыю.

Ці будзе агучаны ад Беларусі ўмоўны «пратакол аб намерах» датычна ўступлення ў будучыні ў НАТА? На сёння дыялог з Альянсам толькі распачынаецца, гаворыць Валер Кавалеўскі:

— Мы лічым, што нармальнай, здаровай знешняй палітыкай любой еўрапейскай дзржавы будзе ўсталяванне і падтрыманне здаровых, канструктыўных, узаемапаважлівых і ўзаемавыгадных адносінаў з НАТА, таму што гэта галоўны фактар стабільнасці і бяспекі ў Еўропе. І мы ідзем гэтым шляхам.

У адрозненне ад рэжыму, які ўдзельнічае ў «Партнёрстве дзеля міру», але цяпер яно прыпыненае праз удзел у вайне.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(7)