«Ахвяравала ўласным лёсам у вызначальны для Беларусі час». Рада БНР узнагародзіла Аляксандру Герасіменю медалём Ордэн Пагоні

Хто яшчэ з беларусаў атрымаў узнагароду.

У Беларускім Доме Варшавы адбылася цырымонія ўручэння ўзнагарод ад Рады БНР. Ордэнам Пагоні ўзнагародзілі палітыка Зянона Пазьняка, а таксама праваабаронцу, лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага, які цяпер знаходзіцца за кратамі, і яшчэ чатырох чалавек (палітвязняў і рэлігійных дзеячаў), імя якіх не апублічваецца ў мэтах бяспекі, паведамляе прэс-служба Рады БНР.

Акрамя таго, асобным дэкрэтам старшыня Рады БНР узнагародзіла Зянона Пазьняка найвышэйшай — камандорскай — ступенню Ордэна Пагоні «За надзвычайны асабісты ўнёсак на працягу ўсяго жыцця ў справу нацыянальнага адраджэння і аднаўлення Незалежнасці Беларусі».

Акрамя таго, медалём Ордэна Пагоні адзначаныя:

  • дырэктар Беларускага дома ў Варшаве Алесь Зарамбюк,
  • камандзір Палка Каліноўскага Дзяніс Прохараў і намеснік камандзіра Вадзім Кабанчук,
  • куратарка кніжнай калекцыі Бібліятэкі імя Скарыны ў Лондане Караліна Мацкевіч,
  • шматразовая чэмпіёнка свету і Еўропы па плаванні Аляксандра Герасіменя

і шэраг іншых беларусаў.

Уручаючы ўзнагароду Аляксандра Герасімені намеснік старшыні Рады БНР Сяргей Навумчык адзначыў:

— У нас ёсьць асобы, якія ўпісалі свае імёны ў хроніку сусветнага спорту; тагачасную славу некаторых з іх, як Мядзьведзя ці Корбут, ці Шчэрбы, напэўна, ужо не ўдасца пераўзыйсці. Але менавіта Аляксандра Герасіменя ўвойдзе (ужо ўвайшла) у гісторыю беларускай нацыі як першая спартоўка, першая алімпійская медалістка, якая ахвяравала ўласным лёсам у вызначальны для Беларусі час. І гэта ацэняць у той будучыні, дзеля якой ахвяравала Аляксандра, і ў якой будуць сапраўдныя падручнікі па гісторыі.

Даведка

Ордэн Пагоні быў зацверджаны 1 верасня 1949 года дэкрэтам прэзідэнта Рады БНР Міколы Абрамчыка і пазіцыянаваўся як працяг традыцый дзяржаўных узнагарод Рэчы Паспалітай і Вялікага княства Літоўскага.

24 лістапада 2022 года Рада БНР абвясціла пра абнаўленне Статуту Ордэна Пагоні і заснаванне Медаля Ордэну Пагоні.

Паведамляецца, што Ордэн Пагоні быў створаны «з мэтай ўзнагароджання выдатных цывільных ці вайсковых заслуг у часе вайны ці міру, зробленых для славы і на карысць Беларускага Народу». А сама ўзнагарода з’яўляецца «найвышэйшым ганаровым адзначэннем Беларускага Народу» і надаецца «асобам, якія выдатна спрычыніліся да здабыцця незалежнасці, задзіночання ўсіх беларускіх земляў, або да ўмацавання незалежнасці і росквіту беларускай дзяржавы».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(18)