ЗША ўводзяць санкцыі супраць чыноўнікаў адміністрацыі Лукашэнкі, афіцэраў КДБ і МУС

Дзярждэпартамент ЗША выдаў абноўленае распараджэнне, якое ўдакладняе катэгорыі асобаў, чые звароты па візы аўтаматычна становяцца аб’ектам спецыяльнага разгляду.

“Праз год пасля прыняцця Прэзідэнтам ЗША Джорджам Бушам Пракламацыі 8015 адносна Беларусі рэжым Аляксандра Лукашэнкі працягвае практыку зняволення і пераследу грамадзян за выказванні ў абарону дэмакратыі, правядзенне мірных дэманстрацый і выступленні супраць рэпрэсіўнай палітыкі рэжыму. Нягледзячы на тое, што мінулай вясной мела месца некаторае аслабленне рэпрэсіўных мераў, на працягу апошніх некалькіх тыдняў мы сталі сведкамі чарговага пагаршэння сітуацыі з правамі чалавека і дэмакратыяй у Беларусі”, -- гаворыцца ў заяве Амбасады ЗША ў Беларусі.

У адпаведнасці з вышэйазначаным, Дзярждэпартамент ЗША выдаў абноўленае распараджэнне ад 3 жніўня 2007 года, якое ўдакладняе катэгорыі асобаў, чые звароты па візы аўтаматычна становяцца аб’ектам спецыяльнага разгляду, як таго патрабуе Прэзідэнцкая Пракламацыя 8015. Пракламацыя, выдадзеная 15 мая 2006 года, прыпыняе ўезд у Злучаныя Штаты па іміграцыйных ці неіміграцыйных візах асобаў, адказных за палітыку альбо дзеянні, што пагражаюць працэсу пераходу да дэмакратыі ў Беларусі.

Згодна з абноўленым візавым распараджэннем, цяпер аб’ектам працэдур, вызначаных Прэзідэнцкай Пракламацыяй 8015, становяцца візавыя звароты наступных асобаў:

— чыноўнікаў узроўню намеснікаў міністраў і вышэй альбо прыроўненых да іх;

— генеральнага пракурора і яго намеснікаў;

— афіцэраў Міністэрства ўнутраных спраў у званні вышэй за падпалкоўніка;

— афіцэраў КДБ Беларусі ў званні вышэй за падпалкоўніка;

— супрацоўнікаў ідэалагічных аддзелаў Мінскага гарадскога і абласных выканкамаў;

— кіраўніка і намеснікаў кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта;

— членаў Цэнтральнай выбарчай камісіі;

— старшынь абласных выбарчых камісій;

— старшынь абласных і раённых судоў;

— старшыні Канстытуцыйнага суда;

— дырэктараў і намеснікаў дырэктараў дзяржаўных прадпрыемстваў;

— сужэнцаў пералічаных вышэй асобаў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)